У гарадзенскім універсітэце факультэт гісторыі ператвораць у кафедру

У беларускіх універсітэтах ўсё яшчэ існуюць факультэты, якія можна назваць «апальнымі». Адзін з іх зачыняецца ўжо ў бліжэйшы час: Факультэт гісторыі і сацыялогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ператвораць у звычайную кафедру іншага факультэту. Ва ўніверсітэце кажуць аб эканоміі сродкаў. Многія ж прыгадваюць некалькі скандальных звальненняў выкладчыкаў факультэту, пра якія было прынята казаць як пра палітычныя.

Падобных адукацыйных скандалаў у Беларусі не было даўно: з універсітэту, якім шмат гадоў кіраваў цяперашні міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, адзін за адным пачалі сыходзіць выкладчыкі. Спачатку звольнілі кандыдата гістарычных навук Андрэя Чарнякевіча, кніжку «Гродназнаўства» якога за некалькі тыдняў да гэтага фактычна забаранілі. Пасля сышоў старшы выкладчык Ігар Кузьмініч. Літаральна на наступны дзень доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед, на той момант фактычна звольнены з універсітэту, заявіў аб палітычнай матывацыі свайго звальнення.

Паміж трыма адстаўкамі ВНУ паспела займець новага рэктара (ім стаў 40-гадовы Андрэй Кароль — адзін з самых маладых рэктараў беларускіх ВНУ). Пазней на поле выйшлі прадстаўнікі ўлады ў асобе губернатара Гарадзеншчыны Сямёна Шапіры. Апошні заявіў, што асабіста прымае рашэнні ў межах кадравай палітыкі ўніверсітэту.

На мінулым тыдні гісторыя атрымала дадатковае развіццё: у гэты чацвер на нарадзе з рэктарам было паведамлена, што да заснаванага ў 1954 факультэту гісторыі і сацыялогіі, які застаецца базавым, далучаць факультэт турызму (як спецыяльнасць), журналістыку ды міжнародныя камунікацыі. На такія змены мусіць даць згоду Міністэрства адукацыі. Аб гэтым паведаміў «Твой стыль».

Цяперашні дэкан факультэту Эдмунд Ярмусік называе сітуацыю «натуральнай рэарганізацыяй вучэбнага працэсу».

«Пры любой уладзе і ў любой краіне мы павінныя сеяць разумнае, добрае, вечнае, — сказаў „Салідарнасці“ дэкан, які ў будучым хутчэй за ўсё зойме пасаду кіраўніка адной з кафедраў новастворанага Гісторыка-сацыягуманітарнага факультэту. — Для нас галоўнае — гэта студэнты. Гісторыя як прадмет у любым выпадку застаецца. А ўсё астатняе — гэта фармальнасць».

Повязь з палітыкай ва ўніверсітэце адкідаюць. Нягледзячы на папярэднія заявы губернатара Гарадзенскай вобласці Сямёна Шапіры, які раней налічыў ва ўніверсітэце 16 чалавек, што «заклікаюць звергнуць уладу», і прызнаўся ў тым, што асабіста прымаў аб звальненні аднаго з выкладчыкаў.

«Я не думаю, што гэта нейкая расправа ці яшчэ нешта, — сказаў дэкан Гістарычнага факультэту „Еўрапейскаму радыё для Беларусі“. — Гэта нармальны працэс. У свой час саюзныя рэспублікі аб’ядналі, пасля яны раз’ядналіся. Еўропа стварыла Еўрасаюз. Гэта нармальны працэс».

Зрэшты, ліквідацыя факультэту сапраўды можа мець эканамічны грунт: на мінулым тыдні міністр адукацыі Сяргей Маскевіч абвясціў, што сферу адукацыі чакае сур’ёзнае скарачэнне выдаткаў, а, значыць, і звальненні супрацоўнікаў.

І цяперашняе аб’яднанне факультэтаў (толькі адзін гістарычны ўлучае 5 кафедраў) сапраўды пацягне за сабой скарачэнне супрацоўнікаў. Такім чынам універсітэт цалкам законна зможа пазбавіцца ад рэшты «нядобранадзейных» гісторыкаў, якія пакуль займаюць свае пасады.

comments powered by Disqus
 
In 0.0623 seconds.