Сяргей Бабкін пра музыку, тэатар і Брусэль

Сяргей Бабкін, вядомы як стваральнік гурта «5'nizza» — адзін з пяці яркіх музыкаў у праекце Сьвятаслава Вакарчука «Брусэль». Прычым, Бабкіна ў Менску любяць ня менш, чым самога фронтмэна «Акіяну Эльзы». У канцы лютага ў адным зь менскіх клюбаў прайшоў трыб'ют Сяргею Бабкіну. Ці ведае сам музыка аб такім трапяткім дачыненьні менчукоў да сябе? Напярэдадні канцэрту 11 сакавіка ў Палацы Рэспублікі Сяргей Бабкін адказвае на гэтае ды іншыя пытаньні.

Аўтар і выканаўца ўласных песень, музыка і актор Сяргей Бабкін — пэрсона вельмі шматгранная. Ён граў самога сябе ў фільме «Дзень радыё». Грае Гамлета ў «Тэатры 19». На пытаньне, якая роля цікавей — Гамлета або Сяргея Бабкіна — музыка прызнаецца:

— Цікава, вядома, капацца ў самім сабе. Пазнаваць сябе і праз гэта — вызваляцца.

Тое, што музыка Сяргей Бабкін робіць на сцэне, крытыкі называюць інтэлектуальным бард-рокам. Пасьля распаду 5'nizza ён грае паралельна ў некалькіх гуртах, самыя вядомыя зь якіх — Classica і KPSS. На брыфінгу ў Менску Сьвятаслаў Вакарчук абяцаў менскай публіцы больш вакалу Сяргея Бабкіна 11 сакавіка на канцэрце. Сяргей пацьвярджае гэты факт:

— Канцэртная вэрсія праекту «Брусэль» будзе ўключаць у сябе альбом з 12 песень і яшчэ плюс да гэтага некалькі песень ад Дзьмітрыя Шурава [клявішы праекта «Брусэль»] І ад мяне.

У складзе 5'nizza ў Бабкіна была мянушка «ОтецРодНой». Сёньня яго часьцей называюць украінскім Высоцкім, а то і папросту «Прамень Сонца Залаты» — у тыя моманты, калі Сяргей з гітарай выконвае песьню Трубадура з «Брэмэнскіх музыкаў». Ён выходзіць на сцэну басанож і тлумачыць гэта тым, што «мне так зручна». Ці здымалі абутак беларускія музыкі на сцэне, калі гралі трыб'ют Сяргею Бабкіну? Мабыць, гэта ня так важна. Цікава іншае: як Сяргей Бабкін ставіцца да трыб'юта самога сябе. Замест сказанай на дарогу прамовы беларускім музыкам ён бы сказаў наступнае:

— Вялікі Дзякуй! — бянтэжыцца Сяргей Бабкін і адразу мяняе тэму, узгадваючы, каму з музыкаў яны рабілі трыб'юты самі. — Нядаўна Classika ўдзельнічала ў трыб'юце гурта «Машина времени» — «Машинопись». Запісала кавэр-вэрсію песьні «Пой». Кавэр атрымаўся выдатны. Мне вельмі падабаецца рабіць кавэры, больш за тое, думаю, што ў хуткім часе Classika зробіць асобную праграму — каверы на саміх сябе. Навошта чакаць, пакуль хтосьці на нас зробіць кавэр?

Ён не баіцца экспэрымэнтаў, ён, па сутнасьці, наогул мала чаго баіцца. Шэсьць гадоў таму Сяргей Бабкін выступаў у грыме П'еро з чорнай намаляванай усьмешкай на канцэртах. «Гэта была спроба, якая хутка вычарпала сябе», — з усмешкай згадвае Сяргей Бабкін сёньня. Раней ён не ўяўляў сваёй творчасьці без тэатра. Але жыцьцё выдатнае сваёй непрадказальнасьцю. Таму што цяпер на просьбу абраць з двух роляў галоўную Сяргей Бабкін не задумваецца:

— Цяпер так складваецца, што вялікую частку часу я надаю музыцы. Спэктаклі граю рэдка. На гэта ёсьць свае прычыны. Адно толькі магу сказаць, што маё «тэатральнае» саступае «музычнаму». Гэта маё асабістае меркаваньне.

Крытыкі кажуць, што Сяргей Бабкін адраджае «напаўзабыты вобраз драматычнага актора-сьпевака», якімі былі Алег Анофрыеў або Андрэй Міронаў. Гэтую фантастычную асаблівасьць Бабкіна ня мог не заўважыць Сьвятаслаў Вакарчук, абраўшы для сольнага праекта лепшых украінскіх музыкаў, зь якімі яму хацелася б апынуцца на адной сцэне. Сяргей Бабкін успамінае, з чаго пачаўся «Брусэль»:

— Славік патэлефанаваў, затым была сустрэча. Мне гэта здалося цікавым, і я пагадзіўся.

Сяргей Бабкін у праекце «Брусэль» сьпявае і грае на флейце і гітарах. Разам зь ім Дзьмітрый Шураў, клявішнік Зэмфіры і «Акіяна Эльзы», тут ён за раялем, Макс Малышаў — на барабанах, Пётр Чарняўскі, гітарыст «ОЕ», гуляе на басу. Альбом «Брусэль» запісвалі на брусэльскай студыі ICP Recording Studios два тыдні. На фота са студыі ў Брусэлі відаць, што ўсе музыкі за час запісу адгадавалі бароды. Здаецца, што гэта наўмысна, як у палярнікаў або пустэльнікаў — быццам калі не галіцца, нішто не адцягвае ад музыкі:

— Па-першае, бароды былі толькі ў мяне і ў Пятра Чарняўскага, — сьмяецца Сяргей Бабкін. — Па-другое, прысутнасьць барады або адсутнасьць яе не на што не ўплывае. А па-трэцяе, любімай дачушкі Весяліны і жонкі Сьняжаны ў Брусэлі не было. Для каго галіцца?

Ён імкнецца радзей разьвітвацца з каханай жонкай, яны нават на гастролях не адпускаюць адзін аднаго. Мабыць, таму Сяргей Бабкін параўноўвае будучы канцэрт у Менску, які будзе першым у туры «Брусэль», з першым пацалункам — падзеяй непрадказальнай і вабнай:

— Гэта першы канцэрт. Як можна чакаць нешта загадзя ад першага пацалунку? Ты ня ведаеш, што гэта. Можна толькі спадзявацца і верыць у лепшае.

Канцэрт «Брусэль» адбудзецца 11 сакавіка ў Палацы рэспублікі, пачатак у 19.00. Квіткі па тэлефонах: (029) 763 11 11 і на сайце allstars.by.

15:00, 05/03/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.