У Гарадзенскім унівэрсытэце будуць судзіць людзей

Студэнтаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы зрабілі сьведкамі крымінальных працэсаў, што цяпер будуць праходзіць у адмысловай аўдыторыі ВНУ. Заля мае статус судовай і ўжо выкарыстоўваецца для рэальных крымінальных працэсаў над забойцамі.


Фота сайту ГрДУ

Кіраўніцтва ўнівэрсытэту вырашыла напоўніць навучаньне студэнтаў «практычнай складаючай» і ператварыла адну з аўдыторый у сапраўдную залю суда. Там праходзяць выязныя паседжаньні, за якімі назіраюць студэнты непасрэдна ў аўдыторыі, а таксама на вялікім экране ў актавай залі.

«І тыя, хто працуе юрыст-консультам на прадпрыемствах, і хто прадстаўляе інтарэсы дзяржаўных установаў, рана ці позна прыходзяць у суд і вырашаюць там справы. Таму набыцьцё навыкаў выступу ў судзе альбо ў якасьці адказчыкаў, альбо адказчыкаў неабходныя кожнаму спэцыялісту», — пракамэнтаваў неабходнасьць адкрыцьця судовай залі ва ўнівэрсытэце дэкан юрыдычнага факультэту Мікалай Сільчанка.


Фота «Навіны Гародні і вобласьці»

Як паведамляе сайт ГрДУ, студэнтам ужо паказалі два суды: на адным зь іх (на фота) разглядалася справа сына, які падчас сумеснай п’янкі па неасьцярожнасьці забіў маці. Студэнты моўчкі назіралі за працэсам.

Як кажа кіраўніцтва ўнівэру, пасяджэньне судоў у ВНУ — гэта, у першую чаргу, навучаньне. На аснове рэальных падзеяў студэнты змогуць самастойна праводзіць слуханьні па той ці іншай справе. Усе ролі ім прыйдзецца выконваць самастойна — судзьдзі, пракурора, адваката і нават абвінавачанага.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.