З «Ляпісаў» вылупіліся два новыя гурты: Brutto і Trubetskoy

Гурт «Ляпіс Трубяцкой», як і было аб’яўлена ў сакавіку, сёння спыніў сваё існаванне. Але прадказальна такая вялікая каманда прафесіяналаў не сышла пакуль на пенсію. Чуткі пра два новыя праекты замест «Ляпісаў», якім споўнілася сёлета 24 гады, хадзілі ў музычным асяродку даўно. Сёння ў Сеціве з’явіліся сайты, песні і кліп аднаго з праектаў.

Праект Brutto

У склад новага праекту ўваходзіць Сяргей Міхалок, агулам у кліпе прадстаўленыя шэсць удзельнікаў Brutto Band, у ліку вядомы чэмпіён па тайскім боксе Віталь Гуркоў.

На сайце праекту выкладзены яго маніфест з вялікай колькасцю клічнікаў, капслоку і тэстастэрону.

BRUTTO-Брыгада Рэвалюцыйнага чаду і Творчага Адпору імя Арнэлы Муці!!! 

Стыль ART-BRUT!!! ХІТ-КОР!!! Панкаўскі пауэр-ліфцінг для дзяцей і вар’ятаў!!! 

Мы музычны Найк і паэтычная Ікея!!! 

Простасць !!! Гарантыя !!! Якасць !!! 

Нам няма калі пісаць мудрагелістыя тэксты і рабіць складаныя аранжыроўкі!!! Мы спажываем Усе радасці Здаровага і Свабоднага жыцця !!! 

Мы эпікурыйцы і нарцысы!!! А хуле??? 

BRUTTO — музыка стадыёнаў, Палацаў спорту, Лядовых Арэн і месцаў прыдатных для масавага збору людзей!!! 

МЫ супергурт ЕЎРАПЕЙСКАГА ЎЗРОЎНЯ 

Наш завышаны ганарар і завоблачны райдэр абумоўлены нашай беспадобнасцю і мільёнамі фанаў ва ўсім свеце !!! 

МЫ ПРЫЙШЛІ І ЎСІМ ПІЗДЗЕЦ !!! 

FUCK THE REST

Праект Trubetskoy

Не выпадкова ў назве праекту прысутнічае кавалак ад першаснай назвы «Ляпісаў», бо выглядае, што Trubetskoy стаў непасрэдным нашчадкам «Ляпіса Трубяцкога» з акцэнтам на першы перыяд жыцця гурта. У складзе новага гурта няма Сяргея Міхалка, на вакале - Павел Булатнікаў.

На сайце Trubetskoy.me змешчанае такое тлумачэнне.

Trubetskoy - беларускі супергурт, у склад якога ўваходзяць былыя ўдзельнікі калектыву «Ляпіс Трубяцкі»: вакаліст Павел Булатнікаў, гітарыст Руслан Уладыка, бубнач Аляксандр Старажук, а таксама гітарыст Павел Трацяк («J: морс», «Крамбамбуля») і басіст Аляксандр Мышкевіч («J:морс», «Без Білета», «Крамбамбуля», Chiefsband).

Будучы правапераемнікам «Ляпісаў», група Trubetskoy плануе выконваць і старыя песні гурта (падвергнуўшы іх даволі сур'ёзнаму творчаму пераасэнсаванню), і новы матэрыял, праца над якім ужо пачалася.  

Першым сінглам, які выпускае група Trubetskoy, стала песня «Ластаўка». Яна знаёмая фанам «Ляпісаў», паколькі час ад часу выконвалася на канцэртах групы, але пры гэтым, нягледзячы на просьбы тых жа фанаў, так і не была запісаная ў студыі і не выходзіла на альбомах «ЛТ». Trubetskoy вырашыў выправіць гэтую несправядлівасць і зрабіць сваю версію «Ластаўкі» для праекту «Lyapis Crew: ТРУбьют».

На сайце праекту Trubetskoy ужо заяўленыя некалькі выступаў на фестывалях і сольныя канцэрты, у тым ліку прэзентацыі «ТРУбьюта» «Ляпіса Трубяцкога».


Ягор Канапкін 00:04, 01.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0436 seconds.