Спецыялістаў у культуры будзе рыхтаваць палітолаг, а ў сельскай гаспадарцы — матэматык

Адразу трох новых рэктараў займелі беларускія ўніверсітэты. Універсітэтам культуры будзе цяпер кіраваць палітолаг, Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам — знаўца педагогікі з адукацыяй фізіка і профілем у сацсетках, а Сельскагаспадарчым універсітэтам у Менску — выпускнік мехмату.


Тры рэктары: Іван Шыла, Андрэй Кароль і Юрый Бондар

40-гадовы Андрэй Кароль стане адным з самых маладых рэктараў беларускіх ВНУ. Узрост уплывае не толькі на выгляд, але і на камунікацыі, якія вядзе ў Інтэрнэце новы рэктар Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Гэта, бадай, адзіны вышэйшы чыноўнік, які мае профіль у папулярнай сацыяльнай сетцы тых, хто шукае працу альбо супрацоўнікаў Linkedin.

Фрэндоў у гэтай сацсетцы ў новага рэктара няшмат. Затое цікаўнасці, пазначаныя ў профілі, адпавядаюць пасадзе: «эўрыстычнае навучанне, дыстанцыйная адукацыя, філасофія адукацыі, псіхалогія». Менавіта паводле гэтых інтарэсаў ён і будаваў сваю кар’еру, пачаўшы з адукацыі фізіка. З профілю ў можна даведацца, што новы рэктар — «доктар педагагічных навук», а таксама дацэнт Гарадзенскага ўніверсітэту ўжо цэлых шэсць месяцаў.


Новы рэктар ГрДУ пакуль не абнавіў пасаду ў Linkedin

Невядома, ці дапамагла новаму рэктару сацыяльная сетка ў пошуку працы, але Андрэю Каралю хапіла толькі паўгода знаходжання на пасадзе кіраўніка адной з кафедраў ГрДУ, каб заняць крэсла, у якім яшчэ 7 гадоў таму сядзеў цяперашні міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

Два іншыя новыя рэктары ў сацыяльных сетках, гледзячы па ўсім, не прысутнічаюць. І не дзіўна: аднаму з іх ужо за 60, а ў гэтым узросце час думаць аб пенсіі, а не пра фоткі для аватарцы. Аднак для Івана Шылы, які ў свой час атрымаў матэматычную адукацыю ў БДУ, гэта толькі пачатак. Цяпер матэматык будзе кіраваць Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце.

Трэцяму рэктару таксама прыйдзецца займацца троху няпрофільным накірункам, бо палітолаг Юрый Бондар прыйшоў на пасаду кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў.

Ад прызначэння студэнты наўрад ці выйграюць. Гэты кандыдат палітычных навук, толькі прыйшоўшы на пасаду, адразу праявіў вялікі клопат пра тое, каб як мага болей выпускнікоў БДУКМ адправіліся па размеркаванні падалей ад Менску. Ужо цяпер, паводле ягоных словаў, 82% студэнтаў у сталіцы пасля сканчэння ўніверсітэту не завісаюць. Аднак спадар Бондар спыняцца не збіраецца: ён ужо заявіў, што хацеў бы бачыць у рэгіёнах яшчэ болей выпускнікоў сваёй ВНУ.

Цікава, што ўсе тры новыя рэктары займаліся не тым, на каго вучыліся. Фізік стаў педагогам, матэматык — аграрыем, а палітолаг будзе кіраваць вывучэннем культуры. У гэтым кантэксце неверагодна займальна гучалі словы Лукашэнкі ў час сустрэчы з рэктарамі аб самавызначэнні студэнтаў:

«Хай студэнт лепш раней (не дай бог, калі гэта здарыцца), адчуе, што ён не туды трапіў. А так ён заканчвае ВНУ, прыходзіць у сельгасарганізацыі, або на прадпрыемства, або ў школу, адчувае, што не туды трапіў, і пачынаецца перакваліфікацыя», — верагодна пажартаваў кіраўнік Беларусі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1301 seconds.