На права арэндаваць адну кватэру ў Мінску цяпер прэтэндуюць 3–4 чалавекі

Нягледзячы на тое, што кошты на арэнду жылля ў Мінску перавысілі ўсе магчымыя максімумы, зняць кватэру ў беларускай сталіцы сёння надзвычай складана.


Зняць пакой у Менску можна і за $70, але найчасцей за двухпакаёвую кватэру прыйдзецца ў сярэднім $384. Фота Юля Сакалоўская

За апошнія месяцы цэны арэндных кватэраў у Мінску значна выраслі. Калі ў 2008 годзе за аднапакаёвую кватэру разам з камунальнымі ў сярэднім прасілі $281, то ў пачатку студзеня 2012 году аднапакаёвая кватэра ў сярэднім каштавала $311, двух- і трохпакаёвыя — $384 і $408 адпаведна. Пры гэтым цэны нават не думаюць падаць ці спыняцца — яны ўвесь час растуць, піша «Рэспубліка» па спасылкай на агенцтва «Твая сталіца».

Гэтак, маленькую аднапакаёвую кватэру недалёка ад МКАД прапануюць за $300, звыш гэтай сумы — камунальныя плацяжы і аплата дамовы арэнды. Хоць часцей сустракаюцца варыянты фармату «ўсё ўлучана» за $400. Можна зняць «чатыры сцяны» і на вуліцы Байкальскай у раёне метро «Магілёўская» за $210, вось толькі гаспадары патрабуюць перадаплату за год. За двухпакаёвую кватэру на вуліцах Каліноўскага і Якубава з мэбляй і пральнай машынай просяць $500, на праспекце Пераможцаў — $950.

Студэнцкія варыянты з пакоем са спальным месцам і мінімумам мэблі каштуюць $160–180. Для аскетаў падыдзе і варыянт за $120. Зрэдку сустракаюцца прапановы за $70 на ўскрайку гораду.

Як адзначаюць рыэлтары, у студзені даволі значна вырасла колькасць «новых» кватэр на рынку арэнды.

«Са студзеня кватэр у нашай базе стала на 30% больш, гэта адчуваецца», — распавядае кіраўніца ўпраўлення арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Валянціна Сянчыхіна.

Аднак тых, хто шукае жыллё, усё роўна болей.

«Да нас штодня толькі па Інтэрнэце прыходзіць каля 150 заявак, а колькі людзей яшчэ па тэлефоне тэлефануюць… І ўсё ж гэтая сітуацыя далёкая ад верасня-снежня, калі ўдзень мы афармлялі каля 2 тыс. онлайн-заявак. Тады на адну кватэру прэтэндавалі па 7–8 чалавек», — кажа Валянціна Сянчыхіна.

Калі ж скончыцца гэты даўно ўжо не студэнцкі бум? Пасля таго, як у мінулым годзе Аляксандр Лукашэнка прыгразіў канфіскаваць жыллё ў тых, хто пабудаваў яго на льготны крэдыт, а цяпер здае ў арэнду, колькасць новабудоўляў у пераліку прапанаванага арэнднага жылля рэзка пайшла на спад. Як адзначаюць у агенцтвах, кватэр, якія здаюцца ў наём, да прыкладу, у Фрунзенскім раёне сталіцы, дзе ў апошнія гады было разгорнутае грандыёзнае будаўніцтва жылля, стала меней у разы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.