Мастак Клаўс Штэк: «Амаль усё мастацтва мае дачыненне да палітыкі»

Нямецкі мастак Клаўс Штэк, што колісь уцёк з ГДР ў свабодную Еўропу, прыехаў у Менск на адкрыццё ўласнай выставы «Нічога не вырашана». Выстаўленыя ў Палацы мастацтваў плакаты былі зроблены мастаком на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў пачынаючы з 70-х. Некаторыя з іх крытыкуюць выкарыстанне ядзернай энергетыкі, некаторыя прымушаюць задумацца аб шматлікіх экалагічных ды сацыальных праблемах, такія як рост падаткаў, забруджвання паветра ці якасць ежы. 

Назоў выставы, што літаральна перакладаецца як «Нічога не зроблена», — быццам цяжкі ўздых неабыякавага чалавека, які глядзіць на навакольнае бязладдзе. Але калі пакуль нічога не зроблена — ёсць нагода рабіць далей.

З-за выкарыстання вядомых брэндаў у мастака часцяком узнікалі канфлікты. Некаторыя нават даходзілі да суда. Але карпарацыі звычайна хутка забіралі свае позвы, бо баяліся кепскага піяру. Юрыст і моцны прыхільнік дэмакратыі, Клаўс Штэк даўно пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, ладзіў акцыі і ў выніку стварыў палітычную ініцыятыву. А каб мець творчую свабоду, васемнаццацігадовым юнаком збег з ГДР на Захад. З тых часоў мастак працуе ў жанры палітычнай сатыры і ў апалітычнае мастацтва не верыць.

«Амаль усё мастацтва мае дачыненне да палітыкі. Нават калі кажуць: мастацтва  рэпрезэнтатыўнае ці абстрактнае — усё адно гэта палітыка», — упэўнены мастак.

Па плакатах, якія прадстаўлены на выставе, можна вывучаць сучасную гісторыю, прасачыць за тэндэнцыямі мінулага стагоддзя. Шмат прац прысвечаныя ахове навакольнага асяроддзя, што ў 70-80-я гады было даволі нечаканым крокам для мастацтва.

«Паглядзіце на выставу з пункту гледжання часу. Гэта вельмі трапная выстава. Тут паказана, як развівалася барацьба грамадства ў пэўных накірунках. Па гэтых працах можна паглядзець, як змянялася Еўропа і, што самае цікавае, бачна, чаму яна змянялася. Цяпер гэта, безумоўна, цяжка ацаніць, таму што цяпер многія гэта робяць у Фоташопе, а тады гэта было адкрыццём. Сучаснае мастацтва плаката нарадзілася на гэтых працах», — лічыць беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі, яшчэ адзін вядомы творца, што шмат гадоў спалучае мастацтва і палітыку. Не дзіўна, што са Штэрнам беларуса звязвае даўняе сяброўства.

Нягледзячы на свае дзёрзкія і даволі правакацыйныя працы 70-80 гадоў, сапраўднага палітычнага ціску мастак ніколі не адчуваў і ніводны ягоны плакат ніколі не забараняўся. Да пытанняў самацэнзуры ставіцца адносна спакойна:

«У пытаннях сатырычнага мастацтва для кожнага мусіць існаваць нейкая мяжа: што можна рабіць, чаго нельга. Кожны мусіць самастойна ацаніць рызыку і вырашыць, ці варта яму гэта рабіць. Я, безумоўна, заахвочваю мастакоў, але таксама паважаю тых, якія маюць сем’і і баяцца за іх, я паважаю іх рашэнне, бо ведаю, што яно далося ім не проста».

З Беларуссю мастак, як і большасць немцаў, асабліва не знаёмы, затое даўна ведае рэжысёра Хашчавацкага, падтрымлівае і паважае ягоную творчасць. 

Адкрыццё выставы ў Палацы мастацтваў завяршылася дыскусіяй у галерэі «Ў» Таццяны Бембель з Клаўсам Штэкам, дзе мастак распавёў пра сваю працу ў берлінскай Акадэміі мастацтваў, а таксама падзяліўся думкамі наконт дэмакратыі.

Выставу можна будзе паглядзець да 28 кастрычніка ў менскім Палацы мастацтваў па адрасе вул. Казлова 3.

Фота Юля Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4022 seconds.