Толькі кожны чацьвёрты здаваў ЦТ па гісторыі Беларусі па-беларуску

Беларуская моладзь усё часьцей імкнецца да таго, каб іх веды правяралі па-расейску. Гэта выдатна дэманструе моўны выбар абітурыентаў на сёлетніх цэнтралізаваных тэстах: толькі кожны чацьвёрты з тых, хто жадаў здаваць тэст па гісторыі Беларусі, выбраў беларускамоўныя пытаньні.

Агулам на тэст па гісторыі Беларусі запісаліся 21 тыс. 653 абітурыенты. І болей за 15 тысячаў вырашылі здаваць тэсты па-расейску. Толькі 25% абралі беларускую. Аб гэтым БелТА заявіў дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Мікалай Фяськоў.

Арганізатары ЦТ яшчэ ў 2007 годзе заўважылі, што, колькасьць ахвотнікаў здаваць тэст па гісторыі Беларусі на роднай мове зьмяншаецца. Летась доля тых, хто пісаў тэсты па гісторыі Беларусі на беларускай мове, складала каля 33%. Такім чынам, за год доля жадаючых здаваць тэсты па гісторыі краіны на мове яе нацыі зьменшылася прыкладна на чвэрць.

Хаця і гэта ўжо можна лічыць за своеасаблівы посьпех. На папярэднім тэставаньні 2011–2012 навучальнага году па-беларуску тэсты не пісаў амаль ніхто:

«Калі ў мінулым годзе знаходзіліся жадаючыя здаваць тэставаньне на беларускай мове, то ў гэтым годзе такіх няма. Толькі пяць чалавек здавалі тэст па гісторыі Беларусі на беларускай мове», — казаў у лістападзе 2011 году дырэктар Навучальнага цэнтру вочна-завочнага і дыстанцыйнага навучаньня БДУ Вадзім Міцянкоў, які займаецца арганізацыяй папярэдняга тэставаньня.

Выкладаньне гісторыі Беларусі на расейскую перавялі ў 2006 годзе, калі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў. Тады ў вельмі хуткім часе беларуская амаль цалкам зьнікла з урокаў гісторыі ў расейскамоўных школах. А беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі. Увесну Мінадукацыі спрабавала вярнуць беларускую мову ў якасьці абавязковай на ўрокі гісторыі і геаграфіі Беларусі. Але з гэтага нічога ня выйшла: Лукашэнка ня даў згоды.


Суадносіны абітурыентаў, што здавалі расейскую і беларускую мову ў 2007-2012

Тым часам зьмяншаецца колькасьць і тых абітурыентаў, што выбіраюць беларускую на абавязковым моўным тэсьце. Сёлета здаваць цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове будуць амаль у два разы менш абітурыентаў, чым па расейскай. Калі тэндэнцыя захаваецца, то ў 2029 годзе беларускую мову на ЦТ ня будзе каму здаваць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.