«У беларускамоўнага мусіць быць толькі адна праблема: няма клявіятуры для iPhone»

Адказ студэнта механіка-матэматычнага факультэту і заснавальніка краўдсорсінг-праекта Talaka.by  Яўгена Клішэвіча на эсэ Стасі Тэкоўскай «Чаму мне абрыдла быць беларускамоўнай»

У байнэце рэгулярна ўсплываюць матэрыялы, дзе аўтары раскрываюць сваю душу і распавядаюць пра тое, як цяжка ім, беларускамоўным, на сьвеце жывецца. І я падумаў напісаць пра тое, што ёсьць такія суб’екты, як я, якім зь беларускамоўнасьцю жывецца вельмі так нядрэнна.

«Пераход на беларускую мову пад прыкрыцьцём ЦТ быў для мяне ідэальным плянам»

Мая гісторыя далёка не рамантычная, якую, мабыць, хацелі пачуць людзі, што пытаюць мяне, як я пачаў размаўляць па-беларуску. Як заведзена ў падобных «споведзях», пачну з таго, як я прыйшоў да беларускамоўнасьці, бо гадаваўся з маленства, на жаль, не такім. У малых гадах у мяне было жаданьне размаўляць па-беларуску, і паўстала яно не без удзелу майго роднага дзядзькі, які быў беларускамоўным. Наяўнасьць сярод сваякоў беларусамоўнага, які мірна суіснаваў з намі ў сям’і, з маленства прывіла мне абсалютна нармалёвыя адносіны да беларускай мовы.

Наступную порцыю, якая ўзмацніла маё жаданьне кантачыць на беларускай, я атрымаў, трапіўшы ў ліцэй БДУ. Сама атмасфера, якая праймала ўвесь ліцэй, падсьвядома надавала ўпэўненасьці, што размаўляць па-беларуску — гэта нармалёва і больш за тое — крута.

Вырашальную кропку ў маім беларускамоўным станаўленьні адыграла цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове. Хоць нейкая ад яго карысьць! Рыхтуючыся да яго, я перайшоў на беларускую. Я меў універсальны адказ на пытаньне, чаму я зараз размаўляю па-беларуску. Гэтае пытаньне, калі вы ня ведаеце, вельмі лёгка бянтэжыць нядаўніх беларускамоўных. Таму пераход на беларускую мову пад прыкрыцьцём ЦТ быў для мяне ідэальным плянам. А калі ЦТ прайшло, большасьць майго асяродзьдзя не вярталася да пытаньня з маёй мовай сама меней некаторы час.

Адна праблема: няма беларускай клявіятуры на iPad

Зараз, як і апошнія чатыры гады, я беларускамоўны. За гэты час было шмат цікавых гісторыяў, па якіх можна напісаць не адзін артыкул. Але асноўнае, што хачу сказаць: з маёй беларускамоўнасьцю ў мяне ўсё выдатна. Адна толькі праблема турбуе кожны божы дзень: адсутнасьць беларускай клявіятуры на маім iPad. Ды ў iPhone яе няма.

З-за ладу свайго жыцьця часта сустракаюся з рознага кшталту асобамі, пачынаючы ад бізнэсоўцаў, чыноўнікаў, выкладчыкаў ВНУ, сканчаючы прадавачкамі ў шапіках і рабочымі завода. Не магу вам, шчыра кажучы, паскардзіцца, што ўсё дрэнна. Нейкія крайнія выпадкі, якія адбываюцца праз мову, я распавядаю як эпічныя гісторыі, якія бываюць ў жыцьці кожнага. Але ні ў якім разе я не разьдзьмуваю з гэтага негатыўную тэндэнцыю. Звычайна, да мовы ствавяцца нэйтральна-добра, некаторыя добра.

Тэст на адэкватнасьць дзяўчат

Так склалася, што люблю я пагуляць зь дзяўчатамі. Пабачыў я розных дастаткова. І скажу я вам, ва ўзаемадзеяньні зь імі таксама «на дзіва» ўсё ок. Безумоўна, ёсьць нейкі адсотак дзевачак, якія менавіта праз мову ў прынцыпе ня хочуць мець ніякіх стасункаў з табой. Але гэта, звычайна, ня надта далёкія дзяўчаты, зь якімі я сам не жадаў бы працягваць зносіны, улічваючы іх прынцыпы. Атрымліваецца, насамрэч, своеасаблівы тэст на адэкватнасьць дзяўчат: зь якімі можна бавіць час, а на якіх ня варта яго губляць. Вельмі практычная рэч.

Праблемы зь беларускамоўнасьцю? Праблемы ў жыцьці!

Шчыра кажучы, у людзей, якія маюць праблемы зь беларускамоўнасьцю, звычайна ў прынцыпе праблемы ў жыцьці. Яны ад таго і пішуць такія сумныя гісторыі. А тыя, хто лічыць, што трэба было б размаўляць па-беларуску, але ўсё ніяк не пачнуць, і чытаюць такія артыкулы. У такіх артыкулах людзі знаходзяць сабе апраўданьне і цярпліва чакаюць лепшых часоў, калі можна будзе размаўляць па-беларуску, не разумеючы, што ад іх залежыць, калі гэтыя лепшыя часы надыдуць.

Усе гэтыя страхі «гаварыць не на чыста белорусском языке» ад комплексу непаўнавартасьці. Гэта баязьлівасьць быць падобным да «колхозника», якая планамерна падаграваецца значнай часткай грамадзтва, якая якраз звычайна і падпадае пад гэтае азначэньне. 

Мяне абсалютна не цікавяць людзі, якія хочуць адшукаць у маёй мове нейкую памылку, ці тое, што яны хочуць лічыць памылкай, і зь перакошанай ўсьмешкай кажуць: «Трасянка!». Для мяне гэта звычайныя тролі, якія, згодна з псыхалёгіяй, хочуць самаактуалізавацца за кошт прыніжэньня іншых. Але часам людзі робяць сапраўды слушныя далікатныя заўвагі, якія я вельмі цаню. Як вялікі пэрфэкцыяніст скажу вам, што мова мая далёка не ідэальная, але з часам яна становіцца ўсё лепш і лепш.

Адмаўляцца ад беларускай настолькі ж абсурдна, як дзяўчыне бегчы мяняць пол

Ці вы толькі нядаўна перайшлі на беларускую, ці вам пашанцавала ад нараджэньня гадавацца беларускамоўным, зь беларускамоўнасьцю трэба ўмець жыць. Напрыклад, для мяне абсалютна натуральна быць беларускамоўным, як быць хлопцам. Я сябе так адчуваю, я размаўляю па-беларуску. І гэта на столькі неаддзельна ад мяне, што для мяне ня важна, што я гутару па-беларуску. Я проста гутару і ўсё.

Адмаўляцца ад таго, каб рамаўляць па-беларуску настолькі ж абсурдна, як дзяўчыне бегчы мяняць пол, бо правы жанчын ушчамляюць.

Пазбавіць мову іміджу змагароў і нефармалаў

Што сапраўды зараз важна, дык гэта пазбавіць беларускую мову іміджу мовы інтэлігенцыі 90-х, змагароў, нефармалаў і апазіцыянераў. Як нехта слушна сказаў, беларуская мова павінна быць мовай маладых, прыгожых і пасьпяховых. Беларускую трэба папулярызаваць. Беларускамоўныя павінныя яшчэ і выходзіць ў народ, а не хавацца ў бульбу.

Я не сьцьвярджаю, што з беларускай мовай у нас у краіне ўсё як мае быць. Я не кажу, што мяне задавальняе тое, што адбываецца з мовай у апошнія 20 год. Але я кажу, што нават зараз можна спакойна быць беларускамоўным, і не атрымоўваць ад гэтага ніякага душэўнага дыскамфорту.Дзеля гэтага толькі трэба слушна ўспрымаць сітуацыю й адпаведным чынам да яе ставіцца. Тады ў вас будзе ўсё добра, нават ня толькі з беларускамоўнасьцю. 

Імкніцеся ўладкаваць прастору вакол сябе! Вам абсалютна па сілах зрабіць яе беларускамоўна-фрэндлі. Вашу беларускамоўнасьць не падтрымліваюць сябры? Якія яны вам тады сябры?! Вы сутыкаецеся зь людзьмі, якія не адабраюць вашую беларускамоўнасьць? Мяняйце асяроддзе! У вас няма белмоўных сяброў? Пазнаёмцеся! На працы дрэнна ставяцца да мовы? Памяняйце яе на адэкватную працу! Ня ведаеце як вывучыць мову? Пацікаўцеся, і вы знойдзеце шмат варыянтаў!

Фота: Юля Фокс

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0697 seconds.