Студэнтам Акадэміі музыкі прыйдзецца пацясьніцца: да іх падсяляюць кітайскіх пралетарыяў

У інтэрнаце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Менску ва ўсю ідзе пераробка студэнцкіх пакояў: да будучых скрыпачоў і віялянчэлістаў падсяляюць кітайскіх працоўных. Паведамленьне аб падсяленьні зьявілася празь некалькі дзён пасьля заявы менскіх уладаў аб тым, што ў беларускіх студэнцкіх інтэрнатах чужынцаў больш няма.


Адна з кітайскіх будоўляў у Менску. Фота euroradio.fm

Для жыхароў студэнцкага інтэрнату Акадэміі музыкі на вуліцы Кісялёва ў цэнтры Менска ўсталёўваюць двух’ярусныя мэталічныя ложкі — сьпевакам і музыкам прыйдзецца пацясьніцца, бо на месцы ў інтэрнаце таксама прэтэндуюць кітайскія працаўнікі. Аб гэтым паведамляе Расейская служба BBC.

«У ліфце, у туалетах — шыльды на кітайскай. Я інтэрнацыяналіст, вядома, але мае суседзі не граюць на скрыпцы і ня хочуць зважаць на тое, як зручна жыць і займацца сваёй справай мне», — кажа студэнт, які папрасіў не называць яго імя, «а то і такога інтэрнату пазбавяць».


Інтэрнат БДАМ на вуліцы Кісялёва. Фота bgam.edu.by

Пры гэтым BBC адзначае «беспрэцэдэнтны ўзровень ўзаемнага даверу і падтрымкі» паміж Кітаем і Беларусьсю. Акрамя мноства супольных праектаў, будаўнікі аднаго зь якіх верагодна і стануць суседзямі студэнтаў-музыкаў БДАМ, Кітай і Беларусь разьвіваюць супрацоўніцтва ў адукацыі.

На 1 верасьня 2011 году ў дзяржаўных ВНУ Беларусі навучалася болей за 1.2 тысячы кітайскіх студэнтаў. Іх студэнцкая дыяспара — трэцяя па ліку сярод замежных навучальных супольнасьцяў у краіне.

Кітайцы прэтэндуюць ня толькі на ўжо існыя месцы ў студінтэрнатах, але і на яшчэ ня ўзьведзеныя будынкі. Сапраўдны чайнатаўн можа зьявіцца пад дахам БНТУ: кітайцы хочуць будаваць студінтэрнат на пляцоўцы ўнівэрсытэту, каб пасьля заняць палову месцаў у ім. Аб гэтым месяц таму заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.

Выгналі бізнэс, каб даць месца кітайцам?

Нядаўна беларускія ўлады пачалі кампанію па высяленьні са студэнцкіх інтэрнатаў бізнэсмэнаў, якія здымалі пакоі ў гэтых будынках пад офісы. На мінулым тыдні намесьнік менскага мэру Ігар Карпенка заявіў, што памяшканьні інтэрнатаў ад камэрсантаў вычышчаныя:

«Мы сутыкнуліся з тым, што кіраўнікі суб’ектаў гаспадараньня, якім належаць інтэрнаты, здавалі некаторыя памяшканьні ў арэнду пад офісы. Сёньня мы гэтую сытуацыю практычна выправілі. Памяшканьні вернутыя ў жылы фонд», — кажа намесьнік менскага мэру Ігар Карпенка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.