У Беларусі зьявіцца «першы сэрыял, дзе будуць размаўляць і па-беларуску, і па-расейску»
У Беларусі пачынаюцца здымкі моладзевага сэрыялу пра беларускую музыку, Менск і СНІД. Сцэнар піша паўсюдны драматург Андрэй Курэйчык, музыку — гурт «J:Морс», а грошы дае ААН. У якасьці дадатковай фішкі сэрыялу выкарыстаюць аўтары двухмоўе герояў: размаўляць у фільме будуць як па-беларуску, гэтак і па-расейску.
8-сэрыйны фільм «Вышэй за неба», які зьбіраюцца здымаць у Беларусі на грант Глябальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй, мусіць, як мяркуюць аўтары, стаць культавым сярод пакаленьня Y.
Як піша «Комсомольская правда в Белоруссии», паколькі грошы на праект вылучыў фонд ААН, то адной з галоўных задач фільму стане разбурэньне стэрэатыпаў, што склаліся ў беларусаў вакол ВІЧ. Але наўпрост на гэтую тэму ў карціне гаварыцца ня будзе.
«Да тэмы павінен быць сумленны падыход, — перакананы аўтар сцэнару і крэатыўны прадусар сэрыялу Андрэй Курэйчык. — Рэклямнага кіно ня будзе, а будзе спроба разабрацца ў праблеме».
Героі сэрыялу — музыкі рок-гурту — будуць «круціцца» ў цэнтры Менску:
«Усё павінна быць роднае і вядомае, тады зьявіцца элемэнт сумленнасьці, — лічыць крэатыўны прадусар. — Мы пакажам модныя месцы Менску — культавыя кафэ, галерэі, сквэры, дзе тусуецца моладзь, начныя клюбы. Фільм стане міні-энцыкляпэдыяй менскага жыцьця ўзору 2011 году».
Пра што фільм
Гэтак сьцісла падаюць аўтары сюжэт «Вышэй за неба»:
«Галоўны герой — лідэр моднага гурту Мікіта Міцкевіч. Мікіта харызматычны, разумны, жыве па сваіх прынцыпах і не гатовы імі паступацца дзеля грошай. Ён сьмелы і стылёвы — сапраўдная ікона для дзяўчынак і ўзор для хлопцаў.
Мікіта атрымлівае задавальненьне ад свайго жыцьця і ведае, што гэты сьвет выдатны. У Мікіты адбываецца барацьба за лідэрства з вакалістам яго групы Стасікам, які ўявіў сябе „зоркай“. Гурт болей на баку Мікіты. Але тут адбываецца падзея, якая перагортвае ўсё ягонае жыцьцё…»
Гурт будзе граць песьні, напісаныя «J:Морс’ам», а напярэдадні прэм’еры сэрыялу — 14 лютага 2012 году — дадуць сумесны канцэрт у Менску ў падтрымку фільма.
Як адзначае БелТА, героі сэрыялу будуць размаўляць і па-беларуску, і па-расейску. Па словах аўтараў, гэткі прыём «упершыню выкарыстаны» ў сэрыяле, каб па максымуму наблізіць фільм да беларускіх рэалій.
Дарэчы, зьняцца ў фільме можа кожны: для гэтага трэба паўдзельнічаць у кастынгу ў менскім офісе фонду ААН. Болей пра кастынг можна даведацца на афіцыйнай старонцы фонду.