Лідар «Троіцы» прэзентуе на фэсце «Камяніца» этнаграфічную містэрыю
5 верасня ў межах фолк-фестывалю «Камяніца» Іван Кірчук прэзентуе новы монаспектакль «Споведзь пад стрэхамі», які дазволіць дзецям і дарослым перанесціся на машыне часу ў мінулае і зазірнуць у побыт нашых продкаў.
У пастаноўцы лідар «Троіцы» скарыстае багаты інструментарый: ад традыцыйных масак да арыгінальнай батлейкі, ад рэальных музычных інструментаў (жалейкі, акарынаў, дудак, ліры, гусляў) да побытавых іх замяняльнікаў кшталту «падковафона» ды «чыгункоў». Іван Іванавіч будзе спяваць, граць і распавядаць. Спектакль створаны ім паводле этнаграфічных экспедыцый і архіўных даследаванняў.
– Гэта этнаграфічная містэрыя, – лічыць Іван Кірчук. – Я пакажу тое, што калісьці адбывалася ў дамах, якія стаяць на тэрыторыі музею народнай архітэктуры і побыту. У іх стагоддзямі жылі людзі. Без тэлебачання, газет і радыё, без электрычнасці. Гэта было цяжкае жыццё, сяляне вельмі шмат працавалі, але яны таксама мелі свае радасці і забавы, пра якія большасць з нас зараз нічога не ведае.
Працягласць монаспектакля «Споведзь пад стрэхамі» складае прыкладна 45 хвілін. Ён будзе паказаны тры разы за дзень у адным з будынкаў на тэрыторыі музея. Паралельна на фестывалі будуць працаваць дзве музычные сцэны і вялікі кірмаш нацыянальнай культуры.
Ужо вядома, што на галоўнай сцэне «Камяніцы 2015» выступяць Trad Attack! (Эстонія), Dzikie Jablka (Польшча), "Дримба Да Дзига" (Украіна), а таксама беларускія гурты «Стары Ольса», Vuraj, "Ягорава гара", "Альтанка", Znich. Фестываль дапамагае музею захоўваць найвялікшую ў Беларусі калекцыю драўлянай архітэктуры. Мерапрыемства адбудзецца пра падтрымцы ААТ "Банк БелВЭБ".
Квіткі на фестываль ужо можна набыць праз сайт і касы аператара ByCard. Кошт дарослага квітка 100 тыс. руб., школьнікі да 12 год – 50 тыс. руб. Дашкольнікі, а таксама наведвальнікі ў поўным варыянце нацыянальнага строю (ад галаўнога ўбора да абутку) праходзяць бясплатна. Час правядзення фестывалю – з 12.00 да 22.00. Інфалінія: (044) 517 08 12.