З Gmail можна цяпер тэлефанаваць і беларусам

Кампанія Google пашырыла магчымасьць тэлефанаваньня са свайго паштовага сэрвісу Gmail і для карыстальнікаў зь Беларусі. Цяпер наўпрост з гугл-чата можна тэлефанаваць на мабільнікі і стацыянарныя тэлефоны. Кошт званкоў на замежныя нумары параўнальна невысокі, але вось тэлефанаваньні па Беларусі — адныя з самых дарагіх у сьвеце.


Гэтак выглядае асобнае вакно Google для тэлефанаваньня

На мінулым тыдні сэрвіс тэлефанаваньня Google з паштовага акаўнту Gmail стаў даступным на 38 мовах, у тым ліку расейскай (беларускай у Gmail, на жаль, няма). Цяпер беларускія карыстальнікі наўпрост з вакна пошты могуць званіць на мабільныя і стацыянарныя тэлефоны ў 150 краін сьвету, у тым ліку і ў Беларусь.

Праўда, кошты на тэлефанаваньні па Беларусі — адныя з самых высокіх у сьвеце. Гэтак, званок на беларускі стацыянарны нумар каштуе $0.24, на мабільны — $0.27 за хвіліну. Плата за злучэньне адсутнічае. Напрыклад, тэлефанаваньне ў Аўганістан каштуюць на пяць цэнтаў таньней, чым у Беларусь, а ў рэвалюцыйную Лібію — на цэлых 8 цэнтаў таньней.

Агулам кошты на званкі ў Google крыху ніжэйшыя за яго асноўнага канкурэтна Skype, нядаўна набытага карпарацыяй Microsoft. Напрыклад, хвіліннае тэлефанаваньне ва Ўкраіну каштуе 7 эўра-цэнтаў (у Skype — 11.5 эўра-цэнтаў), у ЗША — 1 (у Skype — 1.9), у Францыю — 8 (у Skype — 16.9).

Для таго, каб тэлефанаваць наўпрост з вашага паштовага акаўнту, дастаткова ўсталяваць плагін для браўзера. Тады ў вакне гугл-чата зьявіцца выявы слухаўкі, якую трэба націснуць для тэлефанаваньня.

Магчымасьць званіць праз пошту Gmail у амэрыканскіх і канадзкіх карыстальнікаў зьявілася каля году таму. Званкі на тэлефоны, якія робяцца ў межах ЗША і Канады, можна рабіць бясплатна.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.