Дзяржава абвясьціла аб рэзкім скарачэньні набору завочнікаў

Скароцяць найперш набор на аддзяленьні прыватных ВНУ. Завочнікаў у гэтых інстытутах стане адразу на 2.5 тысячы меней. Міністэрства адукацыі марыць давесьці лічбу студэнтаў завочнага да 30–40 тысячаў (цяпер кожны другі першакурсьнік — завочнік).

Як піша БелТА, у 2011 годзе плянуецца набраць ня болей за 60% абітурыентаў на завочную форму навучаньня, раней гэтая лічба дасягала 70%. Астатнія абітурыенты будуць залічвацца на дзённую форму навучаньня. У пэрспэктыве колькасьць завочнікаў будзе зьмяншацца ва ўсіх ВНУ краіны, заявіў намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук.

Мінадукацыя тлумачыць прагу да скарачэньня набору на завочнае імкненьнем падвысіць якасьць навучаньня. Найперш «пад нож» пойдуць месцы на эканамічных і юрыдычных спэцыяльнасьцях.

Зрэшты, агульнага скарачэньня прыёму, нягледзячы на значнае падзеньне колькасьці абітурыентаў, не адбудзецца. Проста болей будуць набіраць на платныя аддзяленьні дзённага.

Як піша interfax.by, цягам сёлетняй уступнай кампаніі на бясплатныя месцы змогуць прэтэндаваць толькі 33 тысячы чалавек, на платныя — каля 70 тысячаў. Пры гэтым амаль у два разы болей набяруць на платныя дзённыя аддзяленьні прыватных ВНУ, скараціўшы на 2.5 тысячы набор на завочнае.

Цягам двух наступных гадоў лічбы прыёму на завочнае плянуюць давесьці да 30–40 тысячаў (50% ад усіх студэнтаў).

Крыжовы паход Мінадукацыі супраць завочнага навучаньня супаў з пачаткам дзеяньня новай рэдакцыі закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», паводле якой права на адтэрміноўку губляюць усе студэнты завочных аддзяленьняў ВНУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.