Паша Вінаградаў. Не ведаю, кім я стану — галоўнае, харошым чалавекам і ў кедах

Цырульнік і майстар па манікюру Павел Вінаградаў у 25 год мае 14 адміністратыўных арыштаў і 2 крымінальных. Як патрапіць на размеркаванне, не давучыўшыся і аднаго курсу педагагічнага ўніверсітэта, што агульнага ў жыцці беларускага палітычнага актывіста і дальнабойшчыкаў — у размове з новым героем серыі Generation.by «Кім я стану, калі вырасту».

«Не, Вінаградаў, сядзі»

Падчас навучання быў такі паказальны момант, які характарызуе ўсю нашу дзяржаву. Нас не выпускалі пасля вучобы: проста не аддавалі курткі з гардэроба. Я пачынаю злавацца: што такое, выкладчыкі маўчаць, а вучні кажуць, маўляў, таму што мітынг сёння. Я думаю, які нафіг мітынг, я хачу дадому паесці і паспаць. Сур’ёзна, тады вельмі хацелася есці і спаць. Пайшоў да куратара, потым да намесніка па выхаваўчай працы, усе кажуць: «Не, Вінаградаў, сядзі». Я тады сам пайшоў у гардэроб, адчыніў дзверы, узяў куртку, гардэробшыца нешта крычыць, але я быў такі злы, што не звяртаў увагі. Я ж пайшоў за сваёй курткай, у рэшце рэшт, маю права. Але паехаў я тады не дадому, а на той мітынг — на зло. Мне стала цікава, што там такое адбываецца, што мне нельга паехаць дадому. Прыйшоў, гляджу нейкія людзі, нейкія лозунгі, ну мне гэта было нецікава і я паехаў адразу дадому. Прыязджаю, а па тэлевізары ўжо паказваюць, як іх там разагналі, даволі жорстка. Думаю: «Ніхрана сабе, нармальныя людзі, нічога там такога не было». 

Фігурнае катанне, музычная школа, як сапраўдны мужык

Не сказаць, што я быў моцна паслухмяным, нягледзячы на тое, што ў мяне 7 гадоў «ад званка да званка» музычнай школы па класу фартэпіяна. Я яшчэ дырыжыраваў хорам. Бацькі абсалютна беспардонна запёрлі мяне туды, каб не бадзяўся па вуліцы. Фартэпіяна ненавіджу дагэтуль. Таксама хадзіў на фігурнае катанне чатыры гады, хоць па мне і не скажаш. Фігурнае катанне, музычная школа, як сапраўдны мужык :)

Непазбежнае зло

У прынцыпе, хоць мая жонка і кажа, што немагчыма прызвычаіцца да затрыманняў, я так гляджу, што яна ўжо звыклася. Я сам сабе тлумачу гэта так: ёсць людзі, якія некалькі месяцаў не бываюць дома, яны ездзяць у камандзіроўкі, напрыклад, дальнабойшчык, дык ён яшчэ і нешта едзе. А я: сядзі ды чытай, хадзі, спі. І мяне няма дома, і яго няма. Я так гэта тлумачу, што такая праца ў мяне. Непазбежнае зло.

14 адміністратывак і 2 крымінальных

Без уліка году цяперашняга прэвентыўнага нагляду, я адсядзеў агулам амаль год. У мяне 14 адміністрацыйных арыштаў і 2 крымінальных. 

Пантаваўся перад дзяўчынай

У палітычную дзейнасць я патрапіў, як гэта звычайна бывае, так: пантаваўся перад дзяўчынай, аднагрупніцай. Быў гарачы 2006 год, і я ёй сказаў, што таксама паўдзельнічаў бы. А ў яе апынуўся брат у «Зубры», у брата сяброўка ў Менску і гэтая сяброўка мне ўжо тэлефануе: «Я там чула, ты хацеў паўдзельнічаць». Адмаўляцца было позна. 

Не ведаю, кім хацеў бы стаць

Помню хацеў стаць таксістам, а больш асабліва і нікім. Ды я і зараз не ведаю, кім. Тады падабалася кіраваць машынай, ён сам сабе галава: хоча працуе — хоча не працуе. 

Моцныя рабяты амапаўцы

Цяпер я пачынаю разумець, што ў школе трэба было вучыць англійскую, гісторыю і фізкультуру. Гэта тое, што мне цяпер вельмі патрэбна. Бывае, што трэба адбіцца альбо камусьці дапамагчы, а амапаўцы такія моцныя рабяты. Плюс фізічная сіла ўпэўненасці дадае. 

Манікюр раблю выключна жонцы

Пасля дзявятага класа пайшоў вучыцца (не ведаю, навошта) на цырульніка. Хацелася вельмі са школы сысці, няважна куды. А я разумеў, што на цырульніка я паступлю, бо там адзіны іспыт быў — матэматыка. У дыпломе ў мяне напісана «майстра па манікюру», «цырульнік» і чамусьці напісана «прадпрымальнік». Стрыжкі раблю шмат каму, а вось манікюр выключна жонцы. 

Гэта такая праца, дзе п’юць

У мяне была вельмі добрая школа, а потым без падрыхтоўкі паступіў у педагагічны, нягледзячы на тое, што пасля сканчэння школы прайшло шмат часу. Але на першым курсе мяне выгналі. Сказалі: «Ууууу, Вінаградаў, мала таго, што ты першы судзімы ў нас ва ўніверсітэце, дык ты яшчэ судзімы па такім артыкуле». Згодна з выракам суда, я мусіў адпрацаваць два гады, ну можна называць і гэткім «размеркаваннем». І я пайшоў пасля доўгіх пошукаў слесарам. Гэта было жахліва, 9 месяцаў трымаў. Хаця адносна весела, пітушчы калектыў, я там таксама выбіваўся, бо зусім не піў. У іх гэта нармальна: гэта такая праца, дзе п’юць, ніхто не лічыць гэта нечым надзвычайным. Затое цяпер магу каму-небудзь штосьці заварыць ці заслясарыць. 

Рамантычны герой усіх рамантычных кіношак

Падчас першага затрымання я сябе паводзіў як рамантычны герой усіх рамантычных кіношак: на акцыі па адмене ільготаў прыехалі мянты і гляджу: яны ўжо дзяўчыну круцяць. Думаю: «Трэба дапамагчы». Выратаваў і сам сеў на пяць сутак. Цяпер яна мая жонка. 

Не трэба кідацца да першага аўтамата

Першыя грошы выйграў у карты. Я памятаю, што я ўвесь час гуляў у карты, пакуль не прайграў вельмі сур’ёзна. Я такі азартны чалавек, у гульнявыя аўтаматы захаджваю. У мяне ёсць свая сістэма: шмат грошай з сабой не бяры, не трэба кідацца да першага аўтамата, трэба пахадзіць, паглядзець, колькі хто грошай уклаў, колькі забраў, дзе дастаюць грошы, дзе — не. 

Мужчынская квінтэсэнцыя

Маімі героямі былі ўсялякія бэтмены, яны для мяне ў пэўнай ступені рэальныя, гэткая мужчынская квінтэсэнцыя. 

Татушка зубра

18 снежня 2010 для падняцця баявога духу набіў сабе татушку зубра. Чаму «Зубр» распаўся, я так і сам не разумею, але ж людзі засталіся, і харошыя людзі. І дух зуброўскі застаўся. Мне падаецца, тады было ўсё неяк больш правільна. Гэта, па-першае, знак адрознення, па-другое, гэта была лепшая моладзевая арганізацыя. 

Грёбаны мэйнстрым

Мне часам падаецца, я болей падобны на астатніх, чым адрозніваюся. Па-другое, можа гэта нават і лепей быць падобным. Усе чамусьці хочуць быць не такімі як усе, неяк выдзяляцца — дык гэта ўжо грёбаны мэйнстрым. Насамрэч, можа толькі 5% адрозніваюцца ад астатніх, і нешта я не бачу, што яны шчаслівыя, таму што адрозніваюцца. Я баюся тых жа рэчаў, што і ўсе, мне хочацца таго ж, як і усім.

Не хаджу голым па вуліцы, хаця мне хочацца

Грамадства дыктуе этычныя нормы, нормы паводзін. Я не хаджу голым па вуліцы, хаця мне хочацца, бо маветон. Калі спякотна на вуліцы, то вельмі хочацца, а чаму б і не?! Грамадства вучыць, што добра, што дрэнна. І гэта мне не падабаецца, чалавек не сам абірае, а грамадства яму кажа. У нас кансерватыўнае стромнае грамадства, на якое мне не хочацца быць падобным. Але я падобны і я імкнуся нешта зрабіць, каб адрознівацца.

Турмы і пасадкі — гэта нешта накшталт семінара па павышэнні кваліфікацыі

Усе гэтыя мае турмы і пасадкі — гэта расшырэнне кругагляду. Ясна, што, калі ты трынаццаты раз сядаеш па адміністратыўцы — табе нічога новага. Але ў прынцыпе спачатку гэта вельмі дысцыплінуе і арганізоўвае. Ты глядзіш на сябе з боку, як ты паводзіся ў розных сітуацыях, глядзіш, як лепей, робішся ўпэўненым у рэшце рэшт. Гэта навучанне, як бы гэта сказаць, нешта кшталту семінара па павышэнні кваліфікацыі, агульначалавечай. Ходзіць ж народ на НЛП. Трэба навучанне выцягваць з розных месцаў: можна на трэнінгі па НЛП хадзіць, ну а, калі так склалася, то можна навучацца і падчас затрыманняў. 

Вар’яцкі тамада і свята бухла

Вельмі адмоўна стаўлюся да вяселляў. Вось гэтае «шчасця-здароўя», гэты вар’яцкі тамада, гэтае свята бухла, хтосьці з кімсьці б’ецца, так гэта ўсё выбешвае. А штампы ў пашпарце не разумею, навошта. Гэта можа гучаць страшна пафасна, але калі няма кахання, то ніякія штампы не ўратуюць, гэта нейкія эфемерныя гарантыі. Калі б не турма і нашая дзяржава не ігнаравала б інстытут грамадзянскага шлюбу, мы б не пабраліся шлюбам. Таму што ў адваротным выпадку нам бы не далі спатканне. 

Невуцкі малалетка-цырульнік

Увесь час узнікае жаданне ўсё кінуць, але ж ёсць сіла волі, ці нешта накшталт гэтага, нейкія прынцыпы. Па-першае, калі вядома загадзя, што бой прайграны, гэта не значыць, што ты не мусіш ваяваць. Мяне ліслівіць тое, што я ім не падабаюся, што яны столькі ўвагі звяртаюць на невуцкага малалетку-цырульніка, інакш яны б мяне так часта не «закрывалі». 

Альбо кітайская альбо англійская

Беларуская мова — гэта выдатна, але па-расейску прасцей. Я ў прынцыпе напэўна за тое, каб на зямлі была адна мова, было б нашмат прасцей у плане камунікацыі. Самая папулярная кітайская, самая міжнародная англійская, таму альбо кітайская альбо англійская. 

Індыкатар даросласці

Не ведаю, кім буду ў будучыні, галоўнае, харошым чалавекам і ў кедах. Бо кеды — маладосць, не сур’ёзныя дзядзькі ў пінжаках, што раздзімаюць шчокі, мяне проста трасе ад аднаго іх выгляду. Усё мусіць быць проста. Я малады, кроў «віруе», спадзяюся і далей будзе віраваць. Пабіла б мае скроні сівізна, можа бы і не займаўся б гэтым, але я спадзяюся, што займаўся бы. Ну прынамсі займаўся б чым-небудзь вясёлым, не хочацца мне старэць, таму напэўна і не буду. Можа мне ўнутры і 15, усё лёгка, усё проста, непатрэбны ніякі залішні камфорт. Хаця з іншага боку, нават калі б не нагляд, я б на флэты на ноч ўсё роўна не ездзіў бы. Нават калі п’ю дзе-небудзь, колькі не было б часу, заўсёды выклікаю таксі і ночу дома. Нават, калі б не міліцэйскі нагляд. Вось, напэўна, індыкатар даросласці. 

Аўтаспын, хостэлы — гэта ўсё не пра мяне

Турызм аўтаспынам, хостэлы — гэта ўсё не пра мяне. Я лянівы вельмі, люблю, каб былі грошы, каб я пайшоў, зняў гатэль, каб ведаў, што мне па-любому хопіць даехаць дадому. Я не разумею прыгод стаяць на шашы з вялізарным заплечнікам, ночыць у палатцы, хіба гэта прыгоды?! Я люблю не глядзець на цэннікі, вось такі камфорт люблю. 

Грошай мала, навокал мянты

З усіх гарадоў, дзе быў, мне больш за ўсё падабаецца Менск. Але грошай мала, навокал мянты.  Я — дзіця гарадскіх джунгляў, жыць на хутары не змог бы. 

Калі я нешта не зрабіў, гэта толькі таму што я вельмі лянівы

Шкадую, што не пайшоў вучыцца на праграміста, бо я і ў гэтым стромным горадзе сябе някепска адчуваў бы. Але галоўнае — не чытаць навіны, калі б пачаў чытаць навіны, усё адно ўляцеў бы ў якія-небудзь гісторыі кшталту цяперашніх. Можна было б фрылансіць і сядзець спакойна. Не пайшоў, бо лянівы. Увогуле, калі я нешта не зрабіў, гэта толькі таму што я вельмі лянівы. Але ж я ўжо абраў дарогу і рухаюся па ёй. Калісьці ў мяне быў перапынак паўгадавы. Тады я стаміўся, мне ўсё надакучыла, не бачыў ніякіх перспектыў, сябе не бачыў. Цяпер я адпачыў, мне не ўсё надакучыла і я сябе неяк бачу, бачу перспектывы. Я ж зараз знакамітая асоба, вунь дзеду майму наліваюць у Беразіно. Толькі  дзеля гэтага варта было займацца ўсім гэтым :)


Наста Darteco 12:40, 20.05.2013 | Кім я стану, калі вырасту |


Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


comments powered by Disqus
 
In 0.0736 seconds.