Вышэйшая адукацыя ў Беларусі: не мужчынская справа?

Вышэйшая адукацыя ў Беларусі: не мужчынская справа

Беларуская адукацыя становіцца ўсё больш справай дзяўчын. Ужо цяпер больш за 57% усіх студэнтаў маюць жаночы пол. І трэнд усё больш схіляецца не на карысьць мужчынскай паловы студэнцтва, якая «здае» жанчынам спэцыяльнасьць за спэцыяльнасьцю.

Калі вы жадаеце апынуцца сярод прыгожых і маладых студэнтак, найперш варта ісьці вучыцца/працаваць у менскія Наргас ці Пэдагагічны ўнівэрсытэт. Гэтыя ВНУ чарговы раз пацьвердзілі статус самых «жаночых» беларускіх навучальных установаў.

Дзяўчыны — гэта цэлых 57.1% усіх студэнтаў ВНУ сістэмы Мінадукацыі. Найвялікшая іх колькасьць — 18 229 чалавек (78.0%) — навучаецца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. У Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце гэты паказчык складае 14 327 чалавек (83.9%).

А вось першае месца паводле канцэнтрацыі студэнтак на квадратны мэтар сярод буйнейшых ВНУ займае Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт. Там верагоднасьць напаткаць хлопца толькі 15%, бо астатнія студэнты — дзяўчыны. Аб гэтым сьведчаць дадзеныя Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі.

У прыватных ВНУ сытуацыя з суадносінамі студэнт/студэнтка яшчэ горай: 69.5% ад агульнай колькасьці студэнтаў прыватных інстытутаў складаюць жанчыны.

Беларуская эканоміка і кіраваньне — будучыня за жанчынамі?

Што цікава, дзяўчыны дамінуюць ня толькі, як тое ўжо даўна прынята, на пэдагагічных і мэдыцынскіх факультэтах, але і ў сфэры права, кіраваньня, гуманітарных навук і эканоміцы. Да прыкладу, амаль 3 з 4 беларускіх студэнтаў, што вывучаюць мэнэджмэнт, далёка не студэнты, а студэнткі!

Больш за тое, студэнткі ўжо пераважаюць нават у прыродазнаўчых навуках, ня кажучы пра спэцыяльнасьці са сфэры экалёгіі, фізычнай культуры і турызму.

За хлопцамі-студэнтамі ў Беларусі «засталіся» пакуль толькі сфэра «тэхнікі і тэхналёгій» (на кожную студэнтку тут прыходзіцца тры студэнты) ды сельская гаспадарка з будаўніцтвам. Але ва ўсіх гэтых накірунках мінімум трэцяя частка студэнтаў ужо мае жаночы пол.

Да чаго такая сытуацыя прывядзе праз гадоў дзесяць? Жанчыны ў Беларусі будуць дамінаваць, верагодна, ня толькі ў сфэры сацыяльнага абслугоўваньня і мэдыцыны, але і на юрыдычных ды кіраўнічых пасадах. А мужчыны змогуць знайсьці сябе, напрыклад, на месцах сакратароў пры жанчынах-кіраўнічках :).

Зрэшты, у большасьці заходніх краін вышэйшую адукацыю імкнуцца атрымаць перш за ўсё дзяўчыны. Напрыклад, у Польшчы 56,4% навучэнцаў ВНУ — студэнткі, у Фінляндыі іх 56%, а ў Аўстрыі — 52% студэнткі. Але Беларусь па гэтым паказчыку ў лідэрах. Прынамсі, у гэтай групе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1314 seconds.