Новыя правілы разьмеркаваньня: меркаваньне студэнтаў спытаюць у апошнюю чаргу

Міністэрства адукацыі агучыла новыя правілы прымусовага разьмеркаваньня, якія пачнуць дзейнічаць перашага верасьня ў межах Кодэксу аб адукацыі. Цяпер пазьбегнуць разьмеркаваньня стане яшчэ цяжэй, затое разьмяркоўваць у першую чаргу будуць ня толькі ў дзяржаўныя кампаніі, пры гэтым самога студэнта аб жаданым месцы працы будуць пытаць у апошнюю чаргу. Для нязгодных з сыстэмай разьмеркаваньня прапаноўваецца толькі адна «вопцыя»: дабравольна заплаціць адразу за ўсё навучаньне па максымальным тарыфе без суду.

Працяг адукацыі або дзіцё-інвалід 

Камэнтуючы новыя правілы разьмеркаваньня зацьверджаныя месяц таму, намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук назваў толькі дзьве прычыны, якія могуць дапамагчы бюджэтнікам пазьбегнуць прымусовага разьмеркаваньня. Гэта працяг адукацыі ў беларускіх ВНУ за дзяржаўныя грошы і дзіцё-інвалід, якога выпускнік выхоўвае. Аднак існыя льготы пры разьмеркаваньні, калі, напрыклад, выпускнік мае жонку ці мужа з пэўнага гораду і мусіць быць разьмеркаваны па месцы працы жонкі ці мужа, захаваюцца.

«Зь верасьня мы пераходзім на падрыхтоўку спэцыялістаў на дагаворнай аснове. Усе студэнты будуць заключаць дамовы, у якіх будуць агаворвацца ў тым ліку пытаньні разьмеркаваньня», — сказаў Жук.

У новых правілах разьмеркаваньня прыведзены пералік бакоў, меркаваньне якіх мусіць улічваць камісія па разьмеркаваньні. Найперш камісія разгледзіць,

  • як студэнт вучыўся і
  • «ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці»,
  • пасьля паглядзяць на сямейнае становішча,
  • месца пераддыплёмнай практыкі і
  • спытае прадстаўнікоў унівэрсытэту аб «мэтазгодным месцы накіраваньня».
  • І толькі ў апошнюю чаргу зьвернуцца да самога выпускніка.

Слова «мэтазгоднасьць» у правілах разьмеркаваньня не тлумачыцца, але Раман Дапіра, старшыня Рэспубліканскага савету старшыняў прафсаюзных камітэтаў моладзі, што вучыцца, пры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у сваім інтэрвію «Звяздзе» расшыфроўвае яго як «варыянт разьмеркаваньня, што ўлічвае наступныя фактары:

  • адпаведнасьць атрыманай спэцыяльнасьці,
  • магчымасьць прафэсійнай самарэалізацыі,
  • кар’ернага росту,
  • забесьпячэньне сацыяльных гарантый,
  • геаграфічнае разьмяшчэньне арганізацый з улікам асабістых абставінаў выпускніка».

Яшчэ адна навіна — прыярытэтнае «права на маладога спэцыяліста» акрамя дзяржаўных атрымліваюць і прыватныя арганізацыі. То бок калі заяўку на выпускніка даслалі адразу прыватная і дзяржаўная кампанія, то камісія цяпер ня будзе абавязаная адаслаць студэнта менавіта ў дзяржаўную арганізацыю. Але для таго, каб у час разьмеркаваньня прыватная кампанія атрымала аднолькавы статус зь дзяржаўнай, ёй трэба стаць «базавай». Што гэта значыць, у новых правілах не тлумачыцца. Але верагодна маюцца на ўвазе тыя кампаніі, што супрацоўнічаюць з унівэрсытэтамі: «дармова» набываюць ім тэхніку ці абсталёўваюць цэлыя паверхі ўнівэрсытэтаў за права атрымаць па разьмеркаваньні найлепшых выпускнікоў, як, напрыклад Epam ці IBA для БДУІР.

Магістранты будуць адпрацоўваць год ці два

Паводле Кодэксу аб адукацыі, разьмяркоўваць будуць нават пасьля платнай магістратуры — у тым выпадку, калі студэнт скончыў бясплатнае аддзяленьне альбо болей за палову тэрміну свайго навучаньня хадзіў у «бясплатніках». Тыя ж студэнты, якія скончылі платнае, альбо паступілі ў магістратуру пасьля году адпрацоўкі пасьля бясплатнага, вымушаныя будуць пасьля сканчэньня адукацыі паехаць на старое ці новае месца працы па разьмеркаваньні на год.

Няяснай застаецца сытуацыя з разьмеркаваньнем сёлетніх выпускнікоў, якія паступяць у платныя альбо замежныя магістратуры. Справа ў тым, што Кодэкс аб адукацыі ўступае ў сілу з 1 верасьня. А залічэньне ў магістратуру звычайна адбываецца раней за гэту дату. Ці распаўсюджваюцца новыя правілы разьмеркаваньня на выпускнікоў гэтага лета, пытаюцца выпускнікі. У дэканатах адказу ня маюць: «усё можа зьмяніцца», — кажуць, напрыклад, у БДУ на пытаньне студэнтаў аб неабходнасьці адпрацоўкі пасьля платнай магістратуры і бясплатнага «спэцыяліста».

Але прафсаюзьнік Раман Дапіра адказ на гэта пытаньне мае:

«З 1 верасьня пасьля ўступленьня ў сілу Кодэкса аб адукацыі, калі малады чалавек паступіць у магістратуру ў год заканчэньня першай ступені вышэйшай школы, то ён будзе адпрацоўваць свае два гады ўжо пасьля заканчэньня магістратуры», — заявіў ён у інтэрвію дзяржаўнай «Звяздзе». Калі лічыць словы лідэра праўладнага прафсаюзу за афіцыйную пазыцыю, то адпрацоўваць цяперашнім магістрантам за «мінулыя» адукацыі ня прыйдзецца.

«Расплачвацца зь дзяржавай за ўсе гады»

Аднак для астатніх справы выглядаюць ня вельмі сьветлымі:

«Свой доўг дзяржаве за бясплатнае навучаньне на першай ступені ў выглядзе працы па разьмеркаваньні ён [выпускнік] мусіць вярнуць. І нават калі малады чалавек едзе за мяжу, каб навучацца там у магістратуры, усё роўна яму абавязкова нагадаюць пра яго доўг, як толькі той вернецца на радзіму. Калі праца па разьмеркаваньні не ўваходзіць у яго жыцьцёвыя пляны, то яму давядзецца расплачвацца зь дзяржавай за ўсе гады свайго навучаньня», — кажа спадар Дапіра.

Прычым «расплачвацца» можна і наяўнымі:

«Яшчэ на этапе разьмеркаваньня выпускнік можа заявіць пра сваё нежаданьне працаваць […] і зьвярнуцца па разьлік сумы сродкаў, выдаткаваных на яго навучаньне. Пасьля ўнясеньня сродкаў ён зможа атрымаць даведку аб свабодным працаўладкаваньні, — кажа Дапіра. — Але я асабіста параіў бы спачатку паспрабаваць пераразьмеркавацца да таго наймальніка, у якога хацеў бы працаваць, а ўжо калі гэта не атрымаецца, задзейнічаць фінансавыя рычагі — вяртаць у бюджэт сродкі».

Калі ж хлопец ці дзяўчына адмовяцца плаціць добраахвотна, унівэрсытэт падасьць на свайго былога студэнта ў суд. Дарэчы, выніковая сума выйдзе большай у параўнаньні са звычайнай платай за навучаньне: у рахунак дададуць стыпэндыю і многія іншыя выдаткі, якія ў большасьці выпадкаў бярэ на сябе ўнівэрсытэт.

Generation.bY мае найбольш поўную ў байнэце калекцыю інфармацыі аб прымусовым разьмеркаваньні пачынаючы з 2003 году. Болей пра прымусовае разьмеркаваньне можна пачытаць па тэгу разьмеркаваньне. А пра апошнія вынаходніцтвы па сыходу ад яго— у нашай сэрыі:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.