Феміністкі, мастачкі і геі: тры гендэрныя гісторыі

Ілюстрацыя: Воля Кузьміч

Хтосьці жыве богам пакалення 18+ Ошо, а хтосьці вывучае гендэр. Некалькі гісторый, якіх бы не было, калі б не гендэрныя міфы, расказваюць удзельніцы круглага стала «Мастацтва пераадолення гендэрных мітаў», які прайшоў 28 лістапада ў межах праекта “Фемінісцкая (art) крытыка

«Для яго каханне – гэта неабходная аснова, каб рабіць іншыя рэчы.
Для жанчыны – усё наадварот: яна будзе рабіць іншыя рэчы, таму што яна любіць. Калі яна не любіць, яна перастае рабіць нешта ўвогуле».

Ошо. Мужчына і жанчына. Танец энэргій.

«Мужчыны ў нас за жанчын паўсюль хаваюцца»

Ненарматыўныя людзі, якія выпадаюць з «правільнай» і сацыяльна ухваленай мадэлі паводзін – іх прынята не заўважаць, нібы іх няма. Хто б падумаў, што тут у адным шэрагу бамжы, геі і дзяўчаты-хлопчыкі.

Ірына Саламаціна

«Наша маладая дызайнерка расказала, што мае знаёмую, якая займаецца боксам. Яна выпадае з нарматыўнай жаноцкасці – высокая, са стрыжкай і ўвесь час адчувае дыскамфорт», – распавядаепра ўзнікненне адной фотасэсіі Ірына Саламаціна, каардынатарка праекта “Гендэрны маршрут”.

Калі пачалі абмяркоўваць, як апрануць яе ў баксёрскую вопратку, Ірына згадала ўжо чутую раней гісторыю:

«У Беларусі была цікавая каманда па хакеі “Пантэра” – жаночая, якая паказвала вельмі добрыя вынікі. Памочнік прэзідэнта па спартыўных пытаннях Максім Рыжанкоў заявіў, што прычынай закрыцця жаночага клубу ёсць залішняя яго паспяховасць, якая можа паказаць “мужчынскія команды” ў нявыгадным святле: “… мужчыны ў нас за жанчын паўсюль хаваюцца. Калі такая сітуацыя складзецца і ў хакеі, прэзідэнт назаве гэта двайной ганьбай».

«…Фотасэсія ішла прыкладна 40 хвілін. Цікава, што шмат людзей проста праходзілі міма, а на дзяўчыну ў майцы ніхто не звяртаў увагі.

У нас ёсць нарматыўны вобраз мадэлей, які ўключае ў сябе пэўныя стандарты ўяўлення аб жаночай прывабнасці: светлыя даўгія валасы, белазубая ўсмешка і зграбнае цела. Інакш – мадэлі сэксуальна прывабных жанчын, аб’ектаў мужчынскага жадання. І гэтая дзяўчына як мадэль гатовая да актыўных дзеянняў адсутнічае ў публічнай прасторы. Але гэта не азначае, што яе няма.

І калі яна мне гэта апісала, я згадала праект Мішы Гуліна колькі год таму.

Ён мае праект “Я не…” У “Я не гей” ён пераапрануўся ў ружовую сукенку і хадзіў па горадзе з таблічкай з такім надпісам. І ўласна на яго ніхто не рэагаваў. Толькі міліцыянер у ГУМе сказаў выйсці, калі ён спрабаваў прымераць мужчынскі пінжак».


Фота: Таісія Забелава

«Яны ўваходзяць у сям’ю і займаюцца бытавымі пытаннямі»

Другое назіранне Ірыны тычыцца самога слова «фемінізм» – як апынулася, эпатажнага.

«У нас месяц таму ў галерэі «Ў» была выстава XXY. Ніякіх праблем з друкам у «Карандашы» не было. Падтрымаў Samsung, забяспечваў тэхніку для экспанавання.

Нас “Карандаш” адмовіўся друкаваць, сказалі: “Пішыце афіцыйна прашэнне, і на працягу 30 дзён мы разглядзім і адкажам, ці можам надрукаваць афішы са словам “Фемінізм”. А калі мы звярнуліся да Samsung’у, яны сказалі: “Дайце нам тыдзень падумаць, у вас нейкая назва… Яна нас бянтэжыць".

Гэта добры прыклад таго, як мы можам сказаць, што такая сітуацыя ёсць. І вось у мяне пытанне да Алесі Жыткевіч: ці не спужала цябе назва?»

«Ніколі. Гэта тэма важная для Беларусі, – уступае ў размову светлавалосая дзяўчына-мастачка, праца якой “PERSONAL IS POLITICAL” экспануецца ў межах праекта. – Крыху раскажу пра сябе: я заканчваю Акадэмію мастацтваў. Пры паступленні нам выкладчыкі, не саромеючыся, казалі, што ў першую чаргу набіраюць студэнтаў-хлопцаў, нібы з іх атрымліваюцца лепшыя мастакі.

І ўжо ў працэсе навучання я зразумела, што многія мае сакурсніцы заканчваюць Акадэмію, і ніяк не атрымліваецца з іх мастачак. Яны ўваходзяць у сям’ю і займаюцца бытавымі пытаннямі. І ўсё, мастачкі няма.

Мая серыя прац — гэта сімвалічныя вобразы, народжаныя праз асабісты вопыт і якія заклікаюць да прамой размовы пра прыгнёт, з якім сутыкаецца амаль кожная жанчына ў жыцці».

«Ніхто не абавязаны нас любіць»: пра жаночую чуллівасць і самаацэнку

Вольга Гапеева

Тонкая дзяўчына з адной завушніцай – такой кідаецца ў вочы Вольга Гапеева, паэтка, перакладчыца і даследчыца, навучалася калісьці у магістратуры, звязанай з гендэрнымі даследаваннямі. Па жыцці яе атачаюць людзі з больш-менш падобным бэкграўндам.

«Але нядаўна я была на сустрэчы пісьменнікаў. І быў пісьменнік са Швецыі. Казаў зразумелыя мне рэчы, я падняла руку і сказала, што акурат таго ж мне не хапае ў нашай сучаснай беларускай літаратуры для дзяцей. І што пасля пачалося! Мяне абвінавацілі, што я такая-сякая, пераймаю мадэлі іншых дзяржаваў…»

Гэта дзяўчыну выбіла з каляіны і нават давяло да слёз. Чаму так?

«Мне падаецца, у нас у 90% насельніцтва, асабліва ў тых, хто біялагічна жаночага полу, вельмі нізкая самаацэнка, – мяркуе Вольга. – І тое, што нас часам так лёгка расстроіць… Я кажу “мы”? Я пра сябе. Я адразу ўнутрана пачынаю моцна расстройвацца. Гэта звязана з тым, што, можа быць, няма ў мяне вялікай любові да сябе. А гэта вялікая праблема… Мы вельмі каштоўныя як адзінка і ніхто асабліва не абавязаны нас любіць, гэта наша адказнасць.

Як я выйшла з сітуацыі на сустрэчы з пісьменнікам? Быў перапынак, і я пайшла ў прыбіральню, патэліла сяброўцы, тая паклікала прыязджаць. І тут на калідор выйшаў гэты швед. Ён мяне наўпрост абняў і сказаў: «Дзякую, мне было вельмі важна, што вы мяне падтрымалі».


Ганна Валынец 13:41, 01.12.2014 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0454 seconds.