7 самых-самых беларускіх вакалістак

Сьвята вясны, цюльпанаў ды торцікаў для самых прыгожых ужо ва ўсю карагодзіць. Тым часам першая па выніках мінулага году музычная прэмія акурат раздасьць свае ўзнагароды напрыканцы гэтага тыдня на вялікім канцэрце. Што цікава, там дзяўчаты на сцэну будуць падымацца хіба што дзеля вынасу статуэтак. Пра дзявочы сьлед у беларускай альтэрнатыве мы запыталіся ў заснавальніка сайту Ultra-Music і арганізатара аднайменнай прэміі Славы Радзівонава.

— Падобна, што сярод выступоўцаў 11 сакавіка на сцэне Ultra-Music Awards ня будзе ніводнай дзяўчыны. Як тады будзеце ўпрыгожваць сцэну?

— Неяк так склалася, што ўсе гурты будуць чыста мужчынскія. Проста ў 2011 годзе больш адзначыліся якраз хлопцы. Але дзяўчыны на сцэне будуць! Як мінімум, выносіць нашыя ультра-статуэткі будуць кабеты :)

— А прыгадай 7 самых-самых беларускіх вакалістак, якія траплялі ў твой плэй-ліст.

— Трэба прызнаць відавочную, але сумную рэч, што існуе гендэрны дысбалянс на альтэрнатыўнай сцэне, а менавіта пра яе мы распавядаем і менавіта такую музыку сам я часьцей за ўсё слухаю. Гэты дысбалянс назіраецца ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсім сьвеце: усё ж мужчынскіх рок-бэндаў значна больш. У поп-музыцы, наадварот, дзяўчын шмат. Іншая справа, што размова пра якасную музыку там рэдка ўвогуле вядзецца. Для мяне самае галоўнае ўсё ж музычныя здольнасьці, але добра, калі музыка спалучаецца з прывабнай зьнешнасьцю дзяўчыны-музыкі :)

  • Самым вялікім адкрыцьцём для мяне ў своё час стаў гурт Indiga, запісы якога я слухаю і дагэтуль. Вельмі шкада, што гурт спыніў існаваньне на адным альбоме. Але добра, што Руся не спыніла творчыя пошукі. Яе цяперашнія праекты — і Akana/Kazalpin, і Shuma — слухаю зь вялікай радасьцю.
  • Адно з галоўных адкрыцьцяў апошніх гадоў — Clover Club. У гурце граюць адразу дзьве прыгожыя дзяўчыны! І музыка адпаведная — разнастайная, модная, яскаравая, запамінальная.
  • Гурт «Айша» праіснаваў 10 гадоў, нават стаў ляўрэатам «Басовішча» ў 1996 годзе, а іх «Ёкагаму» чулі, напэўна, усе, але раптам зьнік і спыніў неўзабаве сваё існаваньне ў сярэдзіне першага дзясяцігодзьдзя 2000-х. Іх песьні зь вялікай асалодай слухаю і дагэтуль — крыху сумны, але гучны і запамінальны голас вакалісткі Вікторыі, прыгожыя мэлёдыі, добрыя тэксты… На жаль, ніколі на жывы выступ гэтага гурта я так і ня трапіў.
  • …як ніколі ня трапіў на выступы гурта Iris7. Мне вельмі падабаўся іх атмасфэрны поп-рок на мяжы з джазам і адрывісты гучны голас вакалісткі Ірыны. На жаль, з рэлізам альбому ў 2006 годзе гурт так і зьнік…
  • Пажарны аркестр «Гаротніца» — эклектычная мазаіка з клезмеру, фольку, джазу і не зразумела яшчэ чаго + харызматычная і прыгожая Валерыя Валадзько. Іх выступы па энэргетыцы круцей за які-небудзь буржуйскі Gogol Bordello. Толькі абавязкова трэба ім запісать паўнавартасны альбом ды пахутчэй!
  • Пра «Паліну Рэспубліка» ў апошні час казалі вельмі шмат. Не ўстрымаўся і я, паслухаўшы яе песьні. Прыгожая дзяўчына, прыгожыя дзявочыя песьні, цікавая манера выкананьня.
  • «Новае Неба» — легендарны беларускі гурт з чароўнай Касяй Камоцкай. Дагэтуль шмат якія песьні гатовы слухаць бясконца.

— Зь якіх беларускіх канцэртаў фатографы Ultra-Music прыносілі ў 2011 здымкі самых прыгожых дзяўчатаў перад сцэнай. Па вашых назіраньнях, на каго зь лідэраў беларускай альтэрнатывы сёньня больш за ўсё ходзяць дзяўчыны?

— На ўсіх канцэртах шмат прыгожых дзяўчын. Самымі папулярнымі сярод чароўнай паловы чалавецтва застаюцца поп-рокавыя J:морс і «Без билета», шмат дзяўчынак ходзіць на Akute, «Мутнаевока», «Аддис Абебу», The Blackmail. Спадзяемся, і 11 сакавіка прыйдзе шмат дзяўчын. Запрашаем!

Прэмія Ultra-music awards сёлета будзе адзначаная вялікім канцэртам у клюбе «Re:public» 11 сакавіка з удзелам шасьці гуртоў, якія адзначыліся ў мінулым годзе пасьпяховымі рэлізамі. Галоўны фольк-калектыў краіны этна-трыа «Троіца» прадставіць у клюбным фармаце леташні альбом «Зімачка», які атрымаў самыя высокія ацэнкі ад беларускіх і замежных экспэртаў. Аляксандр Памідораў са сваім праектам Pomidor/Off у межах UMA-2011 прэзэнтуе нядаўні альбом «Патас/Попс/Прапаганда». IQ48 выканаюць ўсе свае галоўныя гіты і прадставяць некалькі новых кампазыцый, а «Петля Пристрастия» зграе лепшыя песьні з альбомаў «Всем доволен» і «Гипнопедия». Таксама выступяць маладыя гурты The Stampletons (выпусьцілі ў мінулым годзе псыхадэлічны сінгл «Croquet») і Monkey Bite (запісалі дэбютны аднайменны EP). Пачатак канцэрту ў 18.00. Квіткі: 70 000 (танцпляц), 100 000 (столікі). Даведкі па тэлефонах: +375 29 1103535, +375 17 3103142.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.