Яшчэ адзін амерыканскі ўніверсітэт застрахуе сваіх студэнтаў ад перамены пола

Усё здараецца ў жыцці. Але калі вы студэнт Браўнаўскага ўніверсітэту — адной з самых прэстыжных амерыканскіх ВНУ — то вам не варта непакоіцца нават аб магчымай аперацыі па перамене пола. Калі такая спатрэбіцца, універсітэт возьме на сябе ўсе выдаткі. Толькі б вашая вагінапластыка ці мастэктамія прайшла ўдала.


Універсітэт Браўн. Фота ALAN SHAN/HERALD

Яшчэ нядаўна ў ЗША істотнай праблемай з’яўлялася прызнанне новага імя тых людзей, якія хацелі змяніць пол, альбо іх права выкарыстоўваць прыбіральні, прызначаныя для людзей супрацьлеглага полу. Але змены прыходзяць хутка, і цяпер ужо вядучыя ўніверсітэты Амерыкі прапануюць сваім студэнтам медыцынскія страхоўкі, якія б дазволілі ім пры жаданні змяніць пол.

36-м каледжам, што ўнёс аперацыю па змене полу ў медыцынскі страхавы план для студэнтаў, стаў Браўнаўскі ўніверсітэт, што знаходзіцца на ўсходнім узбярэжжы ЗША у штаце Род-Айлэнд. У страхоўку будзе ўключана 14 тыпаў аперацый, звязаных з пераменай полу, у тым ліку такія, як вагінапластыка для мужчын і мастэктамія для жанчын. Колькі студэнтаў вырашыць скарыстацца магчымасцю аперацыі, пакуль невядома.

Агульная сума расходаў, якія пакрываюцца страхоўкай, складзе 50 тысяч долараў, піша студэнцкае выданне The Brown Daily Herald. У гэтую суму ўвойдуць не толькі самі аперацыі, але і звязанае з імі лячэнне, напрыклад гарманальная тэрапія. Новая страхоўка будзе даступная студэнтам са жніўня 2013 года.

Па словах актывістаў ЛГБТ-супольнасці, новы падыход універсітэту значна палегчыць жыццё студэнтаў, што жадаюць змяніць пол. Хаця медыкі ЗША прызнаюць падобныя аперацыі неабходнымі, страхавыя кампаніі пераважна лічаць іх касметычнымі працэдурамі і не пакрываюць усіх выдаткаў, звязаных з імі.

Абаронцы правоў геяў кажуць, што яшчэ дзесяць гадоў таму вялікім пытаннем з’яўлялася права студэнтаў аднаго полу выкарыстоўваць прыбіральні і жыць у пакоях для полу іншага, калі яны адносілі сябе да трансгендэраў. Цяпер большасць вядучых каледжаў ЗША ставяцца да гэтых пытанняў даволі ліберальна. Прыстанскі ўніверсітэт, як піша The New York Times, да прыкладу, увайшоў у дзясятку «найбольш транс-фрэндлі ўніверсітэтаў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1188 seconds.