«Камяніца-2012»: «Крамбамбулі» не было, як і піва

Калі ў суботу вам на вочы патрапіліся людзі ў народных строях — можна было смела рабіць выснову, што яны рухаліся на фэстываль «Камянца». Гэтым днём ногі многіх ахвочых да этна- і фолк-музыкі прыводзілі да прыпынку «Малінаўка 6», з якога можна было маршрутнымі ці заказнымі бясплатнымі аўтобусамі дабрацца да музейнага комплексу «Строчыцы». Фэст адбываўся там ужо чацвёрты раз.

Ужо на месцы, за музейным шлагбаўмам, пачыналася дарога, узбоч якой на вочы трапляліся розныя цікавосткі. Не абышлося і без невялікага вобшуку: дзядзькі-міліцыянеры ветліва даглядалі гасцей імпрэзы. Але на гэтым людзі ў форме не скончыліся: па перыметру музейнага комплексу ля «падазроных» елачак, дрэўцаў ды хмызнякоў сумленна служылі закону людзі ў шэрай форме, а па тэрыторыі фэсту рэгулярна трапляліся на вочы міліцэйскія патрулі. Нязвыкла і крыху няўтульна было бачыць столькі праваахоўнікаў на музычным фестывалі.

Музычнае свята распачалося з малой сцэны, якую вяла спявачка Руся. Яна ж з задорам і ўсмешкай вадзіла карагоды пад выступы дзіцячых фолькавых калектываў, што часам давалі фору дарослым музыкам. Па дарозе да вялікай сцэны абапал дарогі размясціўся сапраўды сярэднявечны кірмаш. Прадавалі ільняныя кашулі, гліняныя жбанкі і частавалі медавухай. Цягам усяго фэсту на кірмашы трывала гралі музыкі ды танчылі людзі ў сярэдняй аўтэнтычнасці народных строях і проста ахвочыя. Ад млыну пачыналася вялікая (ва ўсіх адносінах) сцэна з лагатыпам галоўнага спонсару фэсту банку БелВЭБ. Тут размясцілася большая частка слухачоў, што таксама гойсалі ў карагодах.

Музейныя хаткі Строчыцаў звыкла напоўніліся гарадскімі цікаўнымі, якія імкнуліся з усіх пазіцыяў пазырыць экспанаты ці затэсціць фірмовыя старажытнабеларускія драўляныя арэлі. Працавалі адмысловыя харчоўні і не менш алдовая за многія экспанаты музею палявая страўня.

Усё б цудоўна, але не абышлося без лыжкі дзёгцю: абвешчаны выступ «Крамбамбулі» Лявона Вольскага не адбыўся (кажуць, тут сыгралі сваю ўжо звыклую ролю погляды лідэра забароненага гурту). Піва ў продажы, гэтак сама і як Лявона, не назіралася. Народу вельмі бракавала гэтых двух, бадай, асноўных складаючых фэсту. Таму, верагодна, шмат хто пакінуў імпрэзу раней за заяўлены фінал.

Пакрысе ноч пачала змяняць дзень, малая сцэна завершыла сваю праграму, і людзі пачалі засяроджвацца на галоўнай сцэне. У яркіх і каларытных строях выступілі галоўныя госці фестывалю — расейскі гурт «Иван Купала». Кампанію ім склаў вядучы Алег Хаменка. На дэсерт пакінулі пажарны аркестр «Гаротніца». І не дарэмна: на досвітку халоднага вечара музыкі здолелі запаліць слухачоў. Завяршыўся канцэрт пад акорды салюту.

Шмат фота з фэсту «Камяніца»

Юля Fox 22:11, 16/09/2012 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.