Першыя ахвяры новых правілаў разьмеркаваньня
У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі пачалося разьмеркаваньне выпускнікоў. Пад яго трапляюць ня толькі студэнты бюджэтных аддзяленьняў, але і платнікі-завочнікі.
Як паведамляе прэс-служба ўнівэрсытэту, нягледзячы на тое, што некаторыя студэнты атрымліваюць адукацыю за кошт уласных сродкаў па дыстанцыйнай форме навучаньня, яны ўсё роўна былі разьмеркаваныя.
Такі лёс спасьціг аднаго са студэнтаў інжынэрна-эканамічнага факультэту спэцыяльнасьці «Інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі (ў эканоміцы)». Ён быў разьмеркаваны, бо да пераходу на факультэт бесьперапыннага і дыстанцыйнага навучаньня гэтага ж унівэрсытэту студэнт скончыў 3 курсы бюджэтнай формы навучаньня.
А паводле нядаўна прынятага Кодэксу аб адукацыі і Палажэньня аб парадку разьмеркаваньня ўсе, хто пасьпеў адвучыцца хаця б палову тэрміну навучаньня за кошт бюджэтных сродкаў, мусяць быць разьмеркаваныя. Гэта і здарылася ў сытуацыі са студэнтам БДУІР.
Але ў гэтым жа ўнівэрсытэце сёлета здарылася і супрацьлеглая гісторыя: два выпускнікі інжынэрна-эканамічнага факультэту хоць і завяршаюць навучаньне ў статусе «бюджэтнікаў», разьмеркаваньню не падлягаюць — больш за палову тэрміну атрыманьня адукацыі яны правучыліся платна. Яны атрымаюць «вольны дыплём».
Што здараецца са студэнтамі, якіх адпраўляюць па разьмеркаваньні
Як вядома, першымі разьмяркоўваюць тых студэнтаў, што вучацца найлепей. Што цікава, на тым самым факультэце БДУІР два з трох лепшых студэнтаў адправяцца адпрацоўваць у дзяржаўныя ўстановы: найлепшая выпускніца факультэту Інэса Хвядчэня будзе працаваць у абаронным прадпрыемстве «Агат-сыстэмы кіраваньня», што нядаўна занялася распрацоўкай беларускага безпілотніка. Яшчэ адна дзяўчына з тройкі лепшых застанецца працаваць на БДУІР. Другі ж па пасьпяховасьці студэнт факультэту знайшоў працу ў буйнейшай IT-кампаніі краіны Epam systems.