У Менску раскрылі тэму аднаполага кахання

Яшчэ да дэбюту кніга выклікала вялікую колькасць спрэчак і дэбатаў у Інтэрнэце. І не дзіўна: у ёй закранаюцца тэмы аднаполага кахання і бісэксуалізму, якія чытачамі не заўжды адназначна ўспрымаюцца. Паэтка смела вынесла часткова табуяваную ў беларускай літаратуры тэму на ўсеагульны разгляд.

Выглядае, што кніга не пакінула абыякавых. Ад незадавальнення, папрокаў, ад якіх вушы вянуць, і нават абразаў паэткі — да захаплення і намёкаў на новую эру ў беларускай літаратуры.


Пад ціхай вокладкай чэрці водзяцца. І Наста Манцэвіч

Наста Манцэвіч пачала прэзентацыю «Птушак», што адбылася ў Менску 6 верасня, з каментароў падзей, якія разгортваюцца на форумах:

«Я не чакала такога выбуху ў Інтэрнэце. Я, канешне, разумею розніцу паміж тэкстамі і сабой, ведаю, што гэта не адно і тое ж. Але гэта тое, што я сама напісала, што сама зрабіла, таму я ўспрымаю кнігу як свайго дзіцёнка, які пайшоў у вялікі свет і пачаў жыць самастойным жыццём.

Тое жыццё, якім ён пачаў жыць, мне не вельмі падабаецца. Магчыма, я хацела б яму іншага жыцця. У мяне часам валасы дыбам устаюць ад некаторых момантаў яго жыцця, якое я бачу».

Пасля прадмовы паэтка зачытала амаль усю кнігу. Абапёршыся на падаконнік, спакойным і разважлівым голасам яна чытала, без цэнзуры, з матамі і апісаннем інтымных сцэн. Памяшканнем валодала цішыня.

«Наста мае сапраўдную грамадзянскую пазіцыю. Калі мы ўздымаем тэму гомасэксуалізму, адразу ў адказ з’яўляецца шквал крыкаў незадаволеных, якія размахваюць крыжамі, зоркамі і іншай сімволікай», — каментуе твор паэт Адам Глобус.

Але ж «Птушкі» — гэта не толькі сэкс, няхай і аднаполы. У кнізе падымаюцца яшчэ і тэмы сяброўства, смутку па дзяцінству, жыццёвай філасофіі.

Прэзентацыя скончылася раздачай аўтографаў. Стомленая і ўзрушаная Наста паводзіла сябе вельмі сціпла. Можа, яна яшчэ не ўсвядоміла высокую ролю свайго дзіцяці на арэне беларускай літаратуры? Але шлях ягоны, руйнуючы літаратурныя стандарты, толькі пачынаецца.

«Я ніякіх мэтаў перад сабой не ставіла і не думала пра тое, якія мэты падымала, цяжка гэта ці не. Пісала пра тое, што было ўнутры. Самае галоўнае — гэта данесці сваю думку. І я гэта зрабіла. І нічога цяпер не саромеюся».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.