У суботу на фольк-фэст «Камяніца»
У гэту суботу 3 верасьня на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музэя народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пройдзе трэці фольк-фэст «Камяніца». У музычнай праграме сёлета: Алег Скрыпка, «Троіца», Osimira, «Стары Ольса», Хоха Бэнд, Ветах і «Аляксандра і Канстанцін»
Фэстываль «Камяніца» - сумесны праект Беларускага дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту і ТАА «Новы альянс». Упершыню прайшоў у 2009 годзе, у мінулы раз на ім сабралося каля 5 тысяч чалавек. Сёлета арганізатары таксама разьлічваюць на вялікую колькасьць гледачоў.
«Кожны год мы намагаемся сабраць найбольш цікавыя і актыўныя беларускія фольк-гурты, каб паказаць, што народная песьня жыве і яна сапраўды патрэбная сучасным людзям. Мне здаецца, што наведвальнасьць нашага фэсту найлепшае таму пацьверджаньне», — распавядае каардынатар фэстывалю Сяргей Чагрынец.
Упершыню на Камяніцы замежны госьць O'SKRYPKA — лідэр украінскага гурта «Воплі Відоплясова» пакажа беларусам сваю танцавальную фольк-праграму, у межах якой ён зьяўляецца адначасова сьпеваком і дыджэем. Гледачоў чакае эксклюзіўны мікс этнічнай музыкі Украіны і іншых краін сьвету, які сам музыка называе «этна-рока-тэкай». Патанчыць і пасьпяваць пад яго ўжо пасьпелі ў ЗША, Францыі, Швэцыі і Германіі.
Перад канцэртнай праграмай, якая пачнецца з 14.00, для наведвальнікаў будуць працаваць:
- гульнёва-забаўляльная пляцоўка з 11.00 да 13.00,
- анімацыйная праграма з 12.30 да 14.30.
У гэтым годзе фэстываль упершыню будзе прапагандаваць нацыянальны дрэс-код. Людзі, якія прыйдуць на фэстываль у беларускіх народных касьцюмах альбо кашулях, патрапяць на яго бясплатна.
Кошт уваходнага квітка: для дарослых 10 000 руб., для школьнікаў — 5 000 руб. Для дашкольнікаў — бясплатна. У кошт уваходзіць: наведваньне экспазыцыі музэю і ўдзел ва усіх мерапрыемствах фэсту. Для наведвальнікаў, якія прыдуць ў народных касьцюмах, уваходны білет на фолк-фэст «Камяніца» будзе бясплатным.
Фотарэпартаж з фольк-фэсту Камяніца'2010
Музэй знаходзіцца у 4-х км ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка» в. Азярцо.
Праезд ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя» прыгараднымі аўтобусамі ў накірунку: Мiнск — Гарадзiшча, Дубянцы, калгас Калініна, Заходнія могілкі. Аўтобусы: 203, 262, 363, 277, 325, 357.
У часе фэсту будзе працаваць адмысловы бясплатны аўтобус, які будзе пастаянна курсіраваць ад МКАД з прыпынку «Малінаўка-6» (скрыжаваньне вул. Громава і Слабадской) да музэю і назад.
Аматары роварных падарожжаў ладзяць супольны выезд на фэст а 12:00. Збор ля крамы «Суседзі» на Громава, недалёка ад скрыжаваньня зь Ясеніна.