Беларус перамог у фотаконкурсе National Geographic

24-гадовы менскі фатограф Павал Церашкавец увайшоў у лік пераможцаў на конкурсе «Погляд на ўстойлівасьць» амэрыканскага часопісу National Geographic. Павал абышоў каля 3 тысячаў канкурэнтаў і стаў адным зь лепшых у катэгорыі «Выклікі».


Пераможны здымак «No Balance»

«Даволі цікава часам бывае. Адсылаеш сваю працу на конкурс і забываеш пра гэта. Праходзіць месяцы чатыры, і тут у сваёй паштовай скрыні бачыш ліст з Вашынгтонскага офісу National Geographic зь віншаваннем і спасылкай на галерэю пераможцаў, дзе бачыш сваю ўласную фатаграфію», — піша ў блогу беларускі фатограф Павал Церашкавец, што ўвайшоў у лік 13 пераможцаў фотаконкурсу часопісу National Geographic.

«На конкурс было пададзена каля 3 000 працаў ад аўтараў з усяго сьвету. Цягам некалькіх месяцаў журы выбірала фіналістаў, куды трапіў і я, што ўжо само па сабе стала для мяне даволі значнай падзеяй. Конкурс стартаваў яшчэ ў чэрвені, а ўчора былі афіцыйна абвешчаныя пераможцы. Я некалькі разоў абнавіў старонку, перш чым пераканацца, што мяне сапраўды абралі пераможцам «Runner-Up» у катэгорыі «Challenges».

Конкурс быў прысьвечаны прыродзе, яе ўзаемаадносінам з чалавекам і магчымым шляхам вырашэньня праблем, што паўстаюць цягам разьвіцьця цывілізацыі. Фотаздымак Паўла стаў прызёрам у катэгорыі «Выклікі».


Павал Церашкавец таксама вядомы як бубнач гурту The Apples

На здымку бачная дзяўчына, што стаіць у зімовым полі не фоне менскай ЦЭЦ-4.

«Адносіны паміж грамадзтвам і тэхналёгіямі з аднаго боку лёгкія, а зь іншага — небясьпечныя, — гаворыцца ў апісаньні здымку на сайце National Geographic. — Тут вы можаце бачыць цеплавую электрастанцыю ля Менску, сталіцы Беларусі, што спрашчае жыцьцё людзей і забівае прыроду. Правільны балянс усё яшчэ ня знойдзены».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.