Беларускі студэнт з Эстоніі вымушае судзьдзяў перайсьці на беларускую

Беларускі студэнт Ігар Случак, які некалькі гадоў вучыцца ў Эстоніі, ужо цэлы год упарта дамагаецца ад беларускіх чыноўнікаў пераходу на беларускую. Хаця б у камунікацыях зь ім самім. Наступнай яго «мішэньню» сталі беларускія судзьдзі.


Ігар Случак

Год таму Ігар Случак, што раней быў студэнтам Гомельскага ўнівэрсытэту, а цяпер вывучае права ў эстонскім Тарту, распачаў «пэрсанальную кампанію «Справаводзтва па-беларуску», празь якую спрабуе пераканаць чыноўнікаў перайсьці на беларускую мову. Пакуль гэта атрымліваецца толькі ў афіцыйных кантактах, дзякуючы чаму Ігар вызначыў рэгіёны з найбольш русыфікаваным чынавецтвам.

Ігар Случак дасылае лісты чыноўнікам з просьбай перавесьці іх справаводзтва на беларускую мову, і ў выпадку адказу па-расейску патрабуе даслаць яго на беларускай. Сёлета патрабаваньне да чыноўнікаў адказваць грамадзянам на іх мове стала нормай закону «Аб зваротах грамадзянаў».

Паводле перапіскі Ігар у супрацоўніцтве з украінскім палітолягам склаў мапу, па якой можна пабачыць, дзе чынавецтва найбольш варожа ставіцца да беларускай. Паводле яе, найперш у Гомельскай вобласьці, а таксама ў Брэсцкім раёне чыноўнікі прынцыпова не ўжываюць беларускую. З асататнімі рэгіёнамі сувязь усталяваная на нацыянальнай мове.


Мапа адказаў чыноўнікаў на запыты Ігара Случака

Судзьдзі, судзіце па-беларуску

Апошняй ініцыятывай Ігара Случака стаў зварот да беларускіх судзьдзяў, у якім ён заклікаў апошніх пераходзіць на беларускую мову, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Зараз беларускамоўныя грамадзяне маюць менш правоў за іх рускамоўных суайчыньнікаў, і гэту несправядлівасьць варта зьмяніць», — піша Ігар Случак. У зварот студэнт дадаў прапанаваныя ім папраўкі закону «Аб мовах», што так ці інакш зьвязаныя з сыстэмай юстыцыі. Судзьдзям прапануецца разгледзець гэтыя папраўкі і ад свайго імя прапанаваць іх дэпутатам беларускага парлямэнту.

Згодна з папраўкамі Случака, афіцыйную дакумэнтацыю абавязкова весьці ня толькі на расейскай, але і на беларускай мовах. Студэнт просіць судзьдзяў прадставіць меркаваньні па ягонай прапанове пісьмова, а таксама справаздачу аб іх дзеяньнях.

Акрамя закону аб мовах, студэнт намагаецца зьмяніць законы «Аб абароне правоў спажыўцоў» і «Аб рэкляме».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1038 seconds.