Замест праязных цяпер падрабляюць студэнцкія
За апошнія 5 месяцаў, якія прайшлі з моманту дазволу студэнтам карыстацца гарадзкім транспартам бясплатна, кантралёры ў транспарце заўважылі цікавую тэндэнцыю: пасажыры перасталі падробліваць праязныя білеты. Але зьявілася шмат падробных студэнцкіх.
У верасьні менскім студэнтам дазволілі езьдзіць бясплатна. У выніку сталічныя транспартнікі заўважылі: у горадзе перасталі падрабляць праязныя білеты. Як кажуць у Менсктрансе, гэта былі фальшыўкі вельмі нізкай якасьці. Ніякай мудрагелістасьці тут няма: нажніцы, клей — і адзін месяц зьмяняецца на іншы.
Зь верасьня прайшло пяць месяцаў, і за гэты час прадпрымальнасьці стала болей у тых, хто ва ўнівэрсытэце альбо ніколі не вучыўся, альбо даўна яго скончыў.
«Кантралёры больш уважлівыя да студбілетаў. Зараз пачалі падрабляць і іх. Але аб масавай вытворчасьці ніхто ня кажа», — заявіла ў інтэрвію БТ Натальля Ігралава, дырэктарка філіялу агенцтва «Менсктранс».
Зрэшты, ў Менску цяпер прыкладна 120 тысячаў студэнтаў. Большасьць зь іх карыстаецца грамадзкім транспартам. І праверыць білет кожнага на сапраўднасьць наўрад ці ўяўляецца рэальнай задачай.
Кандуктар пільна сочыць за студэнцкім
Улетку за праезд заплацяць усе
Яшчэ адна праблема, якая паўстала з часу дазволу на бясплатны праезд для студэнтаў, — узрослыя выдаткі на падтрымку транспарту пры нізкім кошце праезду. Таму зь верасьня транспартнікі літаральна б’юцца з чыноўнікамі з ураду за права ўзьняць кошт квіткоў яшчэ хаця б на некалькі соцень рублёў. Апошняя прапанова Менсктрансу — павялічыць плату за праезд да 1 800 рублёў.
Акрамя гэтага, з моманту ўвядзеньня бясплатнага праезду для студэнтаў, сталічная транспартная сетка пачала ліквідоўваць маршруты, з працы пачалі звальняцца кіроўцы і кандуктары, маршрутоўшчыкі таксама зьнізілі колькасьць перавозак.
Акрамя гэтага, мэрыя вырашыла пазбавіць школьнікаў права езьдзіць бясплатна ў час летніх вакацый. Маўляў, які праезд, калі вы адпачываеце?
Гэткі ж лёс можа напаткаць і студэнтаў. Мікалай Ладуцька ўжо некалькі разоў публічна выказваўся аб жаданьні адмяніць права езьдзіць бясплатна ўлетку для ўсіх навучэнцаў. А ўвосень яшчэ раз добра падумаць: ці дазваляць студэнтам зноўку перасоўвацца бескаштоўна.