Беларускую адукацыю наблізяць да расейскіх стандартаў
Больш чым на траціне спэцыяльнасьцяў у беларускіх ВНУ працягласьць навучаньня будзе скарочаная да чатырох альбо чатырох з паловай гадоў. Якія прычыны гэтага рашэньня, на што стане падобная беларуская адукацыя пасьля такой рэформы і як яна адаб’ецца на лёсе выкладчыкаў і студэнтаў?
Упершыню аб скарачэньні тэрмінаў навучаньня загаварыў Лукашэнка ў жніўні мінулага году. Паўгады пра рэформу не было нічога чуваць, але ўвесну зьявілася канцэпцыя скарачэньня тэрмінаў атрыманьня вышэйшай адукацыі першай ступені, зацьверджаная 22 сакавіка міністрам адукацыі.
Непрывабная, састарэлая адукацыя і неабдуманая магістратура
«
5-гадовы тэрмін навучаньня апынуўся насычаным дысцыплінамі, якія часьцяком слаба зьвязаныя з будучай прафэсійнай дзейнасьцю студэнта і не аказваюць істотнага ўплыву на яго агульнаадукацыйны і прафэсійны ўзровень», — гаворыцца ў канцэпцыі.
Дасталася ад аўтараў рэформы і шматпакутнай беларускай магістратуры:
«Пры пераходзе на двухступеньчаты прынцып вышэйшай адукацыі магістратура ў рэспубліцы была ўведзеная бяз дбайнага аналізу і карэктыроўкі тэрмінаў навучаньня на першай ступені».
«Наша адукацыя стала менш прывабнай для спажыўца і працадаўцы (за 5 гадоў падрыхтоўкі многія веды састараваюць), неапраўдана затратнай для дзяржавы», — раскрываюцца галоўныя прычыны скарачэньня тэрмінаў навучаньня: неабходнасьць хутчэй рыхтаваць замежных студэнтаў, а таксама менш сродкаў траціць на падрыхтоўку сваіх.
Выпраўляць сытуацыю будуць тыя ж самыя функцыянэры, што ў папярэднія гады «неабдумана» пераходзілі на двухступеньчаты прынцып вышэйшай адукацыі і рабілі яе «менш прывабнай для спажыўца і працадаўцы». Гледзячы па афіцыйных дакумэнтах, новай галоўнай мантрай беларускіх чыноўнікаў стане «пераўтварэньне сыстэмы вышэйшай адукацыі ў бок яе спрашчэньня, вызваленьня ад непатрэбных элемэнтаў».
Беларускую адукацыю вызваляць ад непатрэбных элемэнтаў. Але адукацыйныя чыноўнікі застануцца тымі ж самымі
Непатрэбнымі аказаліся найперш гуманітарныя дысцыпліны. Ня стане такіх раней абавязковых прадметаў, як асновы права, сацыялёгія, псыхалёгія і пэдагогіка. З раскладаў студэнтаў зьнікнуць таксама экалёгія, ахова працы і абарона насельніцтва. У выніку рэформы працягласьць вывучэньня гуманітарных дысцыплінаў у беларускіх унівэрсытэтах скароцяць у 2 разы для тых, хто будзе вучыцца 5 гадоў і на 40% для тых, хто атрымае дыплём за 4 гады.
Праект навучальнага пляну гуманітарнага цыклу ў беларускіх ВНУ
У выніку ўжо з 2013 году, а ў Акадэміі кіраваньня і Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры ўжо з гэтага году многія спэцыяльнасьці будуць выкладацца не 5 гадоў, а 4 альбо 4.5. Цяпер такіх толькі 69 з 378 існых. А будзе 146.
І гэта яшчэ не мяжа: агулам «неэфэктыўнымі з пункту гледжаньня затрачаных рэсурсаў» называюць аж 199 альбо 53% усіх спэцыялізацый.
Да расейскіх стандартаў
Паказальна, што пры пераходзе на новыя стандарты навучаньня ў беларускіх ВНУ аўтары рэформы, найперш Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (РІВШ), раяць зьвяртацца… да расейскіх стандартаў:
Унівэрсытэтам пры падрыхтоўцы новых плянаў РІВШ раяць «улічыць тэрміны навучаньня па адпаведных спэцыяльнасьцях вышэйшай прафэсійнай адукацыі Расейскай Фэдэрацыі». Там 4 гады вучацца на двух трацінах усіх спэцыялізацый.
Акрамя пазбаўленьня ад гуманітарных дысцыплін акцэнт у беларускіх ВНУ зробяць на перанос практыкі ўжо на час адпрацоўкі, павелічэньне самаадукацыі і зьмяншэньне колькасьці практычных заняткаў і лекцый.
Агулам беларускі бакаляўрыят мусіць стаць месцам, дзе будуць рыхтаваць «спэцыялістаў шырокага профілю з добрай фундамэнтальнай і агульнапрафэсійнай базай, на аснове якой можна хутка „нарошчваць“ новыя спэцыяльныя веды». Апошнім мусіць заняцца магістратура, працягласьць навучаньня на якой павялічаць да 2 гадоў і зробяць «практыкаарыентаванай».
Пры гэтым заахвочваць паступаць на другую ступень адукацыі будуць лепшымі кар’ернымі пэрспэктывамі: выпускнік магістратуры будзе мець права на лепшую пасаду за ўладальніка
Выкладчыкі застануцца бяз працы?
Яшчэ адным вынікам цяперашняй рэформы стане скарачэньне выкладчыкаў, асабліва гуманітарыяў: працы ў іх цяпер будзе няшмат. Хаця адукацыйныя чыноўнікі сьцьвярджаюць, што звальняць нікога ня будуць: максымум падкарэктуюць нагрузку, а, значыць, і заробкі. Вядома, у меншы бок.
Напрыклад, у Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце кажуць, што калі з пераходам на
4-гадовую адукацыю нагрузкі выкладчыкам хапаць ня будзе, пэдагогам будуць даваць па адной стаўцы. Цяпер большасьць выкладчыкаў гэтай ВНУ працуюць на 1.5 і 1.25 стаўкі, піша «Вячэрні Брэст».
«Ёсьць выкладчыкі, якія ў штаце працуюць, а ёсьць, якія на сумяшчэньні. Ёсьць проста, якія па гадзінах чытаюць, свае 240 і ўсё. Вось іх скароцяць найперш, а штатныя застануцца», — патлумачылі Эўрарадыё на катэдры паліталёгіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.
А найбольшыя скарачэньні пэдагогаў могуць адбыцца… у Пэдагагічным унівэрсытэце! Там скарачаюць ня толькі працягласьць навучаньня, а і цэлыя спэцыяльнасьці.
Але спэцыялісты Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы поўныя аптымізму:
«Можа, нехта з выкладчыкаў і застанецца бяз працы. Гэта залежыць ад таго, як ВНУ гэтую сыстэму паставіць. Можна зрабіць так, што нічога не скароціцца», — кажуць у РІВШ.