Рэвалюцыя сацыяльных хіпстэраў

Працяг пасьлявыбарчых жарсьцяў у Расеі наноў узьняў пытаньне аб ролі сацыяльных мэдыяў у палітыцы і грамадзкіх выступленьнях. Асаблівую цікаўнасьць да расейскіх падзей праявілі заходнія палітыкі і праваабаронцы, многія зь якіх дагэтуль вераць у моц Фэйсбуку.

На вокладцы штотыднёвіку Economist, які маецца, бадай, у кожным паважаючым сябе прэс-шапіку заходняга сьвету, вялізны здымак змрочнага Ўладзіміра Пуціна на фоне замерзлага шкла са шматлікімі шчылінамі. Нумар поўны артыкулаў пра Расею: ад апісаньня вынікаў апошніх парлямэнцкіх выбараў і наступных за імі мітынгаў да глыбіннай аналітыкі на тэму жывучасьці «гома саветыкус».

«Пасьля дзесяцігодзьдзя „стабільнасьці“, цяпер Расея выглядае гэтаксама прыступнай да шоку, быццам Савецкі Саюз напрыканцы яго дзён», — піша адзін з найбольш папулярных у сьвеце ангельскамоўных палітычных часопісаў .

«Такой цікаўнасьці да Расеі не было даўна», — кажа ў эфіры лібэральнай радыёстанцыі «Эхо Москвы» карэспандэнт Sunday Times Марк Франкэцьці. Журналісты Масквы ў незалежнасьці ад палітычных перакананьняў і нацыянальнасьці, здаецца, увайшлі ў пэрманэнтны экстаз ад апошніх падзей у Расеі. А стан тых, хто даведваецца аб падзеях у сталіцы эўразійскай інтэграцыі празь Інтэрнэт і заходняе тэлебачаньне, увогуле цяжка апісаць.

«Вы ўявіце толькі, на мітынг у суботу ў Маскве праз Фэйсбук паабяцалі прыйсьці 34 тысячы чалавек!» — узрушаным голасам фінскі міністар міжнароднага разьвіцьця Хэйдзі Хаўтала за дзень да суботняга мітынгу прыгадвае лічбы, толькі што прачытаныя на ейным айпадзе. Я сяджу побач са спадарыняй Хаўтала на дыскусіі, прысьвечанай свабодзе слова ў Доме студэнтаў у цэнтры Хэльсынкі. Міністар разважае пра важнасьць падзей, якія цяпер адбываюцца ў Расеі, і ў мяне ўзьнікае адчуваньне, быццам яна сама гатовая вылецець у Маскву бліжэйшым рэйсам дзеля ўдзелу ў заўтрашняй «сьнежнай рэвалюцыі».

Прыкладна гэткія ж пачуцьці валадараць галовамі іншых інтэлектуалаў гэтай скандынаўскай дзяржавы «ўсеагульнага дабрабыту»: папярэднік спадарыні на гэтай пасадзе часам адрываючыся ад свайго айпаду кідае ў залю заўвагі пра важнасьць сацыяльных сетак у рэвалюцыйных падзеях і каардынацыі студэнцкага руху.

«Паглядзіце, цяпер маладыя людзі па ўсім сьвеце каардынуюць свае дзеяньні празь Інтэрнэт, каб выказаць сваю незадаволенасьць урадамі», — кажа Хэйдзі Хаўтала. Здаецца, што вера ў моц сацыяльных сетак у справе зьмены рэжымаў і ў тое, што гэта зьмена вось-вось ужо ў гэту суботу мусіць адбыцца, у яе параўнальная зь нейкай перадкаляднай дзіцячай верай у Сьвятога Мікалая.

Я заўважаю, што па дадзеных Socialbakers Фэйсбук — далёка не найпапулярнейшая сацыяльная сетка ў Беларусі і Расеі. Міністар уважліва перапытвае дакладны адсотак наведвальнікаў гэтай сацыяльнай сеткі ў адносінах да колькасьці насельніцтва і занатоўвае несуцяшальную лічбу — «каля 3.5%». Лёс спробаў рэвалюцый у сацсетках становіцца яшчэ больш цьмяны, калі прыгадаць ціск на сапраўднага магната расейскага Інтэрнэту — уладальніка Vkontakte Паўла Дурава пасьля таго, як той адмовіўся закрыць некалькі найбольш крытычных у адносінах да ўладаў палітычных сустрэч і суполак у гэтай сацсетцы.

Аднак у суботу міністар замест таго, каб адправіцца на халодную маскоўскую плошчу, прыедзе на фінска-расейскі форум у Хэльсынкі. Па словах кіраўніка фінскага аддзяленьня Amnesty International Фрэнка Ёхансана, многія расейскія чыноўнікі і апазыцыйныя палітыкі і дзеячы ў апошні момант адмовіліся ад удзелу ў форуме ў чаканьні суботніх падзей у Маскве. «Вы самі ўсё разумееце», — у поўнай адпаведнасьці зь беларускай манерай тлумачэньня сытуацыі адмаўляліся расейцы прыяжджаць у Хэльсынкі ў гэтыя «гарачыя» выходныя, чым яшчэ болей падмацавалі веру жыхароў Захаду ў нейкі цуд, што цяпер паўстае ў Маскве.

Рэвалюцыя хіпстэраў?


Фота nl.livejournal.com

Насуперак першапачатковаму ўсхваляванаму вітаньню сацыяльных сетак, якім пасьля «веснавых» рэвалюцый у Паўночнай Афрыцы мэдыя і экспэрты надавалі амаль што не галоўную ролю ў зьмене рэжымаў, цяпер Інтэрнэт найперш лічыцца месцам збору інфармацыі аб пратэстах, якую пазьней падхопліваюць буйнейшыя гульцы: спадарожнікавае арабскае тэлебачаньне і замежныя вялікія мэдыякампаніі.

А 36 тысячаў расейскіх падпісантаў на «рэвалюцыйную» сустрэчу ў Маскве ператварыліся хутчэй у сорак мінімітынгаў насупраць расейскіх амбасадаў па ўсім сьвеце, што прайшлі адначасова з дэманстрацыяй у Маскве, чым у тысячы хіпстэраў з моднымі дэвайсамі і шклянымі фотаапаратамі на Балотнай плошчы 10 сьнежня. Vkontakte па дадзеных РИА Новости на мітынгі паабяцалі прыйсьці каля 150 тысячаў чалавек.


Хто абяцаў прыйсьці на мітынгі ў Расеі 10 сьнежня. Інфаграфіка Gazeta.ru


Акцыі пратэстаў у Расеі 10 сьнежня. Інфаграфіка РИА Новости

Сто тысячаў фаловэраў Твітэру бескампраміснага «змагара з карупцыяй» Аляксея Навальнага спачатку назіралі за раскрыцьцём няхітрых фальсыфікацый у час парлямэнцкіх выбараў, пасьля чаго (у прапорцыі 1 на 500) выходзілі на плошчу ў цэнтры Масквы, каб апынуцца альбо сярод затрыманых, альбо сярод тых, хто стаіць пад будынкам суда, дзе ідзе працэс над усё тым жа Навальнам і, пачытваючы допісы Твітэр на сваіх айфонах, скандуюць нешта пра свабоду.

Гэтаму чалавеку (якога на захадзе называюць «вядомым блогерам» — вельмі паважаны тытул сярод праваабаронцаў) прыпісваюць, бадай, вядучую ролю ў арганізацыі першага выступленьня тыдзень таму, заглушанага ў выніку бубнамі мясцовага прапуцінскага БРСМ і разьмеркаванага паліцыяй па аўтазаках. Навальны стаў правобразам лідэра, якога не хапала Беларусі ўлетку гэтага году — чалавека, які валодае талентамі палітыка і спрытнасьцю інтэрнэт-пакаленьня. Які адчувае, як і што варта пісаць у ЖЖ, і як размаўляць з аўдыторыяй у Твітэры. Ён, на думку расейскіх журналістаў, здолеў сабраць «разрозьнены» натоўп маладых людзей, якія вырасьлі ў Інтэрнэце.

Падобны трук не атрымліваецца ў прэзыдэнта Мядзьведзева, спробы якога камунікаваць празь Інтэрнэт з маладымі людзьмі спачатку выклікалі зьдзіўленьне, а пасьля зьдзеклівыя камэнтары і нават нараджэньне хэш-тэгу #жалкий, прысьвечанага прэзыдэнту. У выніку, дзеля рэакцыі на апошнія падзеі ў Маскве Мядзьведзеў вымушаны выбраць іншую пляцоўку — Фэйсбук, але ўсё ў тым жа пакуль больш-менш свабодным Інтэрнэце.

У гатэлі ў цэнтры Хэльсынкі я сустракаю чатырох супрацоўнікаў расейскіх недзяржаўных арганізацый, што прыехалі на антыкарупцыйны форум у фінскай сталіцы. Час ад часу адрываючыся ад смартфонаў, маладыя людзі папіваюць ранішні эспрэса, мімаходам крытыкуючы гатэльны сэрвіс, які прадугледжвае толькі самаабслугоўваньне цягам сьняданку. Апранутыя так, што іх цяжка адрозьніць ад мясцовых жыхароў, яны цынічна жартуюць на тэму наступных прэзыдэнцкіх выбараў і спробаў апазыцыі хоць неяк узяць удзел у іх. Верагодна, шматлікія вандроўкі па заходнім сьвеце дазволілі гэтым людзям часткова прыняць каштоўнасьці дэмакратыі, а ўзрослы расейскі дабрабыт — набыць дарагія дэвайсы і займець нядрэнны ўзровень жыцьця, прынамсі ў вялікіх гарадах. Аднак, ці далёка яны адышлі ад апісанага ў Economist «гома саветыкус», сказаць цяжка. Хоць вельмі хочацца ў гэта верыць. 

У Расеі ўдзельнікаў цяперашняй «сьнежнай рэвалюцыі» часта называюць «хіпстэрамі». І дадаюць: сэрца хіпстэра схільнае да зьменлівасьці. Таму прадказаць далейшыя падзеі ніводзін адказны аналітык, здаецца, ня возьмецца. Калі, канешне, яго аналітычны розум не затуманены сьвяточнай смугой народнага пратэсту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0646 seconds.