На «Камяніцу 2015» прыедуць артысты з Польшчы, Эстоніі ды Украіны


Фота: Юра Сідун, Generation.by

Арганізатары фестывалю "Камяніца" які адбудзецца 5 верасня пад Мінскам пры падтрымцы ААТ "Банк БелВЭБ", абвесцілі імёны артыстаў, якія выступяць на галоўнай сцэне. Замежнымі гасцямі фестывалю ў гэтым годзе стануць Dzikie Jablka (Польша), Trad Attack! (Эстонія), "Дримба Да Дзига" (Украіна).

Фолк-фестываль "Камяніца" адбываецца на маляўнічай тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо, 4 км ад МКАД) з 2009 года. Грошы ад мерапрыемства дапамагаюць музею падтрымліваць найвялікшую ў Беларусі калекцыю вясковай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддняў.

Аснову музычнай праграмы, як і ў мінулыя гады, складуць лепшыя беларускія фолк-калектывы. Гледачоў "Камяніцы 2015" парадуюць "Стары Ольса", "Альтанка", гамельчукі "Ягорава гара", а таксама гурт Vuraj, чый дыск "Раёк" сёлета перамог у намінацыі "Лепшы фолк-альбом" на музычных узнагародах Experty.by. Адным з заключных акордаў фестывалю гэтага года стане выступ легендарнага гурта Znich, які грае фолк-метал.

Традыцыйна прадстаўнічым будзе склад замежных гасцей. Упершыню на "Камяніцы" выступіць прадстаўнік Эстоніі – за паўтары гады існавання фолк-гурт Trad Attack! ужо стаў сенсацыяй на радзіме, а таксама зачараваў гледачоў у дзясятку іншых краін, у тым ліку Нямеччыне, Малайзіі, ЗША. Польшчу будзе прадстаўляць калектыў Dzikie Jablka, уладальнік гран-пры прэстыжнага фестывалю Mikolajki Folkowe, які спалучае народны матэрыял з афрыканскімі рытмамі. Украіну – гарачыя фолк-рокеры "Дримба Да Дзига".

– Фестываль захоўвае дэмакратычнасць, але пры гэтым яго праграма робіцца ўсё больш эксклюзіўнай. На адной сцэне сустракаюцца розныя краіны і традыцыі, розныя гучанні і падыходы да народнага матэрыялу. Гэта асалода для ўсіх – і гледачоў, і саміх музыкаў, – лічыць Алег Хаменка, сябра аргкамітэта фестывалю.

Істотным складнікам "Камяніцы 2015" таксама будзе вялікі кірмаш нацыянальнай культуры з народнымі рамёствамі, танцамі, гульнямі і выставамі. Акрамя гэтага на фестывалі будзе працаваць другая сцэна, дзе будуць выступаць студэнцкія і аматарскія фолк-калектывы. Замовы на ўдзел у кірмашы і другой сцэне прымаюцца да 25 жніўня на адрас kamianica2003@gmail.com з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Квіткі на фестываль ужо можна набыць праз сайт і касы аператара ByCard. Кошт дарослага квітка 100 тыс. руб., школьнікі да 12 лет – 50 тыс. руб. Дашкольнікі, а таксама наведвальнікі ў поўным варыянце нацыянальнага строю (ад галаўнога ўбора да абутку) праходзяць бясплатна. Час правядзення фестывалю – з 12.00 да 22.00. Інфалінія: (044) 517 08 12.

20:00, 17/08/2015 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0779 seconds.