Большасьць беларусаў ня супраць вучыць і вучыцца па-беларуску

Кампанія «Будзьма беларусамі!» і лябараторыя сацыялягічных дасьледаваньняў «Новак» працягваюць публікаваць вынікі дасьледаваньня беларускай ідэнтычнасьці. Паводле новых дадзеных, беларусы ня супраць павелічэньня ўжываньня беларускай у сфэры адукацыі, рэкляме, нягледзячы на тое, што самі па-беларуску сталі размаўляць горш, чым некалькі гадоў таму.

47.1% беларусаў выказваюцца пазытыўна і хутчэй пазытыўна адносна пытаньня павелічэньня карыстаньня беларускай мовай у сфэры адукацыі. Аб гэтым сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага кампаній «Будзьма беларусамі!» і лябараторый сацыялягічных дасьледаваньняў «Новак» у 2012 годзе.

Пры гэтым нэгатыўна і хутчэй нэгатыўна да пытаньня павелічэньня ўжытку мовы ў адукацыі ставяцца 43.3% апытаных.

Больш за палову рэспандэнтаў жадалі б бачыць болей беларускамоўнай рэклямы, у афармленьні гарадоў і вітрынаў, нават ва ўладных установах.

Пры гэтым, як адзначаюць сацыёлягі, у нефармальнай абстаноўцы, у сям’і беларускую мову выкарыстоўваюць часьцей, але з фармалізацыяй моўнай сытуацыі або ў сытуацыі камунікаваньня зь незнаёмцамі шанцаў на тое, што ва ўжытку будзе беларуская, застаецца ўсё менш. Такім чынам, практычнае выкарыстаньне беларускай мовы лякалізуецца, замыкаецца ў вузкім коле «сваіх», што вядзе да ўжываньня абмежаванага набору моўных рэсурсаў.

Паводле таго ж дасьледаваньня, тых, хто размаўляе па-беларуску, часта ўспрымаюць як патрыётаў, ці нават эліту альбо апазыцыю. Пры гэтым размаўляць па-беларуску за апошнія тры гады стала менш людзей, а агульны ўзровень валоданьня ёй значна зьменшыўся.

«Дзяржаўная палітыка ў сфэры папулярызацыі беларускай мовы дэманструе „эфэктыўнасьць“: за два гады веданьне мовы беларусамі значна пагоршылася», — гаворыцца ў паведамленьне кампаніі «Будзьма беларусамі!». Кампанія лічыць, што дзяржаўныя органы Беларусі павінныя зрабіць правільныя высновы з вынікаў апытаньня і распачаць канкрэтныя захады па папулярызацыі беларускай мовы.


Болей пра тое, хто і як цяпер размаўляе па-беларуску, глядзіце ў першай публікацыі пра дасьледаваньне «За 3 гады доля беларускамоўных зьменшылася на траціну»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0643 seconds.