Дэсантнік Скарына, пакрыўджаны Колас, харакіры апоўначы ды майткі на дрэве

На гэтых выходных кнігарня «Ў» адсвяткавала свой трэці Дзень народзінаў, зрабіўшы прывабныя зніжкі на прадукцыю ды зладзіўшы пяцігадзінавы безупынны чытацкі нон-стоп «Ланцуговая рэакцыя», удзельнікамі якога сталі збольшага маладыя аўтары, якія выдаваліся летась у выдавецтве «ЛогвінаЎ». У суботні дзень, у які ў беларусаў прынята хваліцца перад былымі аднакласнікамі дасягнутым сацыяльным статусам, маладыя і сталыя літаратары — «выпускнікі „Логвінава“» хваліліся перад чытачамі сваімі свежавыдадзенымі прозай, паэзіяй ды перакладам.

Наста Манцэвіч з кніжкай «Птушкі»

У якасці «ініцыявання» ланцуговай рэакцыі выступілі вершы пра аднаполае каханне ад маладой аўтаркі Насты Манцэвіч, якая заўпэўніла прысутных, што, каб зразумець, пра што яе кніжка, неабавязкова чытаць, трэба ўсяго толькі паглядзець на вокладку. «Непазбежны вясны наступства: што ні дзеўчына, то распуста, з Менску, з Горкі, з-пад самай Ніццы, што ні дзеўчына, то ў спадніцы», — піша ў сваёй кнізе маладая аўтарка. Прысутны паэт Сяргей Сыс паспеў пахваліць вершы, аднак пісаць прозу Насце далей не раіў бы. 

«Тут [у кнігарні «Ў»] стаіць 95% прозы і што з таго? Я вазьму адсюль тры кнігі. Толькі тры кнігі з тысячы!» — заявіў Сыс, і на твары арт-дырэктара кнігарні Паўла Касцюкевіча адразу з’явіліся незадаволены погляд і дакорлівая усмешка.

Малады айцішнік і дасціпны празаік Кірыл Дубоўскі прадставіў свой зборнік апавяданняў «Хороший роман» і зачытаў іранічны тэкст пра жаночыя майткі на дрэве як горкі напамін аб няўдалым каханні, а таксама адзінае беларускамоўнае апавяданне кнігі. У ім да аўтара прыходзіць беларуская мова ў выглядзе вялічэзнага мужыка ў лапцях і кажа: «Я твая Беларуская Мова! Ды не будзе ў цябе іншых моваў апроч мяне! З сённяшняга дня ты будзеш як мага больш пісаць пра наш край, наш шлях, зямельку гаротную беларускую, маскалёў клятых чужынцаў і пагоню бел-чырвона-белую. Калі ты гэтага не зробіш, я вярнуся і ўтаплю цябе ў трасянцы...».

«У мяне не было жадання патроліць беларускамоўных аўтараў, гэта проста мая фантазія, і безумоўна я перабольшыў», — апраўдваецца аўтар. 

Кірыл Дубоўскі і яго «Хороший роман»

Нягледзячы на тое, што кнігарня за тры гады зрабілася прыстанкам і месцам сустрэч беларускамоўных літаратараў, у суботу на фэсце, акрамя Дубоўскага выступалі яшчэ два рускамоўных аўтары — паэтка Кацярына Зыкава ды празаік Павел Анціпаў. Увогуле, пытанні прыналежнасці рускамоўнай літаратуры да Беларусі падымаюцца ў беларускім коле інтэлектуалаў з пэўнай рэгулярнасцю і зацятымі спрэчкамі.  

«Руская мова не замінае мне лічыць аўтара беларускім. Яшчэ мне не падабаюцца падвоеныя стандарты: Адам Міцкевіч наш, нягледзячы на польскую, Мікола Гусоўскі наш, нягледзячы на лацінскую. Ну тады і рускамоўныя аўтары нашыя. Тым больш, калі гэта так элегантна, як чароўныя вершы Кацярыны Зыкавай, альбо так сімпатычна, як у Кірылы Дубоўскага. Не трэба штучна прымушаць аўтараў пісаць па-беларуску, яны часта самі, тусуючыся ў белмоўным асяродку, пачынаюць пісаць па-беларуску», — выказаўся паэт Андрэй Хадановіч

«Праблема канфрантацыі беларускамоўных аўтараў крыху перабольшаная. Прыціскаць кнігі па моўным прызнаку — гэта глупства. Я лічу сябе беларускім аўтарам, калі хтосьці не лічыць, то гэта ягоная праблема. Я прадукт сваёй краіны, якая на 90% рускамоўная. І не трэба гэтага саромецца», — лічыць Кірыл Дубоўскі

Кацярына Зыкава і яе «Объяснительная»

Былы студэнт Маскоўскага Літаратурнага інстытуту Павел Анціпаў прэзентаваў сваю кнігу «Дипломная работа» і зачытаў апавяданне пра тое, як зарабляў упакоўшчыкам падарункаў у Маскве. Павел, з’яўляючыся рускамоўным аўтарам, рэдагуе беларускамоўныя кнігі сваіх калег. Чытанні працягнуліся з «адкрыццём году» Андрэем Пакроўскім, які трапіў адначасова і ў лонг-ліст галоўнай прэміі белліту і шорт-ліст прэміі для літаратурных навічкоў. Ён летась выдаў маленькую кніжыцу «Як я перастаў верыць у дзеда Мароза» пра ровар з сіськамі і падваенне асобы.

Андрэй Пакроўскі з кнігай «Як я перастаў верыць у дзеда Мароза»

«Дзяўчыны, жанчыны і бабулькі ведаюць адно правіла: памер не мае значэння. Мае значэнне рытм, паэтычны альбо празаічны, эфектны вобраз, запамінальны сюжэт, харызма, якая прэ з аўтара. У наш век, калі чытаюць усё менш, Андрэй Пакроўскі ўмее мінімальнымі сродкамі (старонкай, паловай старонкі) зачапіць чытача. Ён умее насмяшыць», — ахарактарызаваў аўтара паэт Хадановіч

Не пачулі прысутныя Сяргея Календу і Сяргея Балахонава, у якіх летась выйшлі празаічныя творы. Кніга апошняга «Зямля пад крыламі Фенікса» таксама трапіла ў лонг-ліст прэміі Гедройца. У гэтым зборніку містыфікацый гомельскі настаўнік гісторыі сцвярджае, што Скарына служыў у дэсантных войсках, а птушка Фенікс жыла ў Беларусі. Пісьменнік Павал Касцюкевіч зачытаў невялікі ўрывак пра Фенікса, а пасля і з уласнага зборніку апавяданняў, які летась атрымаў першую прэмію Гедройца. Успамінам пра 90-я працягнуў журналіст і аўтар культавых «Фрашак да пляшак» журналіст Севярын Квяткоўскі. За ім маладая аўтарка Анка Ўпала адразу растлумачыла прысутным, чаму яе кніга не патрапіла ні ў якія лонг- і шорт-лісты беларускіх літаратурных прэмій. Яна зачытала тэкст пра тое, як разгубіўся Колас, калі даведаўся, што няма свята «Калоссе», а свята «Купалле» ёсць і як пасля яму падняў настрой Караткевіч, калі на адным з сваіх рукапісаў «Купалы пад сярпом тваім» закрэсліў слова «Купалы» і замест іх напісаў «Каласы». Апавяданне аўтарка прыдумала, калі яны з паэтам Віталём Рыжковым хацелі весці ЖЖ-акаўнты ад імя беларускіх класікаў, аднак задумку так і не ажыццявілі.

Анка Ўпала з кнігай «Дрэва Энталіпт»

«Калі нехта думае, што толькі ён ведае, як любіць класікаў і як гуляцца з гэтай спадчынай, то гэта няпраўда, кожны мае права на сваю інтэрпрэтацыю і мой тэкст ніякім чынам не адмоўны», — лічыць пісьменніца. 

Выступіў таксама паэт Андрэй Хадановіч, але ж прадставіў кнігу не сваю, а зборнік вершаў Максіма Танка, які склаў і выдаў у «Логвінаве». Юлія Шарова прадставіла электронную кнігу пра оперу, якая магчыма 21 сакавіка атрымае тытул лепшай кнігі прозы сярод дэбютантаў. Перакладчыца Марына Шода рэкламавала дзіцячую Януша Корчака «Кайтусь-чарадзей» у сваім перакладзе, якая выйшла задоўга да Гары Потэра і распавядае таксама пра хлопчыка-чарадзея. Пад вечар, калі, сярод выступоўцаў з’явіўся вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў, у кнігарню было ўжо носу не ўбіць. Ён расказаў гісторыйкі з жыцця і пачытаў новыя вершы. Пісьменніца Вольга Гапеева не змагла прысутнічаць у кнігарні, але на працягу некалькіх гадзін усміхалася з тэлеэкрану. У сваім відэазвароце да чытачоў яна загадала загадку філосафу Ігару Бабкову, але ж ён так і не парадаваў прысутных адказам. 

Юлія Шарова прэзентуе кнігу «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік»

Як заўжды наведвальнікаў літаратурных імпрэзаў значна павесяліў Адам Глобус. Ён напісаў кнігу апавяданняў, кожнае з якіх будзе выклікаць у чытача пэўнае пачуццё: весялосць, эратычнае пачуццё, агідлівасць ды іншыя.

«Над намі ў свой час была цяжкая зорка Салжаніцына, і я вырашыў, што напішу твор „Архіпелаг Артэк“. Гэта сапраўды канцэнтрацыйны лагер, напрыклад, мала хто ведае, што, калі ты ідзеш удвох — ты абавязаны ісці ў нагу і ніяк інакш. Гэта не жарт, бо там вельмі страшныя штрафныя санкцыі. Нельга казаць «Здрасце», ты павінен казаць па гадзінніку: зраніцы да 12: «Добрай раніцы», да 6 «Добры дзень», пасля толькі «Добры вечар». Калі ты прыходзіш і кажаш «Здрасце», то ў кіно ты не ідзеш», — распавядае пра адно са сваіх апавяданняў пісьменнік. 

Андрэй Адамовіч расказвае пра сваю кнігу вершаў «Дзень паэзіі смерці дзень»

Завяршыўся фэст нецэнзурнай паэзіяй Андрэя Адамовіча, і ягонымі перакладамі вершаў з японскай пра тое, што няма нічога больш прыгожага, чым харакіры апоўначы.  

Фотарэпартаж з  чытацкага фэсту «Ланцуговая рэакцыя»

Фота: Юля Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0957 seconds.