Інтэрвію з забароненым гуртом
Прайшоў год пасьля новага рэлізу сьпісу забароненых, у які былі ўнесеныя 57 творцаў. І па вясьне 2012 сьпіс пачынае набухаць новымі імёнамі. Падрабязнасьці сэрыялу «Вы ж і самі ўсё разумееце» новыя імёны распавялі ў размове з Generation.by.
Узялі маленькую «гантэльку» і раскацілі
Арганізатары патэлефанавалі за суткі і сказалі: такая сытуацыя, што альбо зусім канцэрту ня будзе, альбо ён пройдзе бяз нас.
Я ляжаў дома, і мы сарваліся ўжо ехаць у клюб, размаўляць. Але абмеркавалі — і стала зразумела, што ў гэтым няма сэнсу. Узялі маленькую «гантэльку» і раскацілі.
На наступны дзень арганізатары тэлефануюць: ці зможаце вы нармальна зайграць, калі ўсё ж пытаньне вырашыцца? Але пытаньне не вырашылася.
Яны паехалі вырашаць «што, чаму і як, ці можна зрабіць, ці не». Нават казалі, што некаторых людзей там турбавалі сур'ёзных. Але не такія яны аказаліся, падобна, і сур'ёзныя. Што там былі за такія людзі, нам не цікава. Мо які Валодзя са Жлобіна, Міша з Растову. Кожны ж там, бліна, сур'ёзны чалавек, які сядзіць і гаворыць: «Я тут вырашаю».
Па тэхнічных прычынах
Рэжуць па-балючаму. Ты хочаш граць, каб пад табой стаялі людзі і адрываліся. А табе гэтага не даюць.
Арганізатары папрасілі не раздуваць, нікому нічога не казаць. Спачатку яны меркавалі, што калі ня будзе шуму, то ўсё яшчэ вырашыцца. Казалі, каб разруліць потым пойдзем запытаем «А чаму, а як, а вось наш дыск, а мы нічога такога не сьпяваем». Блін! Але ім гэта ня трэба. Не маленькія людзі, разумеем.
Самі яны прыдумалі адмазку на канцэрце якую: «Па тэхнічных прычынах мы ня можам выступаць». Вырубае. Што, не маглі праўду сказаць?!
Зразумела, што ўладальніку клюба стромна. Могуць і прыкрыць яго.
Мы ня першыя і ня мы апошнія.
Нішцяк, нас забаранілі — мы рэспэкт
Зразумела, што забаранілі нас. Але ў нас яшчэ канцэрты будуць якія. І не хацелася б проста афішаваць адразу, што мы ўжо супэр-забаронены гурт. Навошта гэта. Задача ж на самой справе — граць.
Канешне ж, нішцяк, нас забаранілі — мы рэспэкт. Але нам гэтага ня трэба. Мы граем, пішам песьні і хочацца ня проста іх на плытках выдаваць.
Ты яшчэ не прачнуўся ў гэты дзень, калі мусіць быць канцэрт, а табе ўжо тэлефануюць за камэнтарамі «Давай! Дык, а што там, як?». А я кажу, такая сытуацыя, прашу: не пішыце. Давайце да арганізатараў. Мы самі нічога ня ведаем дакладна.
Напішуць «забаранілі» — можа тады і зусім ня будзе канцэртаў. Хаця мы ня ведаем, можа іх і так ужо ня будзе.
Якія вы забароненыя, калі вы граеце
Калі б мы пачалі казаць, што мы цяпер забаронены гурт, то арганізатары б тлумачылі, што мы па тэхнічных прычынах ня граем, і што людзі могуць здаваць квіткі, і ім будзе зьніжка на наступны наш сольны канцэрт. Але ці будзе гэты сольны канцэрт?
Калі наступны маленькі канцэрт, што мы плянуем, не адбудзецца, то тады ўсё ўжо будзе зразумела канчаткова. А можа там адбудзецца, а потым не адбудзецца.
Скажуць: якія вы забароненыя, калі вы граеце?
Аналізаваць гэта ўсё цяжка ды й ня хочацца.
У сыстэмы мусяць больш сур'ёзныя мэты, чым займацца гуртамі і не даваць некаму граць. Займіцеся вы мо бамжамі хаця б! :)
Будзе натхненьне на новыя песьні па-любому. Рок-н-рол чым больш прэсуеш, тым больш загартаваны ён робіцца. Разьвязваюцца рукі. Табе няма чаго губляць.
Арганізатары наступнага канцэрту ўжо хвалююцца «А што ў вас там і як?»
Пару разоў паўторыцца сытуацыя і арганізатары самі скажуць: ня будзем мы займацца гэтым.
Мы цяпер спадзяемся, што можа будзе канцэрт, які не заўважаць, і тады ён адбудзецца. Думаем, можа лепей ужо не афішаваць асабліва.
Арганізатары наступнага канцэрту ўжо хвалююцца «А што ў вас там і як?»
Сваякам распавялі
Яны ўжо звыкліся, што мы — не Стас Міхайлаў.
Але забаронены гурт — гэта нешта не зразумелае. Відаць, ты фашыст, матам лаесься ці што.
Некаторыя нават віншавалі
Самае аптымістычнае было пасьля забароны, што шмат людзей нас падтрымлівае. Пішуць, тэлефануюць. Нават не чакалі, што будзе столькі. Некаторыя нават віншавалі.
Вельмі бачна, хто як да цябе ставіцца. Нават тыя ж журналісты. Нехта хоча зрабіць проста гарачы матэрыял. Іншыя наадварот хоць і хацелі б, але ж разумеюць, што могуць падставіць і арганізатараў і гурт. А ёсьць такія, якім пофіг. Хоць раней пісалі пра нас.
Ім пофіг. Яны іншым дыхаюць
У асноўным забараняюць тых, хто сьпявае на зразумелых мовах. На музычных сайтах цяпер найбольш пішуць пра гурты, якія сьпяваюць тут па-ангельску альбо не сьпяваюць наагул. Ці сьпяваюць пра каханьне ды абстрактнае штосьці. Новыя маладыя музыкі самі ня хочуць гэтым займацца і гуляюць па навязаных правілах.
Ім пофіг. Яны іншым дыхаюць. У іх музыка зусім іншая.
Пакуль цябе гэта не кранулася, ты па-іншаму ставісься, канешне.
Сустрэнемся на чужых канцэртах
У нас была рэпэтыцыя за суткі да канцэрту, калі мы ўжо ведалі, што будзе. Разьбіралі сабе новыя песьні, нармальна было. Тут галоўнае — рукі не апускаць. Трэба працаваць. Ня першы год у тэме, каб з гэтым завязаць. Думаем цяпер пра фармат, пра новыя тэхналёгіі.
На замежныя канцэрты прасьцей езьдзіць, калі ты адзін-два. Поўны склад гурта арганізатарам запрашаць невыгодна. Пасьля забароны могуць пачаць запрашаць на канцэрты, напрыклад, тыя ж палякі, дзе на нас будуць глядзець так: «Эх вы, бедныя беларусы». Гэтага ня хочацца.
Цяпер можа будзе прасьцей з запісамі. Бо канцэрты зрываюць рытм. Мы працуем-працуем над новым. Потым раз — і трэба вяртацца да праграмы канцэртнай. Цяпер рытму будзе трымацца лягчэй.
Што можна зрабіць, каб данесьці інфармацыю пра забароненых, калі ў прэсе пісаць нельга? Гм.. Пісьмо напісаць у міністэрства культуры можа... Папрасіць, каб перапісалі яго 48 разоў і разаслалі далей.
Цяпер цяжка хадзіць на іншыя канцэрты. Ня проста гэта.
Сустрэнемся на чужых канцэртах.