Цяпер можна пісаць чыноўнікам электронныя лісты, а чыноўнікі абавязаныя адказваць

З 22 студзеня ў дзяржструктуры можна накіроўваць запыты ня толькі звычайным папяровым лістом, але і па электроннай пошце альбо праз адмысловую форму на сайце. Адказаць на электронны ліст чыноўнікі абавязаныя за 15 дзён. А на складзеныя па-беларуску лісты адказ мусіць прыйсьці таксама на беларускай мове.

За паўгода, якія прайшлі паміж падпісаньнем закону і яго ўваходжаньнем у сілу, усё дзяржструктуры завялі афіцыйную электронную пошту, і вялікая частка — адмысловыя формы на ўласных сайтах, з дапамогай якіх можна накіраваць электроннае зварот альбо скаргу.

Большасьць лістоў застаюцца без адказаў

Выканкамы абласьцей ужо атрымалі некалькі электронных зваротаў, паведамляе БелТА. Аднак большасьць зь іх складзеныя няправільна: адсутнічаюць пэрсанальныя дадзеныя — таму адказу ад чыноўнікаў пытальшчыкі не дачакаюцца.

Каб атрымаць адказ, запыт мусіць утрымліваць імя-прозьвішча заяўніка, месца ягонага жыхарства і/альбо працы ці навучаньня, сутнасьць звароту і адрас электроннай пошты.

«Новы фармат размовы з уладаю»


Так выглядае форма электронных зваротаў на сайце Менгарвыканкаму

Да прыкладу, сайт Менгарвыканкаму прапануе адмысловую форму, запоўніўшы якую, можна даслаць зварот да чыноўнікаў менскай мэрыі. Аднак для таго, каб атрымаць доступ да «новага фармату размовы з уладаю», трэба зарэгістраваць уласную э-пошту на сайце Менгарвыканкаму, пазначыўшы сваё сапраўднае імя.

Пасьля гэтага на сайце мэрыі можна сьмела «атрымліваць адказы альбо кансультацыю па пытаньнях, што цікавяць, выступаць з прапановай, ініцыятывай, а таксама выказваць сваё меркаваньне».

Як адзначае «КП в Белоруссии», практычна на ніводным сайце беларускіх міністэрстваў няма на галоўнай старонцы прыкметнай спасылкі на форму звароту. У асноўным яна схаваная за старонкай «Адно вакно». А э-мэйл на галоўнай старонцы ўласнага сайту паказвае толькі адно з трох міністэрстваў. Гэта значыць, каб напісаць чыноўнікам, ня выходзячы з хаты, трэба валодаць звычкамі ўпэўненага інтэрнэт-карыстальніка.

А ці дойдзе ліст?

Яшчэ адна праблема — ня ўсе сайты здольныя выводзіць паведамленьне аб тым, што зварот адпраўлены. То бок карыстальнік ня можа быць упэўнены, ці дайшоў ягоны ліст да адрасата. Зрэшты, як адзначаюць адмыслоўцы, нават калі ліст чыноўніку накіроўваецца праз асабістую электронную пошту, праверыць, што ён дайшоў да бюракратаў, фактычна немагчыма. Таму тым, каму сапраўды патрэбны адказ на запыт, раяць адсылаць паведамленьні звыклым чынам.

Акрамя асноваў працы зь Інтэрнэтам з уваходжаньнем у дзеяньне новага закону чыноўнікам прыйдзецца падвучыць і беларускую мову. Бо калі вы накіравалі ў дзяржорган зварот на беларускай мове, адказаць вам абавязаныя будуць толькі па-беларуску. Зрабіць гэта мусяць за 15 дзён, у скрайніх выпадках — празь месяц.

Як правільна аформіць электронны зварот

  1. Калі ў вашым лісьце асабістыя дадзеныя не пазначаныя, зварот разглядаць ня будуць, але паведамяюць аб гэтым на працягу пяці дзён (у выпадку, калі вы не забыліся пазначыць свой э-мэйл);
  2. Ананімныя звароты разгледзяць, калі там ёсьць паведамленьне аб злачынстве;
  3. Адказаць дзяржорган павінен на электронны адрас, пазначаны ў звароце. У адказе будуць пазначаныя імя па бацьку кіраўніка дзяржоргана, бяз подпісу. Дарэчы, могуць адказаць і пісьмова — калі ў звароце вы на гэтым будзеце настойваць;
  4. На індывідуальнага прадпрымальніка па электроннай пошце паскардзіцца нельга. Ім варта пісаць у кнізе заўваг і прапаноў;
  5. На звароты, накіраваныя па факсе ці пакінутыя на форуме, дзяржорганы рэагаваць не абавязаныя.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.