Серыял «Вышэй за неба» выйдзе ў эфір 8 верасня

Моладзевы серыял, вакол якога ужо паўтары гады цягнецца скандал паміж сцэнарыстам Андрэем Курэйчыкам і замоўцамі з ПРААН, ўрэшце будзе прэзентаваны публіцы. Але не на тэлебачанні, як планавалася раней, а ў інтэрнэце.

Першая серыя выйдзе на партале Tut.by у гэту нядзелю 8 верасня. Інфармацыю пра паказ змясціў сайт Праграмы развіцця ААН.

У анонсе таксама не застаўся без увагі канфлікт з Андрэем Курэйчыкам, які зрабіў кіно на аснове матэрыялу серыяла і прэзентуе яго на кінафестывалях:

«Павага аўтарскіх правоў - адна з каштоўнасцяў цывілізаванага грамадства. ПРААН стварыла серыял «Вышэй за неба» ў першую чаргу не для ўзнагарод і «артхаусных» фестываляў. Серыял распаўсюджваецца бясплатна і даступны кожнаму. Калі вы ўбачыце відэаматэрыялы «Вышэй за неба» ў продажы альбо без суправаджае інфармацыі і лагатыпаў праваўладальнікаў (ПРААН, Глабальнага фонду), не падтрымлівайце парушальнікаў аўтарскіхправоў.

Папярэдне чакалася, што серыял выйдзе 14 лютага 2012 году, па задумцы ён мусіў ісці на беларускім тэлебачанні. Але гэтага не адбылося. Андрэй Курэйчык абвінаваціў ПРААН у цэнзуры, бо ў серыяле ўдзельнічаюць музыканты са спісу забароненых. ПРААН у сваю чаргу абвінаваціла сцэнарыста ў парушэнні аўтарскіх правоў. Фільм Андрэя Курэйчыка «Вышэй за неба» ўжо з'яўляўся ў Сеціве, аднак па зваротах праваўладальнікаў ПРААН яго копіі былі выдаленыя з асноўных крыніц.

Здымкі серыялу былі прафінансаваныя грантам Глабальнага фонду ў мэтах барацьбы са СНІДам і спынення дыскрымінацыі людзей, якія жывуць з ВІЧ.

comments powered by Disqus
 
In 0.0631 seconds.