ВНУ зноўку падвысілі кошты на навучаньне

Для першакурсьнікаў кошты на навучаньне ўзьняліся ў сярэднім на 700 тысячаў, у некаторых выпадках да мільёну рублёў. Найбольшы рост — амаль на 20% — адбыўся ў БДТУ і Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце, а таксама на 18% — у БНТУ.


Як вырасьлі кошты на навучаньне ў беларускіх унівэрсытэтах (у мільёнах рублёў). Паводле БелТА і сайтаў унівэрсытэтаў

Рэктар БДУ ня выканаў свайго абяцаньня не падвышаць кошты на навучаньне болей, чым на 11%.

«Плянуем пакуль, і дакумэнты прадставілі міністэрству адукацыі, павялічыць плату за навучаньне на дзённую форму навучаньня — гэта каля 11%" , — казаў рэктар Сяргей Абламейка месяц таму ў сваім відэаблогу. Між тым рост коштаў склаў 14% ці прыкладна 900 тысячаў рублёў для першакурсьнікаў. Напрыклад, за права вывучаць эканамічнае права на юрфаку БДУ прыйдзецца выкласьці да 7.4 мільёны ў год.

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі падвысіў кошты на 15% ці 800 тысячаў па самых дарагіх праграміскіх і эканамічных спэцыяльнасьцях. Затое на дыстанцыйнае навучаньне кошты нават зьнізіліся. Праўда, толькі на 180 тысячаў.

БДУІР, дарэчы, адзіны на гэты момант унівэрсытэт, які афіцыйна абвясьціў кошты на адукацыю для студэнтаў 2–5 курсаў. Яны ўзьняліся нязначна — каля 6%. Гэтак, трэцякурсьнікі ФІТУ замест ранейшых 5.2 мільёны будуць плаціць 5.5 у год. Цэны на навучаньне студэнтаў 2-5 курсаў у астатніх ВНУ таксама падвысяцца, але пра іх студэнты даведаюцца, мабыць, ужо 1 верасьня.

Найбольшы рост — у менш папулярных унівэрсытэтах

Болей за ўсё адукацыйныя бюджэты прыйдзецца павялічыць сем’ям тых студэнтаў, якія вучацца ў БДТУ і БНТУ. У апошнім адукацыя будзе каштаваць да 6.43 мільёны на Архітэктурным факультэце, а ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце на ўсіх факультэтах нават болей — 6.63 мільёны. Рост — 18% і 19.5% адпаведна. Найменшы ж рост сярод вядучых унівэрсытэтаў адбыўся ў МДЛУ — там кошты ўзьняліся толькі на 11% да 5 мільёнаў за год навучаньня.

У рэгіёнах рост аказаўся нават больш значным за сталіцу. Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова ўзьняў кошты адразу на 20% (максымум, які ўсталявала Міністэрства адукацыі). Увогуле атрымліваецца, што кошты на навучаньне ў найбольш папулярных БДУ, БДУІР і БДЭУ паступова выроўніваюцца з унівэрсытэтамі «другога эшалёну». Тое наўрад ці падвысіць якасьць навучаньня ў рэгіянальных унівэрсытэтах, аднак можна адцягнуць сродкі на разьвіцьцё ў першых ВНУ краіны.

Прыватныя ВНУ узьнялі кошты яшчэ вышэй. Напрыклад, Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў падымае аплату адразу на 44%, Беларускі інстытут правазнаўства — на 17%, а ў інстытуце кіраваньня рэкордны рост болей за 50% з пачатку 2010 навучальнага года.

Папярэдняе падвышэньне коштаў на навучаньне адбылося ў разгар зімовай сэсіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучаньне прыйдзецца выкладваць на 20–25% болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.

За апошні год кошты на беларускую адукацыю ў сярэднім узьняліся на 35%. Гэта рэкордная лічба для ўсёй Эўропы. Цяперашні рост цэнаў беларускія ўнівэрсытэты тлумачаць ростам заробкаў выкладчыкаў, коштаў камунальных і транспартных паслугаў, іншых выдаткаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.