The Toobes падумваюць набыць самалёт

Ангельскамоўная каманда The Toobes ведае, як працаваць з публікай: пра іх існаваньне чулі нават вельмі далёкія ад цяперашняй рок-сцэны людзі. На нейкі момант падалося, што размоваў вакол хлопцаў стала меней. Як і беларускіх канцэртаў гурта. Зацішша аказалася падрыхтоўкай новага гучнага альбому, зь якім каманда зьбіраецца надалей скараць сьвет. Зрэшты, упэўненасьці ў сабе, як і разьдзяўбайства, «тубсам» не займаць. Generation.bY наведаўся на рэпэтыцыю да гурта ў самы разгар іх замежных паездак напярэдадні вялікай менскай прэзэнтацыі альбому My Generation, каб высьветліць усе акалічнасьці жыцьця прафэсійных маладых рокераў у Беларусі.

На абсалютна бязьлюднай цёмнай вуліцы ў пяці кроках ад цэнтру Менска няма нікога, акрамя мяне, фатографа і вялізнай пафарбаванай у сьветлы колер галавы Леніна. Срэбны правадыр схаваўся ў кутку ля прахадной заводу, дзе знаходзіцца рэпэтыцыйная кропка The Toobes. За брамай заводу зьяўляецца бацька фронтмэну гурта — Слава Ламакін. Пакуль мы падымаемся па цёмным завадзкім лесьвіцам, я будую здагадкі аб магчымым узросьце гэтага чалавека — надта ж ён маладым выглядае. Зрэшты, яго сын Стас таксама не падобны да звычайнага 25-гадовага беларускага хлопца.

«Розьніца ў нас гадоў пяць — але мы ацэньваем узрост душы — нам усім па 18», — кажа Стас Ламакін, маючы на ўвазе сябе і іншых музыкаў The Toobes. Яны разьмеркаваныя па маленькім пакоі так, каб кожны мог бачыць твары адзін аднаго і рэагаваць на заўвагі іншых. Цягам рэпэтыцыі бубнач-вакаліст і самы сталы чалец гурта Стас перамігваецца зь іншым Стасам, ціхім і небалбатлівым басістам. Рыжы гітарыст Косьця болей паглыблены ў сябе і свае шматлікія рычажкі і кнопкі, зь якіх ён бесперапынна выціскае патрэбныя яму гукі.

«Вопыт адно, а ідэя іншае — а мы жывем ідэяй, — падхоплівае Косьця. — Нядаўна мы зразумелі, што музыкі — гэта найбольшыя дзеці. Калі музыка стары, і на самой справе, і па пашпарце, то гэта ўжо ўсё. Вось аднаму вядомаму музыку М. — 15 гадоў, а В. — стары, мне падаецца. А як ён дарэчы цяпер выглядае?»

А што адбылося?

Хлопцы ўвесь час дэманструюць нейкую бесклапотную адарванасьць ад беларускай рэчаіснасьці: крызыс іх асабліва не хвалюе, пра справу з выклікам у пракуратуру яшчэ аднаго вядомага музыкі нічога ня чулі.

Значна бліжэйшыя ім падзеі на сцэнах, дзе яны самі граюць. Хлопцы толькі што вярнуліся з фэстывалю ў Беластоку, дзе «было шмат дзяўчын, што жадалі з намі фатаграфавацца. Цяпер там ёсьць наш фан-клюб». Увогуле, з фан-клюбамі ў гурта ўсё добра: «у прынцыпе, у кожным горадзе, дзе мы былі, у нас зьяўляўся фан-клюб». Верагодна, большая яго частка складаецца з прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Аднак пра стасункі з гэтай самай паловай музыкі імкнуцца не распаўсюджвацца.

The Toobes

«Сваю мову вельмі любім»

Цяпер хлопцы займаюцца «адточваньнем праграмы» з канцэртамі па іншых замежных гарадах, каб 26 лістапада даць першы за апошні год вялікі канцэрт у Менску. Зацішша ў родным горадзе The Toobes неяк супала і з вычарпаньнем скандалу вакол іх стаўленьня да беларускай мовы. На хвалі папулярнасьці пасьля выхаду першага альбому музыкі атрымалі ўзнагароду за «Альбом году» (2009) на прэміі Experty.by. І літаральна вывелі зь сябе журналіста Сяргея Будкіна, калі адмовіліся адказваць на яго пытаньні, заявіўшы, што нічога не разумеюць па-беларуску. Будкін у сваю чаргу даў хаду скандалу. Тыя разборкі The Toobes прыгадваюць і дагэтуль.

«Пагражалі нават пад дрэвам закапаць. Але гэта гісторыя пайшла на карысьць — дагэтуль людзі абмяркоўваюць».

«Сваю мову вельмі любім. Проста вучылі ў школе ўсе прадметы па-расейску. Я вось увогуле ў Казахстане нарадзіўся, — кажа Стас Ламакін. — Але мне падабаецца, калі людзі размаўляюць на сваёй мове ў краіне. Трэба быць сьмелым і мець сілы на гэта. Хлопцы, будзьце на пазытыве!»

Тусоўка беларускамоўных аматараў прыбраць могілкі невядомых ахвяраў зьверства царскіх уладаў часоў паўстаньня Каліноўскага відавочна не ўваходзіць у кола цікаўнасьцяў The Toobes. Болей турбуюць гэтых хлапцоў тусоўшчыкі, якія «забыліся, што такое сапраўдны рок-н-рол».

«Мы імкнемся аднаўляць сапраўдны рок, жывое гучаньне. Цяпер вельмі мала гуртоў, якія добра граюць жывую музыку. А я сьмела магу сказаць, што на жывую мы граем вельмі добра», — дадае Стас.

Пра іх пакаленьне і актуальнасьць

Пасьля гэтага хлопцы пускаюцца ў разважаньні аб месцы гурта The Toobes на сучаснай музычнай сцэне. Яны самі высунаюць і адкідаюць абвінавачаньні ў схільнасьці да «рэтра»:

«Вы ж самі на канцэртах былі і разумееце, што гэта ніфіга ня рэтра. Мы граем шчыра. Так, мабыць, у гэтым наша фішка — у шчырасьці», — нарэшце задаволена выдаюць музыкі. «На кожным канцэрце мы яшчэ і яшчэ раз разумеем, што наша музыка супэрактуальная». Хаця і Nirvana з Beatles — таксама рэчы патрэбныя. «Вы зайдзіце на last.fm і паглядзіце, у каго болей за ўсё праглядаў».

Аднак і вопыт, напрацаваны за некалькі гадоў існаваньня гурта, хлопцы не адкідаюць: «Нам кажуць, што мы маладая група, але ні хера мы не маладыя, мы ўжо вельмі старыя», — выдае бубнач Стас.

Вось і назоў новага альбому The Toobes My Generation быццам ужо і з рэтра, але ўсё гэтак жа актуальны, вераць музыкі. І адразу просяць асацыяцый з аднайменным культавым сынглам The Who не рабіць. «Гэта проста тое, што я перажыў», — кажа Стас.

«The Toobes — гэта прадстаўнікі вялізнага пласта моладзі, які хоча заявіць пра сябе», — у пакоі незаўважана зьяўляецца мэнэджэр гурта Дзіма Гараўцоў. Хаця адносіны зь іншымі пластамі аднагодкаў, напрыклад, з аднаклясьнікамі, у хлопцаў ня надта склаліся: «Усе павыходзілі замуж, ажаніліся, ужо дзеці ёсьць, — зьдзіўляецца іншы Стас — басіст. — А аднаклясьнікі, колькі не запрашалі, на нашы канцэрты ня ходзяць». «Я ўжо даўна абстрагаваўся ад гэтага сьвету школьнага, думаю, як і вы», — кажа рыжы Косьця.

«Мы жывем адным днём. Жыцьцё — гэта рух, калі ты нешта робіш — ты жывеш. Калі ты толькі і робіш, што сядзіш у офісе і глядзіш сайты — ты гаўно».

«І як людзі раней на канцэрты хадзілі без гэтых сустрэчаў vkontakte?», — зьдзіўляецца маладзейшы Косьця. «Ды ўсё нармальна і весела было», — адказвае сталейшы Стас.

«Наша мэта — выцягнуць людзей з-за гэтых бязглуздых кампутараў, з сацыяльных сетак, а то зараз нейкая кампутарафілія. У нас у саміх час там губляецца. Ты проста разумееш, на колькі гэта не патрэбна. Але порна ў Інтэрнэце трэба глядзець, канешне».

Зрэшты, нават порна адыходзіць на іншы плян, бо музыкаў чакае шэраг канцэртаў: будзе выступ у Кіеве, а зусім ужо хутка ў Менску. Таму ўсе думкі музыкаў зьвязаныя з прасоўваньнем іх выступаў, у тым ліку і праз сацыяльны маркетынг. Але зь ім пакуль ня вельмі. «Ламалі галаву, як зьняць вірусны ролік, але не атрымалася. Кажуць, сакрэт, як рабіць вірусныя відэа, зьнёс з сабой у труну Стыў Джобс».

«Цыгане, балалайкі і рэпэры»

Паралельна рыхтуецца нарэшце прарыў The Toobes у Эўропу — шэраг невялікіх канцэртаў у Бэльгіі і Нямеччыне ў наступным годзе. А вось сталіца ўсходняй суседкі Беларусі The Toobes не цікавіць: «з ангельскай мовай Маскву заваёўваць — гэта бяздумна. Там цыгане, балалайкі і… рэпэры, як высьвятляецца».

«Калі б эміграцыя была такой простай рэччу, мы б можа паспрабавалі. Але гэта займае столькі часу… Самае галоўнае зьмяняць абстаноўку час ад часу. Але вяртацца дадому таксама прыемна», — імкнецца выглядаць патрыётам Косьця. Але Стас адразу ўсё псуе: «І ўвесь час калі мы вяртаемся ў Менск: шэрае неба — кайф, шэрыя вуліцы — кайф!»

«Але бытавуха стамляе. Пераезды стамляюць. Мы ўжо нават думаем самалёт купіць», — ці то жартуюць, ці то выдаюць далёкія пляны музыкі.

«Канешне, усе хочуць зарабіць, і мы імкнемся зарабіць. І хочам рабіць менавіта музыкай, для гэтага і працуем. Адрозьненьні паміж замежжам і радзімай ёсьць: Варонеж той жа набывае нас, а тут мы ўсё робім самі. Як паказвае практыка, лепей усё рабіць самім».

Болей фотаздымкаў ў фотаблогу: The Toobes inside

І яшчэ: пра тое, дзе The Toobes раздаюць новы альбом.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0665 seconds.