Фільм «Простыя словы»: як жывуць беларускамоўныя ў Беларусі

На YouTube з’явілася дакументальная стужка «Простыя словы», што распавядае гісторыі некалькіх «незвычайных беларусаў» — «тых, хто размаўляе па-беларуску». Ад падобных прадуктаў, прысвечаных гаротнаму стану ўсяго, што толькі можна знайсці ў Беларусі, фільм станоўча адрознівае ягоны настрой. Больш пазітыўных стужак пра беларускую мову YouTube, бадай, яшчэ не бачыў.

Героі «Простых словаў» ходзяць у менскія кавярні, кіёскі, тэлефануюць у ЖЭСы і «абломваюць» няшчасных камунальнікаў і афіцыянтак слоўцамі кшталту «асадка» і «гарышча». А таксама распавядаюць просты гісторыі ўласнага «прыходу» да беларускай. Нехта з іх займаецца мадэльным бізнесам, нехта ходзіць у рыцарскі клуб, а нехта проста прыехаў з Лунінца. Карацей, як пішуць стваральнікі фільма, стужка пра «малады ды таленавітых беларусаў, якія не хочуць, каб іх жыццё абмяжоўвалася толькі сытым страўнікам і льготным крэдытам».

«Мне, калі ласка, блакітную асадку!» — дзяўчына ў філіялетавай куртцы спрабуе набыць у шапіку «Белсаюздруку» неабходную кожнаму школьніку рэч.

«Вы мне скажыце пажалуйста, што такое асадка? Ручка, сцержэнь?» — як высвятляецца, прадавачка ў кіёску не адрозніваецца вялікай ветлівасцю.

«Асадка, ёй пішуць! Ну вось яна, аўтаматычная!» — студэнтка місіянерскай ўпартасцю спрабую патлумачыць жанчыне смак беларускай.

«А вы што, рускага языка не знаеце?» — жанчына не разумее памкненняў дзяўчыны і пачынае наязджаць.

«А вы што, беларускай мовы не ведаеце?» — першы дыялог фільму перарываецца, але месца смаку зразумелае.

Як кажа аўтар і рэжысёр фільму Павал Доўнар, «фільм некамерцыйны. Увесь бюджэт пайшоў на кактэйль з трускалак, блакітную асадку і аплату тэлефонных перамоваў з ЖЭСам».

«За сваю беларускасць у Беларусі цябе могуць абразіць, — бадзёрым голасам кажа голас за кадрам. — Але гэта не падштурхнула змяніць погляды».

Сканчаецца стужка разгадкай пытання аб тым, што за трэк суправаджаў увесь фільм. Як высвятляецца, за музычную атмасферы мы мусім быць абавязаныя Vinsent’у, чыя кампазіцыя завяршае стужку вечнай парадай:

«Трэба пачаць. А пачынаць трэба з сябе».

«Простыя словы» — фільм для тых, хто стаміўся ад негатыву, які найчасцей суправаджае «простыя словы роднай мовы». І хоча зрабіць «глыбокі ўдых-выдых». Разам з Vinsent’ам і іншымі героямі паралельнай Беларусі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.