Калі студэнты жылі найлепш

За апошнія гады сацыяльныя ўмовы жыцьця сярэдняга беларускага студэнта асабліва не зьмяніліся: стыпэндыя часьцей падала, чым расла, даступных месцаў у інтэрнатах станавілася меней, а самі яны даражэлі. Расьлі і кошты здымных кватэр. З улікам названых фактараў мы паспрабавалі вылічыць час, калі беларускім студэнтам жылося найлепш.

Куды патраціць стыпэндыю

Беларуская рэчаіснасьць і памеры стыпэндый ставяць беларускіх студэнтаў перад цяжкім выбарам: альбо ежа, альбо піва, альбо жытло. На іншае стыпэндый можа і не хапіць. Прадстаўляем вам два тыповых выпадкі студэнцкага жыцьця:

Ян, 21 год. Студэнт беларускай філялёгіі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Атрымлівае мінімальную стыпэндыю ў 316 тысячаў рублёў. Спажывае пераважна піва, маянэз і пяльмені. Па сьвятах ходзіць у піўныя бары, любіць вандраваць. Шукае жытло ў Менску.

Іван, 21 год. Студэнт-выдатнік Энэргетычнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Атрымлівае максымальную стыпэндыю ў 577 тысячаў рублёў. Здымае пакой. Спажывае тое ж, што і Ян.


Жытло

Паводле дадзеных агенцыі нерухомасьці, мінімальны кошт пакою ў здымнай менскай кватэры — $50. А мінімальная беларуская стыпэндыя цяпер складае $36. Гэта значыць, што Яну ня хопіць нават на малюсенькі пакой у самай далёкай частцы Менску. Прыйдзецца шукаць суседа ці суседку, затое ў выніку яшчэ $11 застанецца на піва ды маянэз з пяльмешкамі.

Калі ж навучэнцу, як Івану, пашэнціла, і ён выдатнік, да прыкладу, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту з максымальнай стыпэндыяй 577 тысячаў ці $66, то яго стыпухі хопіць і на пакой, і на мінімальную колькасьць студэнцкіх абедаў у сталоўцы (пра гэта ніжэй).

Студэнт-вандроўнік

Як варыянт, замест арэнды кватэры можна стаць вольным жыхаром гарадоў і паселішчаў. Калі Ян паспрабуе замест пошуку суседа пажыць у цягніках, што ўначы перасякаюць Беларусь, то наша чыгунка для яго неверагодна прывабнае месца. Вандроўка ў плацкарце зь Менску да Берасьця каштуе каля 20 тысячаў рублёў. Значыць, на стыпэндыю можна перасячы гэты прамежак у 354 км. цэлых 15 разоў (то бок 15 начэй). Калі ж расейскі студэнт пажадае жыць у цягніках Менск-Берасьце, то яго мінімальнай стыпэндыі хопіць на 16 такіх вандровак. Украінскі студэнт можа разьлічваць на 28 падарожжаў, а польскі — на цэлых 79!

Значна горш ідуць справы ў беларускіх вандроўнікаў, што на стыпэндыю зьбіраюцца скараць тыя ж польскія далі. Вандроўка чыгункай на падобную адлегласьць у 350 км па Польшчы абыдзецца ў $21. Гэта значыць, што беларусу і расейцу на яго стыпэндыю хопіць, адзінае што, дабрацца туды (напрыклад, з Тэрэспалю да Лодзі). Назад, мабыць, прыйдзецца ехаць ужо аўтаспынам. Паляк здолее зрабіць цэлых 8 такіх вандровак, а ўкраінскі студэнт роўна 3.

Выснова простая: беларускія стыпэндыі не разьлічаныя на падарожжы па Эўропе. Максымум — гэта Беларусь, верагодна, Украіна і найбольш бюджэтныя шляхі Расеі. А вось жыць у цягніках можна паўмесяцы.

Студэнцкі боль. Піва: стыпэндыя — 48:0

Няхітрыя падлікі паказваюць, што найлепш беларускім студэнтам зь ліку аматараў піва жылося ў 2006 годзе. Менавіта ў тыя залатыя часы студэнт меў магчымасьць пракуціць усю стыпуху на цэлых 87 паўлітровых пляшак Аліварыі «Залатая». І гэта нягледзячы на тое, што ў, цяпер падаецца, запаветныя 2002-2003 гады піўко каштавала толькі 650 рублёў. Зрэшты, і стыпэндыя (мінімальная) ў тыя часы была ня надта забойнай — 34 тысячы на ўсё пра ўсё. Цяпер на такія грошы і на два куфлі піва ў прыстойнай рэстарацыі і не наскрабеш.


*Не пытайце, чаму піўная статыстыка вядзецца з 2003 году. Нагадаем толькі, што ў 2013 годзе парталу Generation.bY (studenty.by) стукне 10 гадоў.

А вось найгоршы студэнцкі час надышоў (не, зусім не цяпер) у 2009 годзе пасьля навагодняй дэвальвацыі: стыпухі завісьлі на старым узроўні, а вось піўко ў кошце ўзьнялося. У выніку аматар піва мог дазволіць сабе на мінімальную стыпэндыю амаль у два разы менш піва, чым тры гады да гэтага — 48 паўлітровак усё той жа Аліварыі.

Нагадаем, у 2009 год мы ўвайшлі яшчэ і з забаронай ужываньня алькаголю на вуліцах і праспэктах, а таксама адсутнасьцю ільготнага праезду ў транспарце.

Калі ж прыгадваеш кошты нават трохгадовай даўніны, становіцца ці то весела, ці то наадварот сумна. Напрыклад, наведвальнікі форуму Generation.bY у той час жаліліся, што 10 тысячаў за куфаль піва — зашмат. Зрэшты, яшчэ ў 2007 годзе выдатнае беларускае піва Бівэр у кавярнях каштавала 3 тысячы рублёў. Калі ж напрыканцы 2011 году студэнт Ян наважыцца завітаць у бар, каб пакаштаваць там у кампаніі самага таннага разьліўнога піва (напрыклад, Аліварыі «Экстра» за 16 тысячаў), то набыць на мінімальную стыпэндыю ён здолее толькі 19 такіх куфляў (і яшчэ 10 тысячаў на гарбату афіцыянту застанецца).

А што цяпер?

Зь півам, здаецца, у цяперашняга студэнта ўсё ня так ужо і блага (канешне, калі ён не аматар забугорскіх казлоў). Паводле нашых падлікаў, на мінімальную стыпуху ў 314 тысячаў ён можа дазволіць сабе цэлых 73 пляшкі Аліварыі (альбо 44 пляшкі «ўсярэдненага» белстатаўскага піва коштам 7 118 рублёў). Але адзіным півам, у большасьці выпадкаў, сыты ня будзеш. Мы падлічылі, на што яшчэ можа хапіць (ці не хапіць) студэнту Яну яго штомесячнага прыбытку:

  • 15 кг высокакалярыйнага маянэзу «Правансаль Сталічны» (у фасоўцы па 200 г. за 4 100); 
    альбо 
  • 33 пакункі ці 15 кг «самых студэнцкіх» пяльменяў «Ваўкавыскія Экстра» коштам 9500 за 450г
    альбо
  • 44 гамбургеры (разам з 0.4л колай атрымаецца 27 гэткіх невялікіх сьняданкаў).

Але ж большасьць студэнтаў харчуецца ў больш здаровых месцах, чым МакДональдз. Напрыклад, у сталоўках. Цяпер сярэдні рахунак сталовай БДУ складае прыкладна 15 тысячаў рублёў. Разьліўное піва беларускай вытворчасьці ў менскіх кавярнях сярэдняй рукі каштуе прыкладна столькі ж. Такім чынам, у месяц на ўсю стыпэндыю можна выпіць 19 рэстаранных куфляў піва ці зьесьці 19 абедаў. Няхай у месяцы 4 тыдні — атрымліваецца па 5 куфляў піва на тыдзень. Калі піць толькі па выходных, то па 2.5 куфлі ў суботу і столькі ж у нядзелю. І гэта без сасісак, арэшкаў ці чыпсаў. У астатнія дні студэнту лепей сядзець на жэстачайшай дыеце альбо цалкам пераходзіць на безалькагольны лад жыцьця.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.