Фэст Open’er 2013 у Польшчы: беларусы паказалі палякам шлях да сонца

Што адбываецца, калі 85 тысяч маладых людзей на пяць дзён збіраюцца разам, каб слухаць музыку, таньчыць, спяваць, глядзець кіно, сучасны арт, тэатр, жыць у намётах, урэшце, проста піць піва на траўцы — карацей, адрывацца любымі даступнымі спосабамі. Адказ просты: адбываецца адзін з самых крутых фэстаў Цэнтральнай Еўропы, у якім беларусы нечакана для саміх сябе паставілі тлустую залатую кропку. Пра гэта Generation.by з польскай Гдыні, дзе з 3 па 6 ліпеня праходзіў фестываль Open’er.

Пераехаўшы ў курортную Гдыню на ўзбярэжжы Балтыкі з паглыбленай у смог Варшавы ў 2006, фестываль Open’er ператварыўся ў адну з тых падзей, што варта пазначыць прыярытэтнай для наведвання любому, хто цікавіцца сучаснай амерыканскімі і брытанскімі музычнымі трэндамі і пры гэтым не мае магчымасці вандраваць па тамтэйшым фэстам.

Glastonburry па-польску

Тут усё патыхала духам глабалізму: ад дамінуючых ірландскіх сцягоў у гіганцкім горадзе з намётаў на подступах да 3 асноўных і яшчэ 2 дадатковых фестывальных сцэнаў да шматлікіх брытанскіх і амерыканскіх лідэраў чартаў, што спускаліся з самалётных трапаў амаль адразу да сцэны Open’er пасля выступаў на фэстах кшталту Glastonburry і Rock Werchter. Да прыкладу, хэдлайнеры першага дню Arctic Monkeys прывезлі амаль аналагічнае шоў таму, што за пяць дзён да гэтага ў якасці хэдлайнераў адыгралі на сцэне «Піраміда» на буйнейшым фэсце Еўропы Glastonbury.

Модныя тэндэнцыі прасочваліся не толькі з гіганцкіх калонак, усталяваных там і тут на вялізным, даўжынёй амаль у 3 км былым вайсковым аэрадроме, але і праз шматлікія гандлёвыя і забаўляльныя шапікі, раскіданыя паміж сцэнамі. Вось «экаторбы», адзначаныя прызам на тым самым Glastonburry, побач — вялізны намёт з няспынным дэфіле навінак моды, далей — бібліятэка з лозунгам «бяры што хочаш і не вяртай, але, галоўнае, чытай». Адразу тут жа раздавалі хіпсцерскія сонечныя акуляры ў ружовай ці зялёнай аправе: пэўна, каб не забываліся, што чытаць шмат гэтаксама шкодна, як і не чытаць зусім.

Агулам, Open’er настойліва go green, як тое цяпер робіць шмат хто з буйных арганізацый (нават назоў для гэтага прыдумалі адмысловы — грынвошынг). І зайшоў фэст на гэтым зялёным шляху да таго, што прымусіў маладых людзей пераадольваць кіламетровыя прамежкі паміж фестывальнымі зонамі ў пошуках пластыкавых стаканчыкаў. За 50 такіх абавязковых атрыбутаў піўных фэстаў давалі яшчэ адну хэнд-мэйд (прычым тваімі ўласнымі рукамі) торбу, а за 100 — зялёны (а які яшчэ?) плед. Зрэшты, татальнага вошынгу не выйшла: тактыка на збор стаканчыкаў не моцна дапамагала пазбавіць пляцоўку фэсту ад смецця, што асабліва добра праяўлялася напрыканцы дню. Акрамя стаканчыкаў на фэсце канвертавалася ўласная валюта («боны» — толькі за іх акрамя электронных, зрэшты, таксама ўласных картак, можна было нешта набыць).

Усе, хто чакае, рана ці позна атрымлівае шанец займець чаканае. Гэтак можна было сказаць пра першы дзень фэсту, калі брытанцы Blur выйшлі на сцэну Open’er, абвясціўшы, што ехалі да Польшчы 23 гады. І адразу ж прыгадалі свае падлеткавыя часы, калі будучыя зоркі, а тады ціны, з уражаннем назіралі за палітычным супрацьстаяннем «Салідарнасці» і камуністычнага рэжыму тут, у некалькіх кіламетрах ад фэсту ў Гданьску. Палякі цікаўнасць да ўласнай гісторыі ацанілі, зрэшты, як і ўвесь прыкладна 20-песенны сэт.

Другі дзень Open’er бясспрэчна ўзарваў на другаснай сцэне артадаксальны іудзейскі рэпер з ЗША Maticyahu, новы імідж якога без пэйсаў і іншых атрыбутаў сур’ёзнай рэлігійнасці дазваляе засяродзіцца не на візуальным вобразе, а непасрэдна на выдатным музычным матэрыяле. Хаця рэгімэн узяў найперш не ім, а ходам, які прымусіў, мабыць, пасівець некаторых ахоўнікаў сцэны: у пэўны момант Maticyahu запрасіў увесь натоўп у некалькі тысяч чалавек, што слухалі яго, непасрэдна да сябе. Другога запрашэння народу не спатрэбілася, і ён вырваўся на сцэну, не пакінуўшы на ёй жывога месца.

Былі на фэсце і ўжо знаёмыя беларусам па бліжэйшых фестывальных сцэнах гурты, такія, напрыклад, як Skunk Anansie. Салістка апошніх Skin, як і тры гады таму на Be2ghether у некалькіх сотнях метраў ад беларускай мяжы брала сваёй бязмежнай харызмай, разліваючы яе па натоўпу ўласным стэйдждэйвінгам і акрабатычнымі прыёмчыкамі кшталту хаджэння па руках.

Што рабіць суперзорцы на балтыйскім курорце?

Але сёлетні Open’er апынуўся заўважаным ў сусветных медыях найперш не дзякуючы выдатнаму музычнаму матэрыялу і зусім не праз нябачныя маштабы (тым больш што маштабы могуць уразіць, напрыклад, беларуса ці літоўца, але не ангельца з ягонымі 173 летнімі фэстамі). Некалькі гадзін адпачынку, што дазволіла сябе спявачка Рыяна ў суседнім Сопаце, далі нагоду для нядзельных таблоідаў пацешыць чытачоў смачнымі падрабязнасцямі некалькіх фэйлаў зоркі.

Што прымусіла самую прадаваемую «каляровую» спявачку ЗША шукаць шчасце на забітым як мурашніку адным з самых папулярных пляжаў Польшчы у разгар сезону адпачынкаў, застаецца таямніцай. Ці то сусветная суперзорка спадзявалася схавацца за спінамі плячыстых ахоўнікаў на ўскрайку, як здаецца з Лос-Анджэлесу, свету, ці то спявачка не знайшла іншай забавы ў мільённай агламерацыі. Але прыхільнікі адразу пазналі Рыяну на пляжы па знакамітым тату пад грудзямі, троху прыкрытымі белым бікіні — тую самую дзіву з Барбадосу, канцэрт якой мусіў трыумфальна завершыць Open’er.

Фэст сапраўды завяршыўся аншлагавым у 50-тысяч наведвальнікаў канцэртам Рыяны. Аднак перад ім спявачка паспела засвяціцца на відэа, у якім дзіву (у загалоўках газет на наступны дзень сустракаліся такія выразы, як «цалкам п’яную») выводзілі з-пад сцэны дужыя хлопцы. Зрэшты, над апошнім фактам варта ўсё ж троху пасумнявацца: каб напіцца фактычна адзіным алкагольным напоем — лёгкім «фестывальным» півам ад галоўнага спонсару фэсту, даступным тут, — трэба было вельмі пастарацца. Верагодна, Рыяну проста п’янілі класічна стадыённыя амерыканцы Kings of Leon, выступ якіх яна гэтак бясслаўна і пакінула.

Але яшчэ перад тым, як ахінуцца ў энергію 40-тысячнага натоўпу, які сабралі Kings of Leon, Рыяна троху патанчыла пад маладую зорку мінулага Grammy Miguel. Ён, на жаль, не карыстаўся асаблівай папулярнасцю ў астатняй часткі публікі, нягледзячы на спробы імітаваць на сцэне нешта накшталт аргазму. Адсутнасць цікаўнасці да мігелеўскіх забавак і баладаў пра каханне лёгка тлумачылася паралельным выступам электронных хіпароў Crystal Fighters. Лонданскія электронныя постхіпі відавочна прыйшліся наведвальнікам фэсту даспадобы. «Мы толькі што з Лос-Анджэлесу», — дзяліўся ўражаннямі ад кар’ернага ўзлёту гурту вакаліст Crystal Fighters, доўгавалосы і барадаты, амаль Хрыстос, Себасцьян Прынгл.

Беларускі выхад

Відавочна, тую ноч 25-гадовая суперстар Рыяна правяла ў гатэльным нумары, з-за чаго прапусціла не менш важную, на нашу думку, падзею за выступы Miguel і Kings of Leon. Прыкладна праз 2 гадзіны, як «п’яную» Рыяну вывелі з віп-зоны, і роўна за 2 гадзіны да світанку на другой па памерах сцэне Open’er ва ўсіх хвалях пражэктараў стаяў, бадай, самы знакаміты афрабеларус свету Андрусь Такінданг разам з гуртом «Гаротніца». 

«Гаротніцу» выбралі самі арганізатары фэсту з яшчэ 50 беларускіх гуртоў (і як паказаў выступ, недарэмна), якія ім прапанавалі польскія прадусар Ігар Знык і мастак Павал Альтхамер. Апошні адзначыўся ў Менску яшчэ год таму, калі агаломшыў заспаную летнюю раніцу беларускай сталіцы шэсцем «залатых чалавечкаў» — дзясяткаў людзей, апранутых у залатыя касцюмы, што ў чатыры гадзіны раніцы спакойна прайшліся па галоўным праспекце гораду, не сустрэўшы ніводнай заўвагі з боку міліцыі. Тады «залатое шэсце», якое пасля Альтхамер паўтараў па ўсім свеце, дабраўшыся з ім нават да Сахары, было прывязанае да прэм’еры песні «Прамень» у выкананні «абрэзанага» N.R.M. без Лявона Вольскага. Цяпер N.R.M. (тут варта для яснасці дадаваць нешта кшталту «N.R.M. -1») выйшлі ўжо на сцэну Open’er, дзе пасля «Гаротніцы» сыгралі сімвалічныя пяць кампазіцый (апошнюю «Прамень» — ў залатых касцюмах). На Open'er непасрэдна ж высветлілася, што промні і сонечная тэма агулам — гэта ўсё да пытання свабоды ў Беларусі.

«Цяпер мы ідзем на мора сустракаць сонца!» — на сцэне з’явіўся аўтар ідэі беларускага дэсанту ў Гдыні Павал Альтхамер у гэткім самым залатым касцюме, у якім гуляў па Менску роўна год таму. Недзе на ўсходзе над галовамі некалькіх дзясяткаў беларусаў і тых, хто ім спачуваў і дажыў да апошняй гадзіны апошняй песні апошняга гурту фэсту (усе папярэдне атрымалі па залатым касцюме), баязліва пачаў займацца дзень. І праз паўгадзіны, калі ўсе ўжо дабраліся да не менш залатога за іхнія касцюмы пляжыку на моры, сонца сапраўды ўзышло. Пэўна, найлепшае сонца гэтага фестывалю.

Фотаздымкі: Юля Fox,
болей здымкаў — у фотаблогу.


Алесь Герасіменка 12:00, 11.07.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0539 seconds.