Ад шэпту да крыку

Тыя, хто быў на гэтым канцэрце, узахлёб распавядаюць знаёмцам пра пачутае і ўбачанае: народныя сьпевы з клясычнай музыкай і нават джазам. Прыгажуня з магутным голасам Наста Някрасава ўпершыню выканала на менскай сцэне плён працы з гуртом FolkRoll, хоць гэтай прэзэнтацыі музычныя знаўцы чакалі ня першы год. Выпушчаны ў Польшчы альбом гурта пакуль не прадаецца ў Беларусі, аднак дасяжныя ў доступе аўдыё і відэа-запісы ўжо актыўна ходзяць па рукох прыхільнікаў этнамузыкі. Ня дзіва, што зь мінімумам рэклямы заля зусім не пуставала.

Гурт, які ўтварыўся ў 2008 годзе як сумесны праект вакалісткі Насты Някрасавай ды кампазытара і гітарыста Паўла Рыжкова, ужо займеў нямала посьпеху, выступаючы на міжнародных фольк-фэстах. Сама Наста цяпер жыве ў Польшчы, дзе вучыцца ў Варшаўскім Інстытуце музыкалёгіі, аднак адлегласьць не перашкодзіла музыкам выпусьціць моцны альбом, натхнёны народнай музыкай. 

«Vir», выдадзены ў Польшчы і даступны ў тамтэйшых музычных крамах, нарабіў шуму ў колах беларускіх музычных аматараў ды многіх заінтрыгаваў. Прынамсі тры трэкі з альбому дасяжныя для вольнага спампоўваньня на сайце гурта folkroll.eu. А ў нас — фотарэпартаж з канцэрту, што прайшоў 30 верасьня ў Моладзевым тэатры эстрады.

Фотарэпартаж з канцэрту — традыцыйна ў нас у фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.