«Троіца» і «Ляпис Трубецкой» узначалілі рэйтынг Experty.by

Сайт Experty.by абвесціў топ-10 лепшых беларускіх альбомаў, выдадзеных у першай палове 2011 году, які быў складзены на падставе адзнак чатырох сталых аўтараў праекту.


Першыя два месцы з заўважным адрывам занялі альбомы этна-трыо «Троіца» «Зімачка» (9,5 балаў з 10) і гурта «Ляпис Трубецкой» «Веселые картинки» (9 балаў). Гэтыя адзнакі нельга назваць шараговымі — у 2009–2010 гадах лепшыя альбомы па вэрсіі Experty.by атрымлівалі ня больш за 8,5 балаў. Папярэднія «дзевяткі» былі зафіксаваныя ў 2008 годзе ў тых жа «Ляпісаў» і «Троіцы». Гэткім чынам можна сказаць, што абодва калектывы сваімі новымі працамі яшчэ раз пацьвердзілі свой статус артыстаў экстра-класа.


На ўручэньні ўзнагародаў лепшым альбомам па выніках мінулага году. Фотарэпартаж.

«Адзнака дыска „Троіцы“ — найлепшая сярод новых альбомаў за ўвесь час існаваньня праекту. Нават калі ўлічваць архіўныя запісы, то больш у нас атрымаў толькі самы першы альбом ансамбля „Песняры“», — адзначае кіраўнік праекту Зьміцер Безкаравайны.

Абодва дыскі былі запісаныя за мяжой. «Троіца» працавала ў Варшаве з намінаваным на прэмію «Грэмі» гукарэжысёрам Томашам Рагулам, а «Ляпісы» — у Кіеве зь вядомым украінскім саўндпрадусарам Віталём Цялезіным. Аднак ня толькі якасьць запісу паўплывала на адзнакі гэтых альбомаў.

«Справа перш за ўсё ў творчай унікальнасьці абодвух калектываў. У „Троіцы“ гэта бліскучая адаптацыя спрадвечных традыцый у сучасным музычным кантэксьце і выдатная кампазытарская праца. У „Ляпісаў“ — аголены да немагчымага нэрв, крык не адчаю, а прымусу дзейнічаць, адчуць сябе чалавекам, асобаю», — лічыць адзін са сталых аўтараў праекту Зьміцер Падбярэзскі.

Сайт Experty.by разглядае сучасную беларускую музыку ў стылях рок, поп, фолк і іх адгалінаваньнях. Сярод тэндэнцый гэтага паўгодзьдзя ў дадзеным сэгмэнце экспэрты адзначаюць уздым агульнай колькасьці выдадзеных альбомаў (з 21–23 у паўгодзьдзях 2010 года да 29 зараз) і колькасьці альбомаў, якія выкладаюцца ў Інтэрнэт паралельна з CD-рэлізам альбо без яго (з 31% у 2010 годзе да 60% зараз).

Альбомы на беларускай мове (38%) у гэтым паўгодзьдзі ізноў саступілі рускамоўным (48%), пры тым, што ў 2010 годзе ўпершыню за некалькі гадоў назіраўся парытэт. Але розьніца не такая вялікая як раней — скарацілася з 25–30% у 2008–2009 да 10% зараз.

У топ-10 таксама патрапілі альбомы гуртоў Akute, «Серебряная Свадьба», «Петля Пристрастия», Зьмітра Вайцюшкевіча, Sounduk, B_Side, Rockerjoker і «Калачиком Рядом». Усе запісы паўгодзьдзя можна паслухаць на сайце www.experty.by.

14:00, 14/09/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0729 seconds.