У Менску зьявіцца яшчэ адна ВНУ

У сталіцу пераедзе Менская духоўная акадэмія, якая цяпер месьціцца ў Жыровічах. Новаразьмешчаная ВНУ стане, верагодна, найменшай з 32 існых — на дзённае аддзяленьне ў Акадэмію прымаюцца ня болей 4 дзесяткаў чалавек у год.

«Чакаецца, што Менская духоўная акадэмія пераедзе ў самы бліжэйшы час, то бок у гэтым годзе», — заявіў упаўнаважаны Беларускага Экзархату па сувязях са сродкамі масавай інфармацыі сьвятар Яўген Сьвідзерскі. Ён нагадаў, што месца для Акадэміі абранае побач са Сьвята-Духавым катэдральным саборам на Нямізе.

Выбар месца для новага будынку Акадэміі выклікаў скандал: каб засяліць ВНУ у новыя будынкі, у Верхнім горадзе ў Менску былі зруйнаваныя некалькі помнікаў архітэктуры.


Гэту бэрнардынскую камяніцу зруйнавалі, каб «адрэстаўраваць» пад патрэбы Менскай духоўнай акадэміі. Фота Радыё Свабода

Пазбавіўся Менск у тым ліку і аднаго са старэйшых збудаваньняў у Верхнім горадзе — бэрнардынскай камяніцы на рагу вуліц Кірыла і Мятода ды вуліцы Гандлёвай. Яна была ўзьведзеная тры стагодзьдзі таму, а цягам цяперашняй рэканструкцыі пад кіраўніцтвам Экзархату Рускай праваслаўнай царквы фактычна зруйнаваная. Паўсталы ў выніку гэтага будынак гісторыкі называлі ўжо ня помнікам архітэктуры 17 стагодзьдзя, а вынікам дзейнасьці архітэктараў стагодзьдзя 21-га.


На месцы гістарычных аб’ектаў узьніклі «катэджы» Духоўнай акадэміі. Фота Радыё Свабода

Цяпер у комплексе ў Верхнім горадзе разьмесьцяцца некалькі дзесяткаў студэнтаў. Духоўная акадэмія — вельмі малое ВНУ. На адным курсе тут вучацца, як правіла, 15 чалавек. Тэрмін навучаньня — тры гады. А ў мінулым годзе з Акадэміі выпусьціліся каля 10 чалавек, адзначае БелТА.

Акрамя Духоўнай акадэміі ў Менску знаходзяцца 32 з 55 існых беларускіх ВНУ. Большасьць зь іх кіруюцца дзяржавай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.