Дзве электронныя кніжкі і зборнік дзёрзкіх вершаў атрымалі сёлета прэмію «Дэбют»

Не паспела літаратурная тусоўка стаміцца ад жарсцяў вакол прэміі Гедройца, як арганізатары прэміі «Дэбют» падкінулі яшчэ патэнцыйную глебу для палемікі ў байнэце. 

«Вясна — час абвастрэння. У Беларусі на пачатку вясны абвастраюцца літаратурныя і калялітаратурныя працэсы», — зазначыў гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў і памарыў, што калісьці ў Беларусі будзе прынамсі 120 літаратурных прэмій. 

На што ў былога старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча вырваліся словы: «Уяўляеце колькі будзе спрэчак?!»

Фундатар прэміі рускі бізнесовец Павел Бераговіч, які раптоўна выявіў у сябе беларускія карані і вырашыў пасля спрычыніцца да сучаснага беларускага працэсу, атрымаў сёлета медаль сваёй жа прэміі за ўнёсак у развіццё сучаснага беларускага пісьменства. Прэмія «Дэбют» была заснавана тры гады таму і ўручаецца маладым літаратарам-навічкам у трох намінацыях: «Паэзія», «Проза» і «Мастацкі пераклад». Дэбютанты атрымлівалі ружу, дыплом і капэрту, змест якой застаўся невядомым. Музычна суправаджаў імпрэзу гурт «Рэха». 

Гурт «Рэха» ў цэнтры сучаснага літаратурнага працэсу

Лепшы пераклад сярод дэбютантаў зрабіла Ганна Янкута, прэмію яна атрымала за электронную кнігу Чарлза Дыкенса «Калядны харал». Летась яна ж у складзе рэдакцыі перакладнога часопіса «Прайдзісвет» была сярод пераможцаў таксама намінацыі «Мастацкі пераклад». Усім астатнім намінантам была ўручаная заахвочвальная прэмія. Сярод іх таксама 28-гадовы аспірант Інстытута літаратуру АН з перакладам кнігі Лангерава Жо. «Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.» і Святлана Богуш таксама з перакладам са славацкай кнігі Рудольфа Слабады «Розум». Абедзве апошнія прэзентуюцца ў Менску ў межах літаратурнага фэста «Шэнгенка». 

Ганна Янкута другі год запар атрымлівае прэмію

Лепшай сярод маладых празаікаў стала нечакана Юлія Шарова з самай вялікай кнігай сярод усіх намінантаў «Don Giovanni, альбо памілаваны свавольнік». Фаварытам для некаторых быў Андрэй Пакроўскі з маленькай кніжачкай пра тое, як ён перастаў верыць у Дзеда Мароза. Аўтар ужо столькі разоў чытаў яе на публіцы, што тыя, хто наведваў усе імпрэзы з ягоным удзелам, маглі вывучыць яе на памяць. Таксама сярод намінантаў была і студэнтка ЕГУ Ксенія Шталянкова з першай часткай гістарычнай трылогіі раманам «Адваротны бок люстра».

Юлія Шарова дзякуе ўсім, хто яе асуджаў несправядліва, і хто яе хваліў з вялікім авансам

«Дзесьці слова вуха рэжа, дзесьці рэдагавання не хапіла. Але галоўнае, што беларуская проза ёсць», — кажа пра намінантаў мовазнаўца Лявон Баршчэўскі

Сюрпрызам вечару стала спецпрэмія «Нечаканка году альбо крэатыў году», якую атрымаў журналіст Глеб Лабадзенка за хэнд-мэйд дапаможнік па беларускай мове «Дзіцячая ЗаМова». Паколькі ўсе выходзілі і зачытвалі свае творы, Глебу нічога не засталося, як зачытаць прадмову да кнігі пра тое, як ягоная жонка блытала «цяпер» і «зараз», а пасля ён таксама зачытаў верш «Варажба» Максіма Багдановіча, усё ж такі ў ягоны гонар названа прэмія.  

Глеб Лабадзенка дорыць фундатару прэміі факсімільнае выданне першага зборніка вершаў Рыгора Барадуліна

«Я чакаў, што журы ўвядзе спецнамінацыю на прэміі Гедройца, — з усмешкай прамовіў блогер Лабадзенка, — паўтару словы Уладзіміра Пракопавіча: [Някляева на ўзнагароджанні прэміяй Гедройца—заўв. Generation.by] „Дзякуй вялікі журы за аб’ектыўнасць!“» 

Лепшымі вершамі 2012 году сталі дзёрзкія вершы з мацюкамі Андрэя Адамовіча, зрэшты ўся нецэнзуршчына ў кнізе была замененая на болей мілагучныя словы.

«Ідзе абсалютнае непрыманне сучаснай паэзіі, бо паэзія — гэта святое, а тут чорт ведае што. Як можна ўзнагародзіць прэміяй чалавека, які піша вершы пра яйцы? Добры, дарэчы верш, — дзеліцца ўражаннямі беларускі філосаф Валянцін Акудовіч і працягвае распавядаць пра спрэчкі ў журы, — Як мы сварыліся, ледзь не пабіліся». 

Сябра журы Валянцін Акудовіч расказвае пра татальную бруталізацыю сучаснай паэзіі 

І сапраўды, вершы Адамовіча, мякка кажучы, наватарскія, паэт прачытаў адзін з іх, але той апынуўся без мацюкоў. І пашкадаваў, што мовазнаўцы Пётра Садоўскага няма, яму акурат спадабалася б, бо апошні рэзка раскрытыкаваў шорт-ліст прэміі, цытуючы адзін з вершаў Адамовіча. Цікавая яшчэ і рэакцыя на такую дзёрзкасць Адамовіча класіка беларускай паэзіі Генадзя Бураўкіна, які таксама быў сябрам журы, аднак прыйсці на ўзнагароджанне з-за стану здароўя не змог.

Сярод намінантаў былі таксама маладыя паэткі Наста Манцэвіч за кнігу «Птушкі» і Кацярына Макарэвіч «Соль і неспакой».  

Увесь фотарэпартаж з узнагароджання

Фотаздымкі Юлі Fox  



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0484 seconds.