Microsoft рыхтуе беларускі пераклад для Office

Але праверкі правапісу ў ім хутчэй за ўсё не будзе.

Карпарацыя Microsoft выпусціць моўны дадатак да свайго пакету Office, які беларусізуе інтэрфейс найбольш папулярных складаючых пакету: Word, Excel, PowerPoint і некаторых іншых. Аднак поўнага перакладу гэтак сама як і праверкі правапісу чакаць пакуль не варта. Раней беларуская мова з’явілася ў інтэрфейсе новай версіі Windows.

Учора распачаліся сусветныя продажы пакету Microsoft Office 2013. У хуткім часе ён мусіць займець і беларускамоўны інтэрфейс. Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйным блогу кампаніі:

«Мы шчыльна супрацоўнічаем з нашымі партнёрамі па Windows, рыхтуючы 13 абсалютна новых моваў як частку пакету моўнага інтэрфейсу для Office», — піша Джуліан Пэрыш, які адказны ў кампаніі за каардынацыю моўных версій і рынкавых стратэгій офісных аплікацый Microsoft.


Мовы дададзеныя ў новы MS Office

Паводле Пэрыша, моўныя пакеты дазволяць перакласці меню і іншыя часткі інтэрфейсу некалькіх найбольш папулярных прадуктаў, якія ўваходзяць у Office: Excel, OneNote, Outlook, PowerPoint і Word. Акрамя беларускай у спіс моваў, што цяпер будуць часткова даступныя ў Office, трапілі «мовы, якім надаюць перавагу групы карыстальнікаў «з рынкаў, што развіваюцца», у тым ліку валенская, таджыкская, курдская і чароцкая (гэта мова індзейцаў у ЗША).

Праверкі правапісу не будзе?


Так выглядае беларускамоўны інтэрфейс Windows 8

13 новых моваў пашыраць колькасць моўных пакетаў Microsoft Office да 106. Аднак правяраць правапіс словаў і пунктуацыю можна далёка не ва ўсіх з іх. Гэтак, сёлета яшчэ 3 новыя мовы — малазійская, інданезійская і в’етнамская — атрымалі ўласныя пакеты праверкі правапісу, што давяло колькасць моваў, што цалкам падтрымліваюцца, да 50. Беларуская ў іх лік пакуль не ўваходзіць.

Таму правапіс беларускай, гледзячы па ўсім, у Microsoft Office праверыць можна будзе яшчэ не хутка. Прыкладна па той самай схеме Microsoft паступіў і ў выпадку з перакладам апошняй версіі аперацыйнай сістэмы Windows, аблегчаная беларускамоўная версія якой з’явілася месяц таму.

Беларускамоўны пакет Windows 8 пакуль уключае не поўны пераклад сістэмы меню і службовых паведамленняў. Таму для таго, каб мець «беларускамоўны віндоўз», неабходна ўсталяваць хаця б яшчэ адну «асноўную» моўную версію, напрыклад, ангельскую ці расейскую.

Моўны дадатак стане даступным у 2013 годзе і будзе працаваць на аперацыйных сістэмах Windows 7 і Windows 8, а таксама ў онлайн сервісах Office Web Applications. Тым часам продажы новай версіі Офісу ўжо стартавалі. Дадзеных аб тым, што ў новы пакет уваходзіць беларуская, пакуль няма. Гэтак сама адпаведны моўны пакет пакуль адсутнічае на сайце кампаніі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.