Пра сьпісы забароненых чуў толькі кожны пяты беларус

«Чорныя сьпісы» патроху вымываюць з памяці беларусаў герояў музычнай культуры 90-х і 2000-х гадоў, але і пра саму наяўнасьць сьпісу забароненых артыстаў ведаюць нямногія. Затое нямала хто памятае гістарычных асобаў накшталт Каліноўскага ды Вітаўта. Аб гэтым сьведчаць дадзеныя апытаньня, праведзенага ўвесну 2012 году кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і лябараторыяй «Новак» у 2012 годзе.

Кампанія «Будзьма беларусамі!» агучыла вынікі ініцыяванага ёй апытаньня на тэму веданьня беларусамі ўласнай культуры. І атрымаліся яны досыць кантравэрсійнымі: з аднаго боку на музычныя канцэрты ходзяць 60% насельніцтва. А зь іншага пазнаць музыку забароненага Вольскага і нават асьцярожнага Пугача здольны далёка ня кожны.

«Мы апыталі беларусаў на веданьне людзей, што сёньня ствараюць незалежную беларускую культуру, — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы „Будзьмы“. — Выявілася, што вядомасьць гэтых людзей не такая малая, нягледзячы на тое, што пра іх не пішуць дзяржаўныя СМІ».

Адным з самых папулярных «альтэрнатыўных» музыкаў Беларусі застаецца Лявон Вольскі. Пра яго, паводле апытаньня, памятае амаль кожны чацьвёрты беларус. Кожны дзесяты здольны сказаць, хто такі Зьміцер Вайцюшкевіч, а 15% ведаюць імя «Уладзімір Пугач».

Пры гэтым пра забароненых музыкаў і «чорныя сьпісы», якія не дазваляюць іх фігурантам спакойна выступаць у Беларусі, ня чулі каля 80% беларусаў. Затое кожнаму другому беларусу згодна з апытаньнем не хапае канцэртаў, а кожнаму трэцяму — фэстываляў.

Пра «Ляпіс Трубяцкой» чулі амаль у кожнай сям’і

Сярод беларускіх гуртоў, нязвыклых да выступаў на пляцоўках «За Беларусь!», найбольш вядомыя «Ляпіс Трубяцкой» — 68%, J:Морс — 45% і «Крамбамбуля» — 37%, «Без білета» — 31,5%.

Пазнавальнасьць у мінулым поп-блазнаў, а цяпер рэвалюцыянэраў з «Ляпіса» прыкладна роўная Барадулінскай. Пра народнага паэта ведаюць амаль двое з трох беларусаў. Столькі ж памятаюць пра гераіню Другой сусьветнай Веру Харужую, троху больш пра прафэсійнага паўстанца Тадэвуша Касьцюшку.

Дарэчы, адзін з самых пазнавальных гістарычных дзеячаў Беларусі — Кастусь Каліноўскі. Хаця з Францыскам Скарынай і Еўфрасіньняй Полацкай, якіх як гістарычных дзеячаў ведаюць амаль усе, пазнавальнасьць рэвалюцыянэраў не параўнаецца. Што цікава, прыкладна палова беларусаў памятае і лічыць сапраўднымі гістарычнымі дзеячамі далёкіх ад нашых часоў пэрсанажаў гістарычных падручнікаў Вітаўта і Льва Сапегу.

Калі ж вяртацца ў нашыя дні, то ініцыятары апытаньня канстатуюць: большасьць творчых здабыткаў беларускіх музыкаў, пісьменьнікаў, мастакоў ігнаруюцца ўладамі. Перавага ж надаецца калектывам і творцам, чыя эстэтыка засталася ў васьмідзясятых гадах мінулага стагодзьдзя. Нязгодным застаецца толькі «вышукваць у афішах рэдкія канцэрты ў асноўным на прыватных пляцоўках, шукаць у інтэрнэце кнігі» забароненых ці проста далёкіх ад тэлебачаньня і дзяржаўных мэдыя творцаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.