Дзьве траціны маладых беларусаў жадаюць зьехаць з краіны

Беларускае пакаленьне Y збольшага не зьбіраецца затрымлівацца на радзіме. Болей за дзьве траціны маладых людзей ад 18 да 24 гадоў жадаюць пераехаць у іншую краіну. Назаўжды. Аб гэтым кажуць дадзеныя, апублікаваныя Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у дакладзе «Рынак працы і працоўныя адносіны для жанчын і моладзі ў Беларусі». Рост эміграцыйных настрояў сярод моладзі можна назваць шакуючым.

68.6% маладых людзей ва ўзросьце ад 18 да 19 гадоў і 69.7% маладых людзей ад 20 да 24 жадаюць зьехаць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства. Аб гэтым сьведчаць вынікі нацыянальнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) у траўні 2011 году і вынікі якога прадстаўленыя ў дакладзе «Рынак працы і працоўныя адносіны для жанчын і моладзі ў Беларусі».

Паводле  НІСЭПД, моладзь — тая катэгорыя людзей, якая жадае зьехаць у першую чаргу. А вось сярод усіх апытаных, троху больш за палову не сьпяшаюцца пакаваць валізкі: 55.3% адказалі адмоўна на пытаньне пра магчымасьць выезда за мяжу.

Жаданьне зьехаць назаўжды зьнікае з узростам: прыкладна да 39 гадоў большасьць апытаных усё яшчэ марыла аб замежжы. А вось пасьля пятага дзесятку наступае пералом: расьце жаданьне жыць у Расеі, але агулам эміграцыйныя настроі падаюць.

Застой і грошы


Адказы на пытаньне "Ці жадаеце вы зьехаць у іншую краіну на пастаяннае месца жыхарства?" паводле ўзроста. Апытаньне зачыненае.  Дадзеныя НІСЭПІ

Сацыёлягі тлумачаць такую сытуацыю горшым, чым у папярэднія гады, эканамічным становішчам, беспрацоўем, таксама тыповымі «хваробамі» позьняга аўтарытарызму: слабымі пэрспэктывамі кар’еранага росту і агульным застоем. Хаця ёсьць і тыя, хто гатовы зьехаць толькі па палітычных матывах. Напрыклад, у выпадку далучэньня Беларусі да Расеі.

«Сёньняшняя сытуацыя нагадвае канец 70-х — пачатак 80-х, так званы „росквіт застою“ часоў позьняга Брэжнева. Сацыяльныя ліфтынгі, якія дазвалялі моладзі, любому новаму пакаленьню выходзіць наверх, рабіцца ўплывовымі фігурамі ў бізнэсе, культуры і палітыцы — яны больш складаныя, чым пятнаццаць-дваццаць гадоў таму», — тлумачыць лічбы ў інтэрвію тэлеканалу Белсат доктар сацыялёгіі, кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў.

Па словах сацыёляга, звычайна ў падобных апытаньнях у жаданьні зьехаць на пастаяннае месца жыхарства прызнаюцца каля 60% маладых людзей. Але цяпер узровень патэнцыйных эмігрантаў дайшоў амаль да 70%.

Канешне, як кажа Манаеў, зьедуць ня ўсе, «але патэнцыял вельмі вялікі». Збольшага гэтыя людзі даволі хутка адаптуюцца на радзіме і зоймуць месцы сваіх бабулек. А грамадзтва ўсё роўна прайграе: кансэрвацыя яго непазьбежная, а адзіны варыянт разьвіцьця — праз аўтарытарную мадэрнізацыю.

Калі ехаць, то ў Нямеччыну і ЗША


У якую краіну на пастаяннае месца жыхарства хочуць ехаць маладыя беларусы. Апытаньне зачыненае. Дадзеныя НІСЭПІ

Найбольш прывабныя краіны для эміграцыі беларусаў паводле НІСЭПД — гэта ЗША і Нямеччына. Першая папулярная найперш ў самых маладых (як і Польшча), затое Нямеччына вабіць сталейшых людзей (ад 25 да 30 гадоў каля чвэрці апытаных ня супраць паехаць менавіта туды).

Расея цікавіць кожнага дзесятага з тых, каму ад 20 да 24, а таксама саракагадовых. А вось краіны Балтыі як пастаяннае месца 3пакаленьне Y зусім не цікавіць. І старэйшае пакаленьне таксама.

Колькасьць жадаючых пакінуць краіну сярод маладога пакаленьня — максымальная з 2004 году. Тады, пасьля рэфэрэндуму, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку і надалей выбірацца прэзыдэнтам, каля 70% людзей да 25 гадоў гатовыя былі пераехаць. Пасьля эміграцыйныя памкненьні зьмяншаліся, а ў 2009 годзе толькі 40% моладзі жадалі зьехаць зь Беларусі. Пры гэтым Беларусь усё роўна захоўвала лідзіруючыя пазыцыі сярод краін СНД па колькасьці гатовых зьехаць з краіны, саступаючы бедным Малдове і Армэніі.


Параўнаньне сацыялягічных дадзеных аб моладзі, якая жадае зьехаць

Праўда, напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў такія настроі зноўку ўзьняліся: 46.3% рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 да 24 гадоў на пытаньне «У будучыні ці хацелі б вы жыць (ці працаваць) у Беларусі?» адказвалі адмоўна. Пры гэтым болей за 60% грамадзтва раіла пакаленьню Y будаваць кар’еру дзесьці па-за межамі Беларусі.


У будучыні ці хацелі б вы жыць (ці працаваць) у Беларусі? (красавік 2010). Усе апытаныя і рэспандэнты ад 20 да 24 гадоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.