«Прэс-фота Беларусі» актуалізавала новае пакаленьне фатографаў

Прэс-фота Беларусі

Конкурс «Прэс-фота Беларусі» за тры гады зрабіўся візуальным летапісам беларускай найноўшай гісторыі. Прэсавыя здымкі адлюстроўваюць большасьць значных падзеяў сучаснасьці. Але і ў конкурсу ўжо ёсьць свая гісторыя.

А пачынаецца гісторыя з таго, як тры захопленых справай чалавекі вырашылі зрабіць конкурс беларускай прэс-фатаграфіі. Гэта Сяргей Міхаленка (вядомы як заснавальнік парталу Zнята), Аляксей Мацюшкоў (фотакарэспандэнт) ды Вадзім Заміроўскі (штатны фотакарэспандэнт «Белгазеты»). Сяргей на час 2009 году ўжо меў сталыя кантакты зь літоўскімі фатографамі. Ён даведаўся пра тое, што ў Літве ёсьць конкурс прэс-фатаграфіі, і прапанаваў зрабіць такі ж у Беларусі.

«У Сяргея была палова — гэта ідэя. У нас была другая палова — гэта магчымасьць рэалізацыі, таму што мы былі ў гэтым коле рэпарцёраў», — распавядае Вадзім Заміроўскі.

Ініцыятыва адразу ж пачала стварацца — робяцца шаблёны (намінацыі, умовы), запрашаюцца сябры журы, шукаюцца спонсары, прапаноўваецца ўдзел ўсім фотакарэспандэнтам, незалежна ад таго, якое яны выданьне прадстаўляюць.

«Гэта першае пляцоўка, дзе ўсе газэтчыкі — дзяржаўныя, забаўляльныя, спартовыя —маглі паўдзельнічаць», — гаворыць Аляксей Мацюшкоў.

Крыху пазьней да кампаніі далучаецца Юля Дарашкевіч зь ідэяй аб стварэньні альбому «Прэс-фота Беларусі». Але спачатку яна ўдзельнічае ў арганізацыі нефармальна, бо і сама прымае ўдзел у першым конкурсе.

Што «перажыў» конкурс за тры гады

2010 год

  • Першы раз у межах Фотафорума ў БелЭкспа выстаўляюцца фотаздымкі беларускіх фотарэпарцёраў. Здымкі-сынглы (адзіночныя здымкі) вісяць тры дні. Потым пераяжджаюць на пляцоўку Кia Motors
  • У конкурс прымаліся працы за апошнія 5 год
  • Вакол здымка, які выйграў Гран-пры (сэрыя Віктара Драчова пра Чарнобыльскую вёску) — разгараецца скандал.
  • Арганізатары пішуць сябрам журы аб тым, як рэагаваць на сытуацыю, ці трэба пераглядаць выніку конкурсу. Сябры журы адказваюць, што не даказаная пастаноўка ды ўмовамі конкурсы не забаронена яе рабіць. Такім чынам, вынікі конкурсу — не пераглядаюцца.
  • Выходзіць першы альбом — «Беларусь прэс-фота 2010»

2011 год

  • Юля становіцца афіцыйным арганізатарам конкурсу, а Аляксей вырашае стаць удзельнікам конкурсу
  • Прэс-фота Беларусі цяпер штогадовае
  • з конкурсу зьнікае намінацыя «глямур», бо прысылалася шмат няякасных прац
  • але зьяўляецца новая намінацыя — «Народныя традыцыі»
  • сэрыі і сынглы цяпер ацэньваюцца паасобку
  • ва ўмовах конкурсу дакладна прапісана, што нельга рабіць пастаноўку ў намінацыях «Навіны» і «Людзі ў навінах»
  • цырымонія ўзнагароджаньня павінна адбывацца ў Музэі Менску. Але арганізатарам кажуць пра «нізкі эстэтычны ўзровень прац»
  • Выстава і цырымонія ўзнагароджаньня ўсё ж такі праводзіцца ў галерэі «Знята»
  • У Маладзечанскам Доме культуры разьмяшчаецца выстава, але за некалькі дзён да адкрыцьця арганізатарам паведамляюць, што там пачаўся рамонт
  • У Берасьці другі год запар выстава праводзіцца ва ўпраўленьні ўнутраных спраў (па іх ініцыятыве)
  • Выходзіць другі альбом — «Беларусь прэс-фота 2011»
  • Калі ўжо альбомы былі гатовыя (а яны друкуюцца ў Літве), на мяжы зь Вільні на Менск альбомы «канфіскоўваюць для правядзеньня экспэртызы». Экпэртыза цягнецца месяц, але не знаходзіць нічога, што магло б парушыць закон. Альбомы вяртаюць арганізатарам

2012 год

  • У 2012 годзе аргкамітэт атрымаў 2500 здымкаў ад 90 удзельнікаў
  • На цырымонію ўзнагароджаньня прыяжджае расейскі прэс-фатограф — Аляксандр Землянічанка — адзін з чальцоў журы конкурсу, кіраўнік маскоўскага бюро «Associated Press», ляўрэат Пуліцэраўскай прэміі
  • Плянуецца, як заўжды, правесьці выставу па гарадах Беларусі, таксама вывезьці за мяжу, зрабіць традыцыйны альбом (калі ёсьць інфармацыя пра пляцоўкі, дзе б можна было правесьці выставу, пішыце арганізатарам конкурсу)

Ёсьць момант, калі арганізатары ўжо ведаюць пра вынікі, а больш ніхто ня ведае. Юля Дарашкевіч расказвае, які «ціск» перажывае ў гэты момант:

«Пытаньні, канешне, сыпаліся. Усе імкнуліся нейкімі вакольнымі шляхамі ў Вадзіма і ў мяне распытаць. Калегі-журналісты, паглядзеўшы выставу ў Вільні, пісалі за суткі да конкурсу, спрабавалі адгадваць. Але я мужна трымалася, нікому не расказвала да апошняга».

За тры гады ўзнагародаў «Прэс-фота Беларусі» ўжо можна адзначыць, што ў беларускай прэс-фатаграфіі ўсё больш упэўненым робіцца пакаленьне Y. Калі першы конкурс сярод здымкаў 2005-2010 году выйграе «рэпарцёр-карыфей» (Віктар Драчоў, на момант перамогі ў Прэс-фота Беларусі яму было 53 гады), то наступныя гран-пры атрымліваюць зусім маладыя ўдзельнікі (Сяргей Гудзілін — 23 гады, 2011; Алесь Васюковіч — 27 год, 2012). Хаця існуе меркаваньне, што культавыя беларускія фатографы, які сталі зоркамі ў 90-я, цяпер лянуюцца камусьці нешта даказваць і не дасылаюць на конкурс свае лепшыя здымкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0578 seconds.