Сярод намінантаў на прэмію «Дэбют» нецэнзурныя ды лесбійскія вершы
Журы літаратурнай прэміі «Дэбют», якая была заснаваная ў 2010 годзе, склала шорт-ліст намінантаў. У яго ўвайшлі 9 маладаых літаратараў ва ўзросце да 35 гадоў, што выдалі летась сваю першую кнігу. Сярод магчымых пераможцаў у намінацыі «Паэзія» 28-гадовы паэт Андрэй Адамовіч з кнігай вершаў «Дзень паэзіі смерці дзень», які актыўна выкарыстоўвае ў сваёй творчасці абразлівыя ды нецэнзурныя словы. Трапіла ў шорт-ліст і скандальная кніга пра аднаполае каханне журналісткі Насты Манцэвіч «Птушкі». У намінацыі «Проза» прафесійная варажбітка Юлія Шарова з кнігай «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік», Ксенія Шталянкова з гістарычна-прыгодніцкім раманам «Адваротны бок люстра» ды Андрэй Пакроўскі, які расчараваўся ў Дзедзе Марозе, у выніку чаго трапіў яшчэ і ў лонг-ліст прэміі Гедройца.
Намінанты на прэмію «Дэбют-2012»
Паэзія:
- Андрэй Адамовіч. Дзень паэзіі смерці дзень. Мінск: Логвінаў.
- Кацярына Макарэвіч. Соль і неспакой. Мінск: Галіяфы.
- Наста Манцэвіч. Птушкі. Мінск: Логвінаў, серыя "Кнігарня Пісьменніка" / "Пункт адліку").
Проза:
- Андрэй Пакроўскі. Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза. Мінск: Логвінаў, серыя "Кнігарня Пісьменніка" / "Пункт адліку").
- Юлія Шарова. Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік. – Электроннае выданне.
- Ксенія Шталянкова. Адваротны бок люстра. — Мінск: Логвінаў.
Пераклад:
- Святлана Богуш / Рудольф Слобада. Розум. Мінск: Зміцер Колас.
- Павел Рааго / Жо Лангерава. Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л. Мінск: Зміцер Колас.
- Ганна Янкута / Чарлз Дыкенс. Калядны харал. Мінск: Зміцер Колас (электронная кніга).
Узнагароджанне адбудзецца ў Сусветны дзень паэзіі, 21 сакавіка.
У 2010 годзе прэмію атрымалі: Віталь Рыжкоў (Паэзія), Наталка Харытанюк (Проза), Вольга Цвірка і Наста Лабада (Мастацкі пераклад). У 2011 годзе былі ўзнагароджаны: Антон Францішак Брыль (Паэзія), Віктар Марціновіч (Проза), калектыў электроннага часопіса «ПрайдзіСвет» (Мастацкі пераклад).
Фотарэпартажы з узнагароджванняў мінулых гадоў: «Дэбют»-2010 і «Дэбют»-2011.