Студэнтаў БДТУ пакаралі за допісы Vkontakte

Некалькі пяцікурсьнікаў Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту «на разьвітаньне» атрымалі вымовы за стварэньне фальшывай старонкі свайго выкладчыка ў сацыяльнай сетцы Vkontakte. Гэта ўжо ня першы скандал у адукацыйнай сфэры за апошні час, зьвязаны з гэтай сацсеткай.


Фота копіі прыказу аб вымове. Фота studzone.by

Афіцыйная вэрсія вымоваў для шасьці пяцікурсьнікаў БДТУ — «грубае парушэньне Правілаў унутранага распарадку студэнтаў БДТУ, якое выявілася ў незаконным разьмяшчэньні інфармацыі (фатаграфій) і абразьлівых выказваньняў у адрас аднаго з выкладчыкаў факультэту».

Як піша studzone.by, верагодна студэнтаў пакаралі за камэнтары на фальшывай старонцы загадчыка катэдры тэхналёгіі шкла і керамікі Івана Лявіцкага. Гледзячы па інфармацыі, разьмешчанай на неафіцыйных сайтах унівэрсытэту, спадар Лявіцкі мае ня надта станоўчую рэпутацыю сярод студэнтаў.

Цяпер старонка выдаленая, аднак гэта не перашкодзіла кіраўніцтву ВНУ вынесьці пяцікурсьнікам вымовы за некалькі дзён да сканчэньня ўнівэрсытэту. Паводле ўдзельнікаў інцыдэнту, на фальшывай старонцы выкладчыка нецэнзурных выразаў не было.

Некалькі дзён таму выкладчык гомельскага ўнівэрсытэту і палітычны актывіст Пётр Філон быў пакараны штрафам у 105 тысячаў рублёў за камэнтар пад уласным паведамленьнем Vkontakte, дзе прапанаваў сваім сябрам сустрэцца «на раёне». На судзе яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.